Галоўная » МММ у сельскай гаспадарцы Магілёўшчыны (махлярства, марнатраўства, мздаімства)? (Працяг)

МММ у сельскай гаспадарцы Магілёўшчыны (махлярства, марнатраўства, мздаімства)? (Працяг)

На прыкладзе буйнейшага сельскагаспадарчага прадпрыемства Магілёўшчыны ААТ “Новая Друць” Бялыніцкага раёна раней на старонках “Магілёўскага рэгіёна” ўздымаліся праблемы сельскай гаспадаркі вобласці, апісваліся негатыўныя працэсы, што адбываюцца на сяле з-за непрафесійных падыходаў кіраўніцтва розных узроўняў, уздымаліся пытанні марнатраўства фінансавых сродкаў (магчыма ў чыіхсьці інтарэсах, што называецца мздаімствам).

Не засталася па-за ўвагай на прыкладзе “Новай Друці” і тэма падбора кіраўнікоў і спецыялістаў гаспадарак, бо толькі за 2019 год у ААТ змянілася тры хвалі “канкістадораў”, як тады адзначалася на старонках “Магілёўскага рэгіёна”, што сталася своеасаблівым рэкордам не толькі ў Бялыніцкім раёне, а і для Магілёўскай вобласці.

Кожная хваля чарговага кіраўніцтва імкнулася пакінуць свой след у гісторыі гаспадаркі, у памяці працаўнікоў і жыхароў шматлікіх вёсак.

Да чэрвеня 2019 года дырэктарам гаспадаркі з’яўляўся А.Драздоў, які разам з гэтым у 2016 годзе быў абраны членам Савета Рэспублікі Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь. Але ў памяці людзей ён застаўся не дзякуючы высокай пасадзе дэпутата верхняй палаты беларускага парламента. Яго больш памятаюць як дырэктара, за часам якога з гаспадаркі сышлі найлепшыя мясцовыя кадры.

Наступную хвалю на “Новую Друць” у чэрвені 2019 годзе ўзначаліў новы дырэктар В.Шчуплянкоў, які прыйшоў на гэтую пасаду па пратэкцыі свайго роднага брата А.Шчуплянкова – тагачаснага старшыні Бялыніцкага, а яшчэ раней – Круглянскага райвыканкама. У людской памяці В.Шчуплянкоў застаўся як дырэктар, што адбыў на пасадзе меней трох месяцаў і разам са сваёй камандай канчаткова заваліў усе эканамічныя паказчыкі гаспадаркі.

З канца жніўня 2019 года на “Новай Друці” бушуе шклоўская хваля на чале з В.Закардонскім, які таксама вырашыў запісацца ў гісторыю гаспадаркі неардынарнымі паступкамі – спагнаць пэўную фінансавую кампенсацыю за нанесеныя са студзеня па верасень 2019 года матэрыяльныя страты са спецыялістаў гаспадаркі і, нават, з былых яе кіраўнікоў – Драздова і Шчуплянкова па 930,1 рубля з кожнага.

Падлягае вялікаму сумневу, што новаму дырэктару ўдасца атрымаць фінансавую кампенсацыю з былых кіраўнікоў гаспадаркі, але працуючыя спецыялісты і рабочыя гаспадаркі, якія звярнуліся за дапамогай да “Магілёўскага рэгіёна”, ужо адчулі важкі недахоп заробку за сакавік 2020 года. Недаатрыманне заробку сталася для працаўнікоў як гром сярод яснага дня, бо з загадам дырэктара аб утрыманні фінансавых сродкаў іх ніхто не азнаямліваў.

Дзякуючы доступу да складзеных задняй датай службовых дакументаў ААТ “Новая Друць” -службовай запіскі старшыні назіральнага савета Чалнакова ад 24 снежня 2019 года з рэзалюцыяй няведама каго на ўтрыманне з вінаватых нанесеных страт і загада дырэктара Закардонскага ад 28 снежня 2019 года за №164-П, які грунтуецца ўжо на рашэнні Назіральнага савета №16 ад 28 снежня 2019 года (якога ніхто не бачыў увачавідкі), праглядаецца поўны непрафесіяналізм і неадукаванасць цяперашняга кіраўніцтва.

Мабыць, Закардонскаму наканавана застацца ў людской памяці як самаму непрафесійнаму кіраўніку, імкнуўшамуся такім чынам прыхаваць падзёж буйной рагатай жывёлы і нанесеныя гаспадарцы страты ў памеры 32014,62 рублёў у часы дырэктарства сваіх папярэднікаў.

Пад раздачу, згодна загада Закардонскага, разам з Драздовым, Шчуплянковым і работнікамі жывёлагадоўлі, на ўтрыманне фінансавых сродкаў папалі аграномы, маркетолаг, упраўляючы падраздзяленнем гаспадаркі і, нават, чамусці, качагар кацельні Дома механізатараў, які раней працаваў загадчыкам і слесарам майстэрні па рамонту трактароў.

Назіраючы за негатыўнымі працэсамі, што адбываюцца ў сельскай гаспадарцы і непасрэдна ў ААТ “Новая Друць”, – прастойваючыя крухмальны завод і цэх па разліву мінеральнай вады, разваліны плантацыі па вырошчванні жэншэня, комплексы буйной рагатай жывёлы, дзе ад каровы надойваюць малака меней, чым ад добрай казы, за незасеенымі ўвесну і непрыбранымі ў восень палямі, за марнатраўствам, махлярствам, мздаімствам і дурасцю чыноўнікаў у адносінах да людзей, складваецца ўражанне, што сельскай гаспадаркай у Магілёўскай вобласці ніхто не кіруе, або прафесійны ўзровень чыноўнікаў і спецыялістаў сельскай гаспадаркі апусціўся да такога ўзроўня, што яны не здольны прымаць адэкватныя рашэнні.

Калі гэта нездольнасць чынавенства кіраваць сельскай гаспадаркай у склаўшыхся ўмовах, то кіраўніцтву вобласці тэрмінова неабходна прымаць меры па новых падыходах арганізацыі працы ў сельскай гаспадарцы.

Але ж, калі пад безгаспадарчасцю хаваюцца асабістыя інтарэсы некаторых чыноўнікаў і спецыялістаў, узнікае пытанне – чаму маўчаць праваахоўныя органы? Чаму, у першую чаргу, маўчыць і не прымае мер пракуратура?

А, можа быць, і ў супрацоўнікаў праваахоўных органаў за безгаспадарчасцю ў сельгаспрадпрыемствах таксама хаваецца свой інтарэс?

Рыгор Кастусёў