Вядомая беларуская мастачка Марыя Барысенка – з выгляду сціплая танклявая дзяўчына, – стварае вялізныя габелены, ужываючы і змешваючы ўсе вядомыя тэхнікі з розных кантынентаў: і разнастайныя еўрапейскія, і этнічныя афрыканскія, і старажытныя амерыканскія.
Марыя ўжо не першы раз наведала Бялынічы. У 2013 годзе ў музеі Бялыніцкага-Бірулі мела месца маштабная выстава яе твораў.
Той вельмі рэдкі від мастацтва, якім займаецца Марыя Барысенка невыпадкова атаясамляецца з музыкай – назвы яе твораў кажуць самі за сябе: “Джазавая скрыпка”, “Сэрца кантрабаса”, “Памяці сышоўшых музыкантаў”; на тэму “Бітлз” – “Yellow Submarine”, “Give Peace A Chance”; на тэму “Пінк Флойд” – “Dark Side Of Nhe Moon” і шмат чаго іншага.
З Бялынічамі таленавітую мастачку звязваюць творчыя сувязі – у калекцыі яе твораў ёсць габелен пад назвай “Блюз Белай Ночы”. Не складана здагадацца, што гэта праца наўпрост звязана з гуртом “White Night Blus” (у лютым 2015 года ў мінскім Палацы Рэспублікі праходзіла выстава “Блюз. Вяртанне”, на адкрыцці якой, у якасці ганаровых гасцей і гралі музыкі гурта “White Night Blus”).
Наведаўшы Бялынічы напярэдадні Новага года Марыя зрабіла прэзентацыю сваіх апошніх прац і самы сапраўдны майстар-клас па стварэнні габелена з удзелам усіх жадаючых, а таксама правяла папярэднія перамовы наконт наступнай выставы ў музеі Бялыніцкага-Бірулі.
Як і ў старыя добрыя часы абавязковай часткай сустрэчы было музычнае выступленне. Бялыніцкія музыканты – гітарыст Юрый Несцярэнка і бас-гітарыст Віктар Зайцаў сыгралі новую аўтарскую акустычную праграму, якая гучала ў аздабленні фантастычных выяваў карцін, зробленых з нітак і кавалачкаў каляровых тканін.
Марыя Барысенка з’яўляецца стыпендыянткай спецыяльнага фонда таленавітай моладзі, пераможцай шэрагу рэспубліканскіх конкурсаў пры падтрымцы Міністэрства адукацыі і Міністэрсва культуры. Яе працы знаходзяцца ў шматлікіх мастацкіх замежных і айчынных калекцыях.
Запрашэнне Марыі ў Бялынічы адбылося па ініцыятыве грамадскага аб’яднання “Пралеска” і асабіста Надзеі Салаўёвай.
Тэкст Дзмітрый Нікалаеў, фота з хатняга архіва Ю. Несцярэнкі