Галоўная » Містычнае святло ў фарбах

Містычнае святло ў фарбах

Светадынамічны жывапіс Аляксандра Вышкі ў Магілёве выклікаў спрэчкі наведвальнікаў: што ёсць мастацтва і для каго яно?

У выставачнай зале этнаграфічнага музея Магілёва аматары наведвання мастацкіх выставаў пакідаюць захопленыя водгукі, а выпадковыя адразу пачынаюць крытыкаваць… Нагода для спрэчак –  адкрыццё цікавай і неадназначнай выставы: “Аляксандр Вышка. Lightvolume”, якую сам аўтар лічыць новым напрамкам у мастацтве, і якая наўрад ці каго пакіне абыякавым.

Артпраект Аляксандра Вышкі меў вялікі поспех у Віцебску, выклікаў фурор у Мінску, а вось у Магілёве пакуль амаль незаўважаны. Адны лічаць, што мы маем справу з надзвычай добрым сапраўдным мастацтвам, а іншыя параўноўваюць праект з нейкімі рытуальнымі паслугамі! Але, як мне падаецца, галоўнае тое, што ніхто не сыходзіць з выставы ў этнаграфічным музее без моцных эмоцый і з роздумам пра адноснасць рэчаіснасці ў розных спектрах свету.

У некаторых наведвальнікаў першае ўражанне сапраўды бывае негатыўным. Цёмныя чорна-шэрыя цёмна-карычневыя інсталяцыі і карціны на фоне задрапаваных цёмным матэрыялам сцен… могуць выклікаць боязь дэпрэсіўнага настрою або нежаданне ісці за думкамі аўтара ў шэрую неадназначнасць, у сферу паміж светамі, між святлом і цемрай. Той жа, хто здолеў прайсці за парог і пабыць больш за 10 хвілін нечакана пазбаўляецца ад гэтага адчування, прызвычайваецца і нават атрымлівае асалоду. І да ліку апошніх адносяцца не толькі людзі з містычным светапоглядам, не толькі тыя, хто любіць наведваць могілкі днём, а яшчэ лепш ноччу. Не, нават самыя звычайныя аматары прыгожай карцінкі знойдуць яе, але не адразу, трэба хаця б крыху прызвычаіцца да эстэтыкі майстра, падыхаць водарам, адчуць атмасферу праекта, і тады цёмныя фарбы адкрыюць вам сваю прывабнасць, а паўцені дазволяць распрыгоніць фантазію.

Як можна меркаваць, задума аўтара была ў тым, каб даць новае жыццё старым рэчам, зачараваць іх пацінай павуціння і прыглушаных вобразаў людзей і зданяў, а потым паказаць, як па рознаму яны выглядаюць у розным асвятленні. Гэтае рознае асвятленне нібыта рознае вымярэнне прымушае здзіўляцца, разважаць, спрачацца ў думках з мастаком.

Але паўтаруся, для атрымання асалоды для пранікнення ў гэтае мастацтва трэба пабыць на праекце хаця б 15, а лепш 30 хвілін, абысці залу пару разоў, скінуць з сябе шалупінне штодзённасці, мітуслівую беганіну, і тады вочы раскрыюцца, і магчыма прыйдзе напачатку здзіўленне, а потым і захапленне…

Сам Аляксандр Вышка вызначыў стыль у якім ён працуе, як “светадынамічны жывапіс” – эмацыйную эклектыку, якая свеціцца і прымушае ўяўляць і разважаць. Свой накірунак у мастацтве аўтар нарадзіў у Віцебску ў 2013 годзе. У працы ён улічвае дзівосную здольнасць фарбаў па рознаму свяціцца – рэагаваць на розныя крыніцы свету.

Трэба прызнаць – мастак свайго дасягнуў. Тэхнічна ён дамогся светлавой дынамікі разнастайна спалучаючы звычайныя і святлівыя фарбы. З дапамогай такой светлавой дынамікі аўтар, як ён сам кажа, дабіўся самавыказвання сваёй душы з усёй яе непрадказальнасцю, алагізмам, цудоўнымі пераўтварэннямі…

Супрацоўнікі музея напачатку даюць магчымасць пазнаёміцца з інсталяцыямі і карцінамі ў звычайным штучным асвятленні, затым прыглушаюць свет, і нарэшце яго зусім выключаюць. Рэчы ў розным асвятленні сапраўды выглядаюць па рознаму, а ў поўнай цемры некаторыя з іх яшчэ і свецяцца. Ты нібыта пагружаешся ў начную атмасферу, на столі з’яўляюцца зоркі. Асобныя прадметы свецяцца як месяц ці ліхтары. Кожны ўяўляе сабе сваю карціну ў гэтай зале.

Пачынаецца агляд з коцікаў і мышкі, але досыць небанальных.

Шмат месца прысвечана ахоўнікам ці ахоўніцам агню, скарбаў, часу, таямніц…

Самая незвычайная Венера з тых, што я пабачыў у жыцці.

Новае жыццё саксафона сябры.

Калі б запыталіся мяне, ці ёсць гэты праект мастацтвам, то мой адказ быў бы адназначным – безумоўна. У карцінах і інсталяцыях ёсць самавыказванне майстра, моцна адчуваецца аўтарская пазіцыя і ягоны светапогляд прычым у нязвыклай для сярэднестатыстычнага беларуса форме. Аформлена выстава з густам і нават выклікам у сваім непаўторным сталі.

Выстава працуе да канца года з 10-00 да 18-00 штодня, за выключэннем серады і чацвярга. Той, хто пераадолее стандартнасць успрымання карцін і жывапісу ў нашым жыцці, хто не баіцца вострых адчуванняў хутчэй за ўсё будуць задаволены. У любым выпадку ўражанні вам гарантаваны.

Алесь Верасень