Галоўная » Міжнародны дзень роднай мовы адзначылі ў Магілёўскай мытні

Міжнародны дзень роднай мовы адзначылі ў Магілёўскай мытні

Сёння родная мова, як і любоў да роднай зямлі, застаецца невычэрпнай крыніцай сілы і мудрасці нашага народа. Яна – аснова самабытнай і багатай культуры беларусаў, шматграннай і разнажанравай беларускай літаратуры.

 

Напярэдадні міжнароднага дня роднай мовы, які быў заснаваны ЮНЕСКА для захавання моўнай і культурнай разнастайнасці, у Магілёўскай мытні прайшло мерапрыемства, прысвечанае беларускай мове. У выкананні мытнікаў гучалі выдатныя творы беларускіх пісьменнікаў, народныя прыказкі, прымаўкі, загадкі, а таксама творы ўласнага сачынення. Мерапрыемства, прысвечанае дню роднай мовы для Магілёўскай мытні стала ўжо традыцыйным і з’яўляецца чарговым яскравым прыкладам павагі да беларускай мовы і неабыякавасці да яе лёсу.

 

Сённяшні час – гэта час пераацэнкі каштоўнасцей. Да нас паступова і цвёрда вяртаецца тое, без чаго нельга ўявіць сабе сучаснага беларуса-грамадзяніна: усвядомленая любоў да роднай краіны, гонар за яе людзей і яе поспехі, пачуцце адказнасці за яе будучыню, павага і пачуцце шчымлівай пяшчоты да яе мілагучнай мовы, ад якой мы некалі незаслужана адмовіліся і якая вярнулася ў наша жыцце як сапраўднае багацце. Міжнародны дзень роднай мовы 21 лютага – гэта яшчэ адна нагада задумацца аб яе лёсе ўсім нам, яе носьбітам – беларусам.