Цяпер яна забіта пад завязку, кажа музыка.
Людзі, якія вяртаюцца пасля арышту, масава хварэюць на каранавірус. «Радыё Свабода» паразмаўляла з людзьмі, якія захварэлі на COVID-19.
Захварэлі ўсе музыкі гурта «Рэха», адзін у шпіталі
«Спачатку ўсе чацвёра музыкаў апынуліся ў адной камеры на Акрэсціна. Потым Кастуся Лісецкага і Лёню Паўленку адправілі ў Жодзіна, я ўсе 15 дзён адседзеў на Акрэсціна. Лёня захварэў, Кастусь наогул трапіў у лякарню. Я таксама дрэнна сябе адчуваю, збіраюся здаць тэст на каранавірус» – распавёў Андрэй Такінданг.
Кастусь Лісецкі ўжо 10 дзён ляжыць у Магілёўскай абласной лякарні з двухбаковай пнеўманіяй і COVID-19. Падазрае, што падхапіў вірус у Жодзіне.
«У камеры было 10 чалавек, і ў многіх былі ўсе прыкметы каранавіруса: кашаль, людзі не адчувалі паху, а медыцынскай дапамогі наогул не было, у найлепшым выпадку маглі даць таблеткі, якія перадавалі ў перадачах. Больш нічога», – кажа Кастусь пра жодзінскую турму.
Пасля шпіталя давядзецца даседжваць тэрмін
З Жодзіна Кастуся Лісецкага перавялі ў Магілёў. А там лекары яму трапіліся адказныя. Калі адчуў, што ў яго гарачка, паклікаў фельчара, той памераў тэмпературу і адразу ж выклікаў хуткую дапамогу.
«Праз гадзіну прыехала «хуткая», тэмпература была 38,5. Паслухалі і адразу сказалі, што ў мяне дакладна пнеўманія. Забралі ў абласную лякарню, цяпер яна забітая пад завязку. 10 дзён таму ў маім аддзяленні было 37 чалавек, цяпер – 70.
Адразу прызначылі антыбіётыкі, гарманальны прэпарат. Зрабілі спачатку экспрэс-тэст, потым ПЦР – пацвердзіўся каранавірус. Кампутарнай тамаграфіі не рабілі, толькі здымак – яшчэ і пнеўманія.
Цяпер адчуваю сябе больш-менш нармальна. Але ў турме было вельмі дрэнна, я быў, як гародніна: калі б не выклікалі «хуткую», не ведаю, што было б. У фашыстаў былі газавыя камеры, у нас кавідныя», – уздыхае Кастусь Лісецкі.
Ён кажа, што вельмі дапамагаюць валанцёры, а таксама мясцовая абшчына Таварыства беларускай мовы – прыносяць перадачы, кнігі.
Да панядзелка музыку сапраўды будуць трымаць у шпіталі. А потым, хутчэй за ўсё, яму давядзецца даседжваць другую палову тэрміну – яшчэ 7 дзён.