Гэткі прысуд атрымаў былы малодшы лейтэнант міліцыі Мікалай Раеў, які летась разам з калегамі збіў двух мсціслаўцаў. Для айчыннага правасуддзя гэта рэдкі вырак для сілавіка за ўжыванне гвалту.
Два суды, знікненне доказаў, узаемныя пазовы – але ўсё ж гэта адбылося. Былога малодшага лейтэнанта міліцыі Мікалая Раева, які летась збіў двух наведнікаў РУУС, асудзілі на тры гады і пазбавілі звання.
Пацярпелы Аляксей Швядкоў кажа:
«Я чакаў, што будзе не крымінальны тэрмін, а які хатні арышт. Ці якая іншая замена, але як выйшла – крымінальны тэрмін. Я вельмі рады. Я думаю, што ў мсціслаўскага РУУСе будзе правяранне, каб ацаніць працаздольнасць працаўнікоў, якія гэтаксама шлі ў справе, хоць як і сведкі».
3 гады – найменшы магчымы тэрмін паводле 3 часткі 426 артыкулу: перавышэнне паўнамоцтваў, спалучанае з гвалтам. Праваабаронца Андрэй Бандарэнка кажа, што ў гэтым выпадку галоўнае не тэрмін, а сам факт таго, што міліцыянта асудзілі паводле крымінальнай справы за гвалт:
«Лёд крануся. І па меншай меры судовая сістэма цяпер адэкватна ставіцца да таго, што працаўнікі міліцыі могуць пераступаць закон і могуць прыцягвацца да крымінальнай адказнасці».
Сімвалічна, што праваахоўніка асудзілі праз некалькі дзён пасля эмацыйнага «разносу» Аляксандрам Лукашэнкам сілавікоў. Гэты выступ кіраўніка краіны меў свой уплыў на рашэнне суда – мяркуе праваабаронца:
«Была дадзеная адмашка на ўзмацненне ўвагі да такіх інцыдэнтаў, таму я мяркую, што гэта грала сваю ролю. І калі б не было такой пільнай увагі ад кіраўніка дзяржавы, усё абышлося б больш мяккім пакараннем».
Пацярпелы сцвярджае, што асуджаны – не адзіны, хто ўдзельнічаў у яго з сябрам Мікалаем Купчыным збіцці. Астатнія 7 міліцыянтаў праходзілі ў справе ў якасці сведкаў:
«Мяне трымалі, Купчына двое, хоць любы з працаўнікоў мог спыніць гэта ўсё. Мог не даць наносіць удары. Неяк спыніць Раева. Але ніхто гэтага не зрабіў. І ніхто не панёс кары за гэта».
Але абскарджваць рашэнне суда ён не плануе. Маўляў, задаволены і гэтым.
Ян Вярбіцкі, belsat.eu