…Ільінская гара, Ільінскія могілкі, цвінтар. Такія назвы мае пагорак, што знаходзіцца па вуліцы Чырвонаармейская ў Бялынічах, і з’яўляецца найвышэйшай прыроднай кропкай нашага горада. Назвы яго звязаныя з тым, што ў даўнейшыя часы тут стаяла Свята-Ільінская царква, узвядзенне якой вядомая легенда адсылае ажно ў першую палову ХІІІ стагоддзя.
Адзначым, што ў традыцыйнай народнай культуры асабістыя імёны займаюць важнае месца. Яны надзяляюцца магічнымі ўласцівасцямі, якія прысвойваюцца, у тым ліку і прыродным аб’ектам, што здаўна валодаюць магічнымі якасцямі, заснаванымі на веры ў звышнатуральнае, сакральнае. Шэраг назваў такіх аб’ектаў звязаны з гэтак званым “асноўным” міфам, сюжэт якога заснаваны на канфлікце паміж галоўным богам Грымотнікам і яго праціўнікам Змеем, што здарыўся на глебе здрады жонкі Грымотніка. Даследчыкі славянскай міфалогіі лічаць, што гэты міф найбольш поўна захаваўся менавіта ў Беларусі, дзе ў ландшафтнай міфалогіі шмат імёнаў, якія кадзіруюць Грымотніка і яго жаночую пару. У сувязі з гэтым этнографы згадваюць і паданне пра Ільінскую гару ў Бялынічах, у якім распавядаецца аб тым, што напрыканцы 1240 года на Кіеў напалі татары і чатыры манахі з Кіева-Пячорскай лаўры ўзялі з сабой старадаўнюю візантыйскую ікону і паплылі з ёй уверх па Дняпры. На Друці яны спыніліся на высокай гары, уначы здарыўся цуд – ікона заззяла чароўным святлом. Манахі палічылі, што сама Божая Маці дае ім знак заснаваць тут паселішча. Яны так і зрабілі: пабудавалі манастыр з царквой у гонар святога прарока Ільі.
Заўважым, што на Беларусі шмат пагоркаў, крыніц з найменнем Ільінскія (вёскі Абольцы Талачынскага, Стайкі Ушацкага, Радуша Жлобінскага, Гамарня Быхаўскага, г.п. Радашковічы Маладзечанскага раёнаў і інш.). У дзень святога Ільі і ў наш час каля гэтых сакральных прыродных аб’ектаў ладзяцца фэсты і праходзяць набажэнствы, што сведчыць аб непагаснасці народнай традыцыі, захаванні міфа.
Прарок Ілья з’яўляецца адным з самых вядомых святых Старога Запавету. Прысваенне маланкі і грому Ілью мае ў сваёй падставе абставіны, якія атачаюць гэтага святога ў старазапаветных паданнях. Прарок Ілья жыў у Палесціне ў IX ст. да н.э. Ён быў прызваны на прарочае служэнне ў валоданні цара Ахава, які пакланяўся Ваалу (Сонцу) і прымушаў яўрэйскі народ рабіць гэтак жа. Гасподзь паслаў Ілью да Ахавы, каб падказаць яму, што калі ён і яго народ не звернуцца да сапраўднага Бога, то ягонае царства напаткае голад. Ахаў не паслухаў прарока і ў краіну прыйшла засуха, вялікі голад. Ілья сказаў цару і ўсяму народу, што ўсе бедствы іх здараюцца таму, што яны забыліся на сапраўднага Бога і пачалі пакланяцца ідалу Ваалу. Каб даказаць памылковасць ізраільцян, Ілья прапанаваў зрабіць два ахвярнікі, Ваалу і Богу, і прынесці ахвяры кожнаму з іх. Спачатку зрабілі ахвярнік Ваалу, накідалі дроў, закалолі быка, а жрацы сталі маліцца. Але агонь з неба на Ваалаў ахвярнік так і не сышоў. Увечары Ілья зрабіў свой ахвярнік, паклаў дровы, паліў іх вадой і стаў маліцца. Нечакана з неба з’явіўся агонь, які падпаліў не толькі дровы і ахвяру, але ваду і камяні ахвярніка. Калі людзі ўбачылі гэты цуд, яны праславілі праўдзівага Бога і паверылі ў яго.
За сваё палымянае служэнне славе Божай прарок Ілья быў узяты на неба жывым у вогненнай калясніцы. Сведкам гэтага цудоўнага ўзыходжання стаў прарок Елісей. У Праабражэнні Гасподнім Ілья з’явіўся разам з прарокам Маісеем і размаўляў з Ісусам Хрыстом на гары Фавор.
У нашыя гэтыя дні раскопкі на Ільінскай гары праводзіць навуковы супрацоўнік аддзела археалогіі першабытнага грамадства Інстытута гісторыі Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі Алесь ВАШАНАЎ. Археалагічныя даследванні цвінтара звязаныя з тым, што да ХХVІІ Дня беларускага пісьменства, які 5-6 верасня бягучага года пройдзе ў Бялынічах, на Ільінскай гары запланавана пабудаваць праваслаўную капліцу. У адпаведнасці з дзеючым заканадаўствам, перад будаўнічымі работамі ў такіх гістарычных месцах і неабходна правядзенне археалагічных раскопак.
– На месцы будучай капліцы зроблены раскоп памерам 80 квадратных метраў, – распавядае Алесь Вашанаў. – Выяўлена каля 40 пахаванняў людзей, дзе пераважаюць дзіцячыя, што ўпаўне зразумела, паколькі ў ХVІІ- ХІХ стагоддзях дзіцячая смяротнасць была вельмі высокая.
Адносна часу пахаванняў, у прыватнасці, ранніх, сказаць пакуль што-небудзь канкрэтнае немагчыма. Для гэтага патрабуюцца дадатковыя даследванні, у тым ліку і антрапалагічныя, што і будзе рабіцца пасля завяршэння раскопак. Пакуль жа магу адзначыць, што раннія пахаванні магчыма датаваць ХVІІ стагоддзем.
Магілы выяўлены на розных узроўнях гары, яны характарызуюцца шмат’яруснасцю, сярод якой сустракаюцца і адна над адной, уключэнні. Яны размешчаны на глыбіні ад паверхні яе ад 1,6 метра да 20 сантыметраў. На думку археолага, гэта звязана з тым, што ў свой час Ільінская гара раўнялася, спляжвалася. У даўнія часы яна была значна вышэй. З гэтай прычыны сёння цяжка вызначыць і канкрэтнае месца, дзе ў свой час стаяла Ільінская царква.
Па завяршэнні раскопак увесь сабраны на Ільінскай гары археалагічны матэрыял для больш грунтоўнага даследвання будзе адпраўлены ў Інстытут гісторыі НАНБ. Таксама спецыялісты Следчага камітэта Беларусі правядуць ДНК-тэсты, патрэбны матэрыял для якога будзе ўзяты з плоскіх костак. Дадзеная тэхналогія імі ўжо добра адпрацавана. Дастаткова сказаць, што менавіта яны і па гэтым метадзе ў мінулым годзе ідэнтыфікавалі пахаванне Кастуся Каліноўскага. Такім чынам, праз нейкі час і карэнныя бялынічане змогуць даведацца аб тым, што на Ільінскай гары знайшлі свой апошні прытулак і іх далёкія сваякі.
Дапамогу ў правядзенні археалагічных раскопак на Ільінскай гары Алесю Вашанаву аказваюць бялынічане Уладзімір СТРАЛЬЦОЎ і Аляксандр ЮШКЕВІЧ, у апошні час да іх далучаюцца яшчэ па два-тры чалавекі.
– Мы жывём непадалёку ад гары, – распавядае Уладзімір Арцёмавіч. – Пенсіянеры. Чым дома сядзець, лепей дапамагчы археолагу. А работа гэта працаёмкая. Я на будоўлі працаваў, дык там, скажу вам, лягчэй было. Але і самім надта ж цікава. Столькі даведаліся пра Ільінскую гару, гісторыю Бялынічаў.
Алесь Вашанаў заўважыў, што памочнікі ў яго добрыя, яны ўжо самастойна разбіраюцца ў археалагічных нюансах, ведаюць, што, як і дзе рабіць.
Міхась КАРПЕЧАНКА
Фота аўтара і Алеся ВАШАНАВА
Крыніца: “Зара над Друццю”