Спадзявацца на тое, што беларускі павадыр будзе ўшанаваны патомкамі, мабыць, не варта. Таму прыклады гістарычнага кшталту. Не паспелі беларусы ў 1953 годзе яшчэ “адгаласіць як дзеці” з нагоды смерці ”лепшага сябра беларускага народа” І.Сталіна, а Беларускае дзяржаўнае выдавецтва спыніла выданне твораў правадыра. У наступным, 1954 годзе, беларускія рэдактары пачалі выкідваць сталінскія цытаты з меркаваных да выдання рукапісаў навуковай і навукова-папулярнай літаратуры.
Калі 6 сакавіка 1953 года (І.Сталін памёр 5 сакавіка) у БССР адбылося 4970 жалобных мітынгаў і сходаў, на якіх прысутнічала 683 тыс. чалавек, з якіх выступіла каля 16 тыс., то ўжо 20 лютага 1954 года выйшла спецыяльная пастанова ЦК КПБ “Аб ачыстцы бібліятэк, кніжных фондаў магазінаў і баз ад палітычна шкоднай і ўстарэлай літаратуры”. Выкідваліся творы І.Сталіна, Л.Берыі і Л.Цанавы. Са зборніка “Правадыр народаў. Калектыўныя творы” (Мінск, 1940) выразалі старонкі, на якіх змяшчалася “Пісьмо Вялікаму Сталіну ад беларускага народа”. Дарэчы, у чэрвені 1956 года газета “Сталинская молодежь” атрымала новую назву – “Знамя юности”. І гэта быў толькі пачатак барацьбы з культам асобы.
Беларуская рэчаіснасць не багата на выдадзеныя творы А.Лукашэнкі, нават на рускай мове – іх, можно лічыць, зусім няма. Не рэкамендаваць жа выдавецтвам творы У.Падгола з падборкамі “крылатых” выразаў спантаннага характару беларускага прэзыдэнта, хоць яны маюцца ў бібліятэках У.Пуціна і А.Меркель. Характэрнымі ж для А.Лукашэнкі з’яўляюцца знявага да беларускага народа (наўрад ці які суд возьмецца за апраўданне узурпатара з мэтай абвінаваціць аўтара выразу), непрыманне іншадумства і, нават, беларускай мовы, самаўпэўненнасць у сваей невінаватасці ў трагічных падзеях на тэрыторыі Беларусі. Пандэмія каронавіруса дадала негатыву да успрымання народам так называемага прэзыдэнта, які надумаўся ў шосты раз атрымаць пасведчанне яго Вялікасці як раз у час пандэміі.
Беларускі народ церпіць узурпатара пакуль бачыць у ім апору для дабрабыту і перпектыву развіцця. Але ж апошнія гады ні развіцця, ні росту дабрабыту – усе авансы народа прэзыдэнту скончыліся, але цярпенне яшчэ трохі маецца (можа яшчэ і таму, што яго падтрымліваюць “сілавікі”). Дарэчы, калі-нікалі кіраўнік дзяржавы пераходзіць на беларускую мову, якую с пачатку ўладарання не ўспрымаў і змагаўся з ёй. Мабыць, гэта адзін з момантаў, калі трэба шукаць прыхільнікаў і на гэтым баку электарата.
Дарэчы, двудушнасць кіраўніцтва наконт мовы палітычна абгрунтаваная. Мова – адзін са складнікаў нацыі, а ігнараванне роднай мовы ставіць кіраўніка ў вельмі няёмкае становішча пры міжнародных стасунках. Вось і прыходзіцца кіраўніку і чэлядзі прыстасоўвацца да рэчаіснасці, бо яшчэ і па гэтаму складніку беларускаму жабраку грошай могуць не даць. Так што, на самай справе, зрухі ў бок беларускай мовы – ад нашай бядноты.
Характэрны прыклад: 2019 год ў Кітаі быў аб’яўлены Годам адукацыі Беларусі. І што рабіць з мовай? Правільна, да 2019 года ў Паднябеснай адкрылася сем цэнтраў беларускай мовы і культуры. У Цяньцзыньскім універсітэце замежных моў адбылася Міжнародная канферэнцыя “Літаратура ў культурнай прасторы Беларусі і Кітая”, прысвечаная народнаму паэту Беларусі Якубу Коласу. А як справы з мовай ў Беларусі на гэты момант? Можа хаця бы адна беларускамоўная школа прыбавілася? Зараз бацькі ваююць за беларускамоўныя класы і не заўсёды маюць дадатны вынік. Двудушнасць яшчэ тая.
Другая справа кітайцы. Яны, нават, адэкватна не пажадалі (а можа і не змаглі) перавесці назву “Беларусь” на кітайскую мову – мы ў іх значымся як Белая Русская Русь, ці Белая Расія. Усё заканамерна, бо нават сайт амбасады КНР у Беларусі функцыяніруе на рускай і кітайскай мовах. І кіраўніцтва дзяржавай гэта церпіць!
Калі немцы захапілі Беларусь, яны паклапаціліся аб адкрыцці якраз беларускамоўных школ – нават фашысты разумелі аб’ядноўваючую для нацыі ролю мовы. Чаму тады сучасная ўлада ігнаруе адзін з важнейшых складнікаў нацыі?
Пётр Мігурскі