Вярхоўны суд Беларусі ліквідаваў Беларускую асацыяцыю журналістаў (БАЖ), адзіную незалежную прадстаўнічую арганізацыю журналістаў і супрацоўнікаў СМІ ў Беларусі, і адну з найвыбітнейшых прыхільнікаў свабоды слова. Еўрапейская федэрацыя журналістаў (EFJ) і Міжнародная федэрацыя журналістаў (IFJ) рашуча асуджаюць гэты акт.
Вярхоўны суд Беларусі ліквідаваў ГА “Беларуская асацыяцыя журналістаў”, філіял EFJ і IFJ у Беларусі. Больш за 25 гадоў ГА “БАЖ” і яго сябры, больш за 1300 супрацоўнікаў медыя, садзейнічалі свабодзе выказвання меркаванняў і незалежнай журналістыцы ў Беларусі, рэалізацыі грамадзянскіх, сацыяльных і культурных правоў.
БАЖ уваходзіць у лік дзясяткаў арганізацый, якіх улады цяпер ліквідуюць. Гэта арганізацыі, якія працуюць у сферы культуры, аховы навакольнага асяроддзя і спадчыны, Беларускі ПЭН-цэнтр, Офіс па правах інвалідаў, Нацыянальны савет моладзі, Прэс-клуб Беларусь, арганізацыі, якія займаюцца гендэрнымі правамі і групы, якія падтрымліваюць пажылых людзей.
“Аляксандр Лукашэнка прыступае да поўнай ліквідацыі ўсіх слаёў грамадзянскай супольнасці Беларусі, — заявіў прэзідэнт EFJ Могенс Бліхер Б’ерэгард. — Гэта беспрэцэдэнтная чыстка, якая павінна мабілізаваць міждзяржаўныя арганізацыі. Мы заклікаем Еўрапейскі Саюз, Савет Еўропы, АБСЕ і ААН рашуча адрэагаваць. Ліквідатары і тыя, хто ладзіць рэпрэсіі павінны быць жорстка пакараны”.
“Мы будзем дапамагаць нашаму філіялу падтрымліваць іх існаванне і дзейнасць. БАЖ ніколі не здасца, — дадаў генеральны сакратар EFJ Рыкарда Гуцьерэс. —БАЖ як ніколі застаецца для нас адзінай прадстаўнічай арганізацыяй журналістаў у Беларусі. ГА “БАЖ” будзе працягваць падтрымку журналістаў і супрацоўнікаў СМІ”.