Нядзельная онлайн-размова з апазіцыянерам па жыцці, вядомым беларускамоўным пісьменнікам, педагогам, грамадскім дзеячам Міхасём Булавацкім.
Вядомы магілёўскі пісьменнік і грамадскі дзеяч Міхась Булавацкі разважае пра сябе, більярд, стан беларускай мовы ў Магілёве, пра жыццё і асветніцкую дзейнасць ва ўмовах вымушанай бяздзейнасці.
Міхась, вы пісьменнік, грамадскі дзеяч, педагог. Я нічога не забыўся сказаць пра ваш афіцыйны жыццёвы статус?
- Я яшчэ і журналіст, і крыху палітык, і гулец (шахматы, більярд…), і крыху гісторык (на Свабодзе мяне неяк назвалі краязнаўцам, маючы на ўвазе публікацыі пра маю малую радзіму – вёску Восы-Калёсы); можна мабыць і яшчэ неяк абазваць.
А як вам уяўляецца, хто вы, як асоба найперш?
- Найперш я – настаўнік. Гэтую прафесію “падарыла” мне каханая аднакласніца. Яна, як паведамілі мне пасля выпускнога, збіралася паступаць у пед. Вось і я пасунуўся туды. Але яна з сваім срэбраным медалём вырашыла падацца ў БДУ. Не атрымалася. А я застаўся на фізмаце. Стаў настаўнікам. Напачатку не вельмі таму быў рады, але потым захапіўся і прыняў “падарунак”.
Традыцыйна я пытаюся пра непрафесійныя захапленні майго суразмоўцы? У вашым выпадку цяжка раздзяліць прафесійнае і непрафесійнае. Якія яшчэ свае захапленні вы маглі б адзначыць?
- Па жыцці я гулец. У маладосці я любіў гуляць ва ўсё – у гарадкі, у валейбол, у “казла”, у пінг-понг, у шашкі, шахматы, у крыжыкі-нулікі. Там, дзе па інваліднасці (у мяне з дзяцінства знявечаная нага) гуляць не мог, браўся судзіць. Яшчэ ў школе меў юнацкую судзейскую катэгорыю па валейболе і настольным тэнісе. Зараз адзіны ў Магілёве прафесійны (г.зн. з паперкай) суддзя па більярдзе, што дае мне невялікі заробачак. І спартыўныя баталіі – самыя мной любімыя тэлепраграмы.
Більярд у вашым жыцці гэта…?
- Гэта шматпрофільная дзея. Па-першае, гэта від адпачынку ад сядзення за кампутарам. Па-другое, гэта фізічныя практыкаванні, даступныя і ў маладым, і ў сталым узросце. Асабліва ў сталым. Бо тут нібыта моцнага здароўя не трэба, але калі пахадзіць дзве-чатыры гадзіны вакол стала і прыцэльна пастукаць кіем масай 700-800 г па шарах масай каля 290 г, то адчуеш стомленасць. Па-трэцяе, гэта сродак знаёмства з людзьмі, у тым ліку з людзьмі карыснымі. Напрыклад, ад більярдных знаёмых я маю заробак як рэпетытар. А калі я нядаўна патрапіў у лячэбніцу з каранавірусам, то самую істотную матэрыяльную падтрымку я меў ад сяброў па більярдзе (гэта вытлумачальна: у більярд гуляюць людзі не бедныя). Акрамя таго, гэта сродак экспарту сваіх поглядаў. Напрыклад, мае більярдныя знаёмыя раней агрэсіўна ставіліся да беларускай мовы. Зараз адносіны іншыя. Нават успамінаюць цікавыя беларускія прымаўкі, якія чулі ў дзяцінстве. А яшчэ ў нас раней былі супрацьлеглыя палітычныя погляды па розных аспектах жыцця. Цяпер адрозненняў значна менш.
- Дарэчы, гульнявая практыка дапамагае і па жыцці. Аднойчы, яшчэ ў СССР, я перагуляў (менавіта перагуляў) рэктара, які спрабаваў мяне звольніць з інстытута. Канфлікт вылез нават на старонкі маскоўскіх газет.
Заінтрыгавалі. Ці можаце распавесці больш падрабязна, якім чынам вы “перагулялі” рэктара?
- Гэта доўгая гісторыя. Калі-небудзь распавяду яе. Адзначу толькі некалькі аспектаў. Першае, што патрэбна для выйгрышу, – добра ведаць правілы гульні. У дадзеным выпадку законы. Рэктар не ўсе законы ведаў і дапусціў два праколы, якія я актыўна скарыстаў. Другое – правільны выбар суддзі. Суддзёй у маёй справе (пасля сапраўдных судоў і міністэрстваў, якія не столькі не змаглі, колькі не захацелі дапамагчы) стаў Гейдар Аліеў. Я неяк “вылічыў”, што ён можа дапамагчы. Вось жа бывае, што і дыктатар можа ў нейкай справе дзейнічаць дэмакратычна. Праўда, тады ён яшчэ дыктатарам не быў.
Яшчэ больш зацікавілі. Пры чым тут спадар Аліеў?
- Калі мае лісты ў міністэрствы і непасрэдна міністру народнай асветы СССР Пракоф’еву аказаліся безвыніковымі, я задумаўся: да каго яшчэ можна звярнуцца. Неяк у газеце прачытаў пра пасяджэнне камісіі па рэформе школы, якім кіраваў Г. Аліеў. І я падумаў: вось чалавек, які толькі-толькі ўвайшоў у Палітбюро ЦК КПСС і мае дачыненне да школы. А чалавек на новым месцы заўсёды хоча праявіць сябе нейкім станоўчым чынам. І я напісаў ліст адрасна – непасрэдна Г. Аліеву, адзначыўшы яго руплівасць у рэформе школы і распавёўшы пра свае праблемы, прывязаўшы іх да рэформы школы. Ліст на пяці аркушах, мяркую, Аліеву перадалі, бо лістоў з народа, адрасаваных непасрэдна яму, было няшмат. Магчыма нават, што мой ліст быў такім адзіным. І справа закруцілася. У інстытут прыехала нейкая грозная камісія з ЦК КПБ разбірацца па маёй справе. Пераканаліся, што памылкі рэктарам дапушчаныя і вынік таемнага галасавання вучонай рады (14:16 не на маю карысць) адмянілі. Пазней карэспандэнтка газеты “Известия”, якая тры дні ў Магілёве вывучала наш з рэктарам канфлікт, сказала, што гэта адзіны такі выпадак у гісторыі СССР. Праз паўгода было новае перавыбранне. Я застаўся працаваць у інстытуце.
Добра, вернемся да вас. Вы родам з Глускага раёна, а мы ўсе родам з дзяцінства. Як сказалася месца нараджэння на вашым лёсе?
- Месца не думаю, каб сказалася; калі б нарадзіўся ў іншым месцы Беларусі, лёс мог быць гэткім жа. Хутчэй сказаўся час. Бацька год назад з’явіўся з ГУЛАГу хворы і знямоглы. Але, бач, сіл хапіла, каб даць жыццё яшчэ аднаму чалавеку. Памёр праз год ад майго нараджэння. Маці гадавала мяне адна. Я неяк папрасіў: раскажы, як ты мяне нараджала. Яна ўсміхнулася: “Адпрацавала ў калгасе, прыйшла дадому, пацягала буракі з поля, нанасіла вады, пакарміла курэй, свіней, напаіла і падаіла карову, усё ўправілася, прынесла дроў у печ, легла і нарадзіла цябе. Добра, што была субота і назаўтра выходны. А ў панядзелак закруціла цябе ў пялёнкі і пайшлі мы з табой разам працаваць на калгаснае поле.” Пра нейкія дэкрэты-адпачынкі для жанчын-калгасніц (фактычна рабынь) тады не думалі. Мабыць, з таго “працоўнага” дня мне вельмі падабаецца пах ворнай зямлі.
Сёння такая гісторыя гучыць неверагодна.
- Наша вёска ў 1943 годзе на Вадохрышча была немцамі спалена. Там забітыя і згарэлі дзве мае сястрычкі 5 і 7 год і бабуля. Пасля вайны вёска аднаўлялася. Маці першай перасялілася з зямлянкі ў хату. Вось зараз думаю: якая магутная жанчына была! Гаворка, натуральна, не пра фізічную моц. У той хаце ўсёй вёскай адзначалі 30-годдзе савецкай улады. І я ўжо тады гугукаў нешта месяцам ад роду.
Такі няпросты пачатак жыцця што даў вам: моц, трываласць, вытрымку ці можа крыўду на лёс?
- Крыўды на лёс не было. Была крыўда на людзей, якія давалі паказанні следчаму. Але пазней прышло разуменне, што інакш ім было амаль немагчыма. Людзі выжывалі як маглі. Стрыечны брат маёй матулі прыйшоў да яе з павіннай: выбачай, даў паказанні на Пятра, інакш і мяне забралі б як зяця кулака высланага. Крыўда на лёс была ў майго старэйшага брата. Калі бацьку арыштоўвалі ў красавіку 1941-га, яму было 9 год. І ён далей жыў як прыціснуты, “сын ворага народа”. Праўда, неяк распрастаў плечы, атрымаў адукацыю, працаваў у лясной гаспадарцы больш за пяцьдзясят год. Але той надлом не мінуў, адчуваўся на працягу ўсяго жыцця.
- А што тычыцца маёй вытрымкі… З дзяцінства разумеў, што лёс будзе пакручасты. У вёсцы жыць не збіраўся, а як стаць гараджанінам не ведаў. Проста рыхтаваўся да складанасцяў жыцця. Таму доўгі час не думаў пра жаніцьбу, пра сям’ю. А калі пачаў думаць пра тое, было ўжо позна…
Пагаворым пра справы сучасныя. Міхась, вы старшыня Магілёўскай абласной арганізаці ТБМ імя Фрацішка Скарыны. Таварыства ўжо ліквідавана ці яшчэ дзейнічае?
- Справа ліквідацыі ў працэсе. Алена Анісім з Алегам Трусавым адбіваюцца як могуць. Але калі ўжо ліквідавалі Саюз беларускіх пісьменнікаў, “Бацькаўшчыну”, Таварыства беларускай школы, ПЭН-цэнтр, яшчэ нейкія беларускія грамадскія аб’яднанні, то чакаць іншага для ТБМ не выпадае.
Палітычная сітуацыя прымушае многіх маўчаць і не высоўвацца, а Кавід 19 – менш кантактаваць. І як сябры ТБМ “змагаюцца за мову” у такіх умовах. Дарэчы кАвід ці кОвід? Некаторыя знаўцы падкрэслена кажуць па беларуску кОвід.
-
- Наконт КОВІД ці КАВІД – залежыць ад таго, дзе ставіцца націск. Заўваж, я пішу COVID.
- Мова – гэта як бы і не палітыка, гэта адзін з важнейшых элементаў жыццядзейнасці. Таму змагацца за мову не варта. Трэба проста жыць з ёю. Карыстацца ёю ў побыце, у стасунках з людзьмі. Што і раблю.
- І, ведаеш, мова ў жніўні мінулага года набыла такі жыццесцвярджальны штуршок, што за яе лёс не варта турбавацца. Беларускія гімназіі і беларускія класы існуюць, беларускія кнігі выдаюцца. Моладзь паварочваецца да мовы. Марудна гэта робіцца, як нам падаецца, але няўхільна.
- Сovid перашкодзіў правядзенню “Беларускага пяціборства”. Такое інтэлектуальнае спаборніцтва для школьнікаў наша абласная арганізацыя пачала з 2001 года. Гэта як бы абласная алімпіяда, але не па адной дысцыпліне, а па пяці важнейшых – мова, літаратура, гісторыя Беларусі, матэматыка і прыродазнаўства. Нам далі дазвол на правядзенне пяціборства, прадказваючы, што ніхто на такое спаборніцтва не прыдзе, бо там патрабавалася адказваць на пытанні па-беларуску. Прыходзілі па 30-40 чалавек. Маем цікавыя назіранні. Яны выкладзены ў інтэрнэт-выданні “Каб не ўпадобіцца чыраю, або Як арганізаваць і правесці Беларускае пяціборства”. Апошнім годам пяціборства не праводзілася з-за гэтага віруса, але ўсё ж пяціборства адбылося 18 разоў, больш за 500 маладых людзей заразіліся бацыламі беларускасці…
Міхась, як я разумею, вымушаная бяздзейнасць – гэта не пра вас. Што персанальна вы робіце ў такіх умовах? Якое выйсце знайшла ваша прага да дзейнасці сёння?
- Пішу нейкія тэксты на мове, у тым ліку матэматычныя. Мой інтэрнэт-падручнік “Цалкам зразумелая трыганаметрыя” набывае попыт. Заказваюць, просяць даслаць. Маю багатую бібліятэчку літаратуры на мове, нешта раю і даю чытаць знаёмым. Некалі быў уражаны кнігай Міка Валтары “Сінухе егіпцянін”. Фін напісаў пра Егіпет трохтысячагадовай даўніны так, нібыта сам там жыў і ўсё бачыў. І пераклад высакаякасны. Зараз гэтую кнігу чытаюць іншыя. Камплект часопісаў “Наша гісторыя” таксама карыстаецца попытам у сяброў. Бяруць у мяне, чытаюць. Частку сваёй бібліятэчкі перадаў бібліятэцы імя Янкі Купалы. Там, дарэчы, некалькі разоў праводзіўся паэтычны конкурс “Сакавіцкае рэха”. Але і яго прыпынілі з-за Covid. Значны час аддаю на падрыхтоўку і перадачу ў дзяржархіў свайго асабістага архіва. Там больш за 3 тысячы лістоў ад настаўнікаў з розных канцоў СССР і замежжа, там мае публікацыі і неапублікаваныя тэксты, там выразкі з газет, тое, што мяне асабліва кранала, там кнігі, да выдання якіх маю нейкае дачыненне (самога здзівіла, што такіх кніг больш за 30), і кнігі з дарчымі надпісамі ад аўтараў ды шмат чаго іншага. Супрацоўнік архіва сказаў, што з усіх асабістых архіваў Магілёва, якіх больш за 40, мой самы цікавы. Калі цікавы, то й добра: людзі будуць заглядваць туды, нешта чытаць, выпісваць, вывучаць, даследаваць… Вось і гэты тэкст туды патрапіць.
Спадар Міхась, дзякуй. Гучыць пераканаўча. Пераходзім да вашай літаратурнай творчасці. Як вам уяўляецца, якія вашы творы маюць сваіх чытачоў сёння і якія будуць цікавыя вашым будучым чытачам?
- Як пісьменнік я яшчэ досыць малады, таму чытачоў “сваіх” у мяне зусім мала. Праўда, сярод іх ёсць людзі выбітныя. Пётру Садоўскага ўразіла маё апавяданне “Адно слова”. А наконт аповесці “Лена. Гісторыя жыцця” Уладзімер Арлоў выказаўся адным словам: “Магёш!” Вось гэты твор, мяркую, будзе цікавым і пазнейшым чытачам. Яшчэ мне асабіста падабаецца верш “Узлёт”. Ён спадабаўся і Рыгору Барадуліну. Мабыць, застануся ў гісторыі літаратуры як першы перакладчык твораў У. Высоцкага. Большасць маіх твораў (як і памянутыя тут) публікаваліся ў альманаху “Брама”. Але лепшыя мае творы, мабыць, яшчэ наперадзе. Калі Бог дасць колькі часу.
Дарэчы, а хто вашы найбольш шаноўныя ці любімыя беларускія пісьменнікі?
- У маладосці я захапляўся грузінскімі гістарычнымі раманамі. І думаў: чаму няма такіх раманаў з беларускай гісторыі? Няўжо наша гісторыя такая бедная, што там нічога цікавага не адбывалася? Зараз сітуацыя змяняецца, што добра. У свой час мяне вельмі ўразіў раман У. Караткевіча “Хрыстос прызямліўся ў Гародні”. Скончыўшы яго чытаць, я пачаў чытаць яго спачатку. Люблю В. Быкава. Больш за ўсё мне запомнілася яго малавядомае апавяданне “Сцюжа”. Гэта моцны псіхалагічны твор! Там пра энкавэдыста, які займаўся рэпрэсіямі людзей, а на пачатку вайны накіраваны “партыяй” у той жа рэгіён збіраць партызанскі атрад. Скурай адчуваецца яго страх, калі ён ходзіць сярод людзей, чыіх блізкіх ён адправіў у высылку ці ў лагер, і вымушаны з імі пра нешта гаварыць, а яны з ім гаварыць не хочуць. Яму здаецца, што кожны з іх хоча яго забіць. Кладзецца спаць з пісталетам пад падушкай і не можа заснуць… А прачытаўшы апошнія творы А. Адамовіча ў яго кнізе “Vixi”, я занатаваў у дзённіку: “Такое напісаць і – памерці!” Ранейшыя творы Адамовіча мяне краналі менш.
Міхась, напрыканцы размовы: якое пытанне вы хацелі б задаць сабе самі, і як бы вы на яго адказалі?
- Задаваць сабе пытанне, адказ на якое я ведаю, няма сэнсу. А задаваць пытанне, адказу на якое я не ведаю, небяспечна: будзеш толькі пакутаваць ад свайго няведання. І гэтыя пакуты стануць толькі перашкодай у тваім жыцці.
Спадар Міхась, дзякую за аповед пра сябе, за тлумачэнне сітуацыі з дзейнасцю Таварыства беларускай мовы ў сучасных умовах і дазвольце пажадаць вам здароўя. Сёння гэта актуальнае пажаданне нам усім, і, вядома ж, жадаю вам рэалізацыі новых творчых задум.
Алесь Верасень