Улада ізноў пагражае праблемамі ў сям’і людзям з актыўнай грамадзянскай пазіцыяй.
Да жыхаркі Магілёва Вольгі Захаравай прыйшла школьная камісія. Яна спраўджвала ўмовы пражывання 11-гадовае Кіры – дачкі Вольгі.
Камісія цікавілася, на чым спіць дачка, якое ў яе адзенне і чым яна харчуецца.
«Я характарам вельмі моцная, але для майго мужа, для майго дзіцяці гэта быў стрэс то бок маё дзіцё вельмі хвалявалася пасля камісіі і задавала пытанні: мама, як да мяне будуць ставіцца ў школе?» – кажа Вольга Захарава.
Праз месяц «экспертыз» савет прафілактыкі быў вымушаны прызнаць, што прыкметаў сацыяльна небяспечнага становішча Захаравых няма. Падставаю для шэрагу неабгрунтаваных правяранняў сталася ейная актыўная грамадзянская пазіцыя – кажа Вольга.
«Рэальных прычын не было, я думаю, гэта палітычная матывацыя. «На дадзены момант ужо складзена 5 пратаколаў паводле артыкулу 23.34, на сённяшні момант мяне ўжо выклікалі некалькі разоў у суд, у следчы камітэт, пракуратуру і, я думаю, што на гэтым не скончыцца», – тлумачыць Вольга Захарава.
Паводле Захаравай, дакумент з просьбаю ўчыніць адносна яе правяранне ў раённы аддзел адукацыі прыйшоў з Ленінскага РАУСу Магілёва.
«Кіраўніцтва міліцыі ўзгадала савецкія часы, пастанавіла выкарыстоўваць досвед Савецкага саюзу, калі з кожнай нагоды дасылалі на працу, у органы апекі паперкі, што нібыта…», – каментуе праваабаронца Магілёўскай «Вясны» Барыс Бухель.
А насамрэч у пастанове Савету міністраў № 22 з 2019 года пералічаныя ўсе крытэры – паказнікі сацыяльна небяспечнага становішча, і сярод іх няма адміністратыўнага артыкулу 23.34.
«Як я кажу, моцныя свету знайшлі слабое месца. То бок яны не маглі іншым чынам націснуць, яны пастанавілі, што трэба ціснуць праз дзіцё. Што я ўцягваю дзіцё ў супрацьпраўную дзейнасць, нават прыводзілі прыклад, што гэта тое самае, што ўзяць дзіцё з сабой на крадзеж», – распавядае жыхар Магілёва Сяргей Лапуцін.
Бацьку 6-гадовае Жэні Сяргея Лапуціна спачатку выклікалі на камісію ў справах непаўналетніх, а пасля папрасілі падпісаць пракурорскае папярэджанне. Прычынай сталася з’яўленне Сяргея на пратэсце разам з дачкою.
«Як сказала маё дзіця, яна спытала: тата, гэта свята гораду? Я сказаў: так, калі-небудзь гэта станецца святам гораду ў нас», – пераказвае размову з дачкой Сяргей Лапуцін.
«Міліцыя ініцыюе гэтыя справы толькі з адною мэтаю – запужаць людзей, справы гэтыя ўсе ліпавыя, але мэта адна – запужаць людзей», – робіць вынік праваабаронца Барыс Бухель.
Паводле праваабаронцаў, актыўная грамадзянская пазіцыя бацькоў не можа быць падставаю для ціску на іхных дзяцей. Ва ўсялякім разе беларускае заканадаўства гэтага пакуль што не прадугледжвае.
Вольга Васільева, belsat.eu