Галоўная » Міліцыянеры ў Магілёве прыкінуліся кліентамі і запрасілі хлопца «правесці інтэрнэт». А калі прыйшоў — затрымалі

Міліцыянеры ў Магілёве прыкінуліся кліентамі і запрасілі хлопца «правесці інтэрнэт». А калі прыйшоў — затрымалі

Незвычайную гісторыю свайго затрымання расказаў «Нашай Ніве» менеджар па продажах магілёўскага інтэрнэт-аператара «Транстэлекам» Дзмітрый Гутараў.

«Мяне заснялі «ціхары» на магілёўскіх акцыях 30 жніўня і 6 верасня. Міліцыя нібыта шукала мяне, але павестку я не атрымліваў. Яны прыйшлі па месцы прапіскі, але там не жыву.

І вось 21 верасня паступае званок майму непасрэднаму начальніку ад нібыта кліентаў, якія хацелі б, каб я правёў ім наш інтэрнэт, маўляў, персанальна мяне рэкамендавалі. Мне далі адрас, я туды прыехаў, але з машыны выйшлі тры чалавекі ў штацкім і затрымалі мяне», — расказаў Гутараў.

Пасля затрымання хлопца завезлі ў РАУС. «Сказалі, што калі не прызнаю віну, то пасадзяць у ізялатар», — тлумачыць ён.

Пасля 9 гадзін знаходжання ў міліцыі хлопец выйшаў з пратаколам па артыкуле 23.34.

7 кастрычніка суддзя Ленінскага раёна Магілёва Вікторыя Палякова прысудзіла Дзмітрыю Гутараву штраф 540 рублёў.

Фота: “Наша ніва”