Вольга Захарава, Магілёў:
„Прыстойныя сем’і ў нас могуць стаць «праблемнымі», калі бацькі ўдзельнічаюць у акцыях пратэсту супраць Лукашэнкі. Міліцыя цісьне на нас праз органы апекі.
У канцы мінулага тыдня я нарэшце атрымала выпіску з пратаколу паседжаньня савету прафіляктыкі безнагляднасьці і правапарушэньняў непаўналетніх. Камісія сярэдняй школы №35, дзе вучыцца мая адзінаццацігадовая дачка, вырашыла, што ў майго дзіцяці ўсё добра. Але гэтага заключэньня давялося чакаць больш за месяц.
Я замужам ужо трынаццаць гадоў; у нас свая кватэра, лецішча, кожны год сям’ёй езьдзім у адпачынак на мора — па мясцовых мерках вельмі нават прыстойная сям’я. Аднак мая палітычная актыўнасьць рэзка зьмяніла стаўленьне мясцовых уладаў да нас — міліцыя пачала нас перасьледаваць.
Пры праверцы «на дабрабыт» было зроблена шэсьць запытаў. Разьлікова-касавы цэнтар даў даведку, што запазычанасьцяў у камунальных плацяжах у нас няма; у наркалёгіі ніхто з нас на ўліку не стаіць, у міліцыю прывадаў не было і на працы ў бацькоў праблем няма.
А самым непрыемным момантам стала нечаканае зьяўленьне школьнай камісіі ў нас дома. Адразу пяць чалавек на чале з намесьнікам дырэктара аднойчы ўвечары прыйшлі праверыць, у якім стане знаходзіцца наша кватэра, ці ёсьць спальнае месца ў дачкі і дзе яна робіць урокі. А яшчэ яны зазіралі ў лядоўню і шафы з прадуктамі.
Падставай для такой своеасаблівай праверкі стаў ліст намесьніка начальніка Ленінскага РАУС Магілёва Аляксандра Пушына ў аддзел адукацыі райвыканкаму. У ім Пушын адкрыта ўказаў на палітычны характар таго, што адбываецца («грамадзянка бярэ актыўны ўдзел у несанкцыянаваных масавых мерапрыемствах») і запатрабаваў «прыняцьця мер прафіляктычнага ўзьдзеяньня».
Ліст быў перанакіраваны з аддзелу адукацыі ў школу. І «мерай узьдзеяньня» аказалася так званае сацыяльнае расьсьледаваньне, вынікі якога цяпер і паступілі нарэшце ва ўсе інстанцыі. Пры неспрыяльным разьвіцьці падзей у сучаснай Беларусі такое расьсьледаваньне — гэта просты шлях да прызнаньня, што дзіця знаходзіцца ў сацыяльна небясьпечным становішчы, што можа прывесьці ягоных бацькоў да пазбаўленьня бацькоўскіх правоў.
Такой была патэнцыйная цана майго ўдзелу ў фатасэсіі салідарнасьці з пабітым міліцыяй рэнтгенолягам магілёўскай стаматалягічнай паліклінікі Андрэем Вярбіцкім. Мы, восем жанчын, 19 кастрычніка вырашылі сфатаграфавацца з партрэтам Вярбіцкага, каб потым адаслаць яму ў турму, дзе доктар тады знаходзіўся, зробленыя сваімі рукамі паштоўкі.
Не пасьпелі мы зрабіць здымак, як да нас пад’ехаў мікрааўтобус з АМАПам і ўсіх затрымалі. На нас склалі пратаколы пра ўдзел у несанкцыянаванай акцыі. Аднак у судзе справа стала развальвацца, тройчы яе матэрыялы адпраўляліся на дапрацоўку. Гэта значыць, рашэньня суду пра маю вінаватасьць дагэтуль няма, але камісія ўжо прыходзіла.
Таму на «online-паседжаньне» савету прафіляктыкі я запрасіла юрыста цэнтру «Вясна» Барыса Бухеля. Ён быў нямала зьдзіўлены формай дачыненьняў чыноўнікаў ад адукацыі. Спаслаўшыся на COVID-19, было вырашана правесьці афіцыйнае паседжаньне з дапамогай мэсэнджара. Гэта значыць, што рэальнага сходу не склікалі, размова ішла з карцінкамі на экране, а хто і як пры гэтым вёў пратакол паседжаньня — вялікае пытаньне.
Пры гэтым каранавірус раней не перашкодзіў прыйсьці камісіі ў нашу кватэру. Хоць артыкулу 23.34 КаАП няма нават у пераліку падставаў, якія даюць права падазраваць тую ці іншую сям’ю ў праблемнасьці. Інакш кажучы, перасьлед мяне ад пачатку быў незаконным.
Гісторыя была б няпоўнай бяз згадваньня яшчэ адной важнай акалічнасьці. Я выхоўвалася ў Чавускім доме-інтэрнаце, я сірата. Нягледзячы на гэта, змагла атрымаць дзьве вышэйшыя адукацыі, займалася дванаццацьцю відамі спорту, у некаторых зь іх кандыдат у майстры. Я вельмі цаню сваю сям’ю і гатовая за яе змагацца“.
Крыніца: Радыё Свабода