Намаганнямі яўрэйскай грамады і дзеячаў культуры ў Магілёве ў Міжнародны дзень памяці ахвяр халакосту прайшло некалькі памятных мерапрыемстваў: ускладзены кветкі да памятнага знака “Яўрэям Магілёва – ахвярам нацызму” і помніка над брацкай магілай на яўрэйскіх могілках; адбылася акцыя “Памяць жывая”, паказ фільма “Сведкі”, адкрыта фотавыстава на тэму халакоста, вечарына памяці пра людзей мастацтва з Магілёўшчыны – ахвяр нацысцкага генацыду.
Халакост (ад англ. Holocaust) ці Катастрофа еўрапейскага яўрэйства – гэта масавае знішчэнне нацыстамі еўрапейскіх яўрэяў у гады Другой сусветнай вайны. Нараўне з генацыдам армян у Асманскай імперыі з’яўляецца адным з самых вядомых прыкладаў генацыду ў XX стагоддзі.
У апошні час найперш на абшарах былога СССР халакост, як тэрмін пачынае выкарыстоўвацца ў шырэйшым сэнсе, як пераслед і масавае знішчэнне нацыстамі прадстаўнікоў розных этнічных і сацыяльных груп (савецкіх ваеннапалонных, палякаў, яўрэяў, цыган, гомасэксуальных мужчын, масонаў, безнадзейна хворых і інвалідаў і інш.).
Дзень памяці ахвяр халакосту 27 студзеня быў абвешчаны рэзалюцыяй Генеральнай асамблеі ААН яшчэ ў 2005 годзе. А сёлета Генасамблея ААН прыняла рэзалюцыю, у якой асуджае і абвяргае адмаўленне халакосту як гістарычнага факта.
У Магілёве прайшло некалькі мерапрыемстваў, прысвечаных дню памяці трагедыі яўрэйскага народа. Памінальныя малітвы былі прачытаны ля Памятнага знака “Яўрэям Магілёва – ахвярам нацызму” на рагу Першамайскай і былой Віленскай вуліцы і ля брацкай магілы на яўрэйскіх могілках горада.
У кінатэатры “Чырвоная Зорка” пры падтрымцы яўрэйскай абшчыны прайшла акцыя “Памяць жывая”, паказ фільма “Сведкі”, у фае арганізавана фотавыстава.
Музей Бялыніцкі-Біруля разам з Мілай Ізаксан-Балатоўскай правялі сустрэчу – успамін пра людзей мастацтва з Магілёўшчыны, чыё жыццё трагічна абарвалася ў крэматорыях лагераў смерці. Інтэрактыўныя заняткі з дзецьмі розных школ Магілёўшчыны будуць праведзены і ў наступныя дні.
Тася Лемон