Старажытны Мсціслаў на сённяшні дзень правінцыйны раённы цэнтр на Магілёўшчыне. Аднак вядомы горда перадусім сваёй багатай слаўнай гісторыяй, архітэктурнай спадчынай і славутымі ўраджэнцамі. Першы пісьмовы ўспамін пра Мсціслаў змяшчаецца ў грамаце князя смаленскага Расціслава, якая датуецца 1136 —1150 гг., хоць у пазнейшай летапіснай крыніцы падаецца больш ранняя дата заснавання паселішча — 1135. Пад 1156 годам Мсціслаў таксама згадваецца ў Іпацьеўскім летапісе як горад Смаленскага княства. Гісторыкі і археолагі так і не прыйшлі да адзінага меркавання да якой даты адносіць заснаванне горада. Аднак якая б не была прынята дата, Мсціслаў з’яўляецца месцам, дзе гісторыя адчуваецца літаральна на кожным кроку. Між іншым, менавіта сёлета спаўняецца 865 год з часу ўзгадкі Мсціслава ў Іпацьеўскім летапісе.
Нягледзячы на сваю старадаўнасць, важнасць для беларускай гісторыі і ўнікальнасць у плане захаванасці гістарычных і культавых помнікаў, горада не пазбаўлены ад савецкага налёту. Мсціслаў, дарэчы, адзін з тых гарадоў Магілёўшчыны, у якім няма помніка Лёніну, затое ёсць плошча і помнік Пятру Мсціслаўцу. Праўда савецкае мінулае дагэтуль уплывае на жыццё і свядомасць жыхароў Мсціслаўля. Адным з найяскравейшых прыкладаў гэтай тэзы з’яўляецца назва мясцовай газеты – Святло Кастрычніка”, дзе другое слова напісана з вялікай літары. Г.зн. што газета звязана з савецкім мінулым і не проста звязана, а хутчэй за ўсё ў нейкай ступені нават транслюе савецкія ідэі на Мсціслаўшчыне. Наколькі яны запатрабаваны гэта пытанне іншае. І гэта пры тым, што некаторыя газеты ў раённых гарадах Магілёўшчыны ўжо даўно змянілі свае савецкія найменні і гучаць больш сучасна ці хаця б адносна нейтральна, кшталту “Голас Касцюкоўшчыны”.
Лагатып мсціслаўскага перыядычнага выдання – спалучэнне неспалучальнага, а менавіта назвы “Святло Кастрычніка” і герба горада. Эклектычны гарадскі сімвал, які звязаны з багатай гісторыяй горада, неяк дзіўна глядзіцца на лагатыпу разам з назвай газеты, пакідаючы супярэчлівыя адчуванні. Каб пераканацца, што сучасная “раёнка” Мсціслаўля жыве савецкім мінулым варта звярнуць увагу на тое, што побач з найменнем газеты на эмблеме змешчаны надпіс невялікімі літарамі ”Выданне ўзнагароджана Ганаровай граматай Вярхоўнага Савета БССР”. Вось і атрымоўваецца, што ў старадаўнім горадзе з шыкоўнай архітэктурай, помнікамі гісторыі і археалогіі, прыгожымі вулачкамі, выходзіць “раёнка” з савецкай камуністычнай назвай “Святло Кастрычніка”.
Алесь Крыжэвіч