У вёсцы Пудаўня Дрыбінскага раёну памерла 70-гадовая жанчына, у якой была выяўленая каранавірусная інфэкцыя і шэраг хранічных захворваньняў. Яе сьмерць стала першай вядомай на Магілёўшчыне ад COVID-19, піша Радыё Свабода.
У Дрыбінскім раённым цэнтры гігіены і эпідэміялёгіі кажуць, што ў Пудаўні (33 кілямэтры ад Магілёва) зафіксавалі некалькі выпадкаў заражэньня мясцовых жыхароў каранавірусам. Пацьвярджаюць і сьмерць жанчыны ад COVID-19.
«Яна была немаладая жанчына. Ёй было 70 гадоў. Цукровы дыябэт мела і ўсе спадарожныя яму хваробы», — тлумачаць сытуацыю дрыбінскія эпідэміёлягі.
13 траўня ў Дрыбінскім цэнтры гігіены і эпідэміялёгіі Свабодзе паведамлялі, што ў раёне не зафіксавана ніводнага выпадку каранавірусу.
Як піша «Наша ніва», жанчыну шпіталізавалі ў Магілёў, дзе яна знаходзілася на апараце штучнай вэнтыляцыі лёгкіх. Памерла ў шпіталі на мінулым тыдні. У вёсцы жыла адна і позна з хваробай зьвярнулася да мэдыкаў, бо лічыла, што гэта звычайная прастуда.
Свабодзе ў Пудаўнях мясцовыя жыхары расказалі, што каранавірус ім прынесьлі гастарбайтэры з Расеі. Па словах вяскоўцаў, цяпер кантакты першага ўзроўню на самаізаляцыі. Хворых жа вывезьлі ў Магілёў.
Старшыня Чэрвенскага сельсавету Аляксандар Кавалёў запэўнівае, што панічных настрояў у Пудаўнях няма.
«Вы ж ведаеце наш народ. Панікі ніякай няма. Ды й ускладненьняў асаблівых няма, — кажа ён. — Гэтая жанчына (памерлая) даўно хварэла. У яе ня толькі каранавірус, але з каранавірусам хваробы былі».
Пра колькасьць выяўленых выпадкаў каранавірусу на Магілёўшчыне афіцыйна апошні раз паведамлялі 9 красавіка. Той момант іх было зафіксавана 41.
21 траўня ў спэцвыпуску дзяржаўнай тэлерадыёкампаніі «Магілёў», прысьвечанай сытуацыі ў рэгіёне з пандэміяй каранавірусу, начальнік абласнога ўпраўленьня аховы здароўя Аляксандар Старавойтаў, гаворачы пра хворых на COVID-19, адзначыў, што іхная колькасьць «дастаткова вялікая».
Канкрэтнай лічбы ён не назваў, але зазначыў, што «больш за 40 працэнтаў, а гэта амаль 800 чалавек, цалкам паправіліся ад хваробы і зьяўляюцца здаровымі людзьмі са здаровым імунітэтам».
Гэтая публікацыя падрыхтаваная з выкарыстаньнем інфармацыі БелаПАН.