Костныя парэшткі былі выяўлены падчас будаўнічых работ, якія праводзяцца ў трохкутніку паміж вуліцамі Бялінскага, Кірава і Крупскай. Нагадаем, тут ідзе будаўніцтва шматфункцыянальнага гандлёва-забаўляльнага цэнтра, які плануецца ўвесці ў эксплуатацыю ў 2022 годзе. Дзеля гэтага цэнтра ў мінулым годзе тут быў знішчаны прыватны сектар.
Як нам стала вядома, падчас работ па пракладцы камунікацый на самым краі праезжай часткі 15 верасня былі знойдзены чалавечыя парэшткі. Гісторык, сябар Таварыства аховы помнікаў Яўген Балбераў пракаментаваў нашаму выданню, што гэтыя парэшткі найбольш імаверна маглі застацца тут ад нямецкіх вайсковых могілак, якія знаходзіліся ў раёне перасячэння вуліц Бялінскага і Крупскай. Большая частка гэтых могілак размяшчалася ну супрацьлеглым баку дарогі, але некаторыя пахаванні маглі знаходзіцца і па той бок, дзе вядзецца будаўніцтва гандлёва-забаўляльнага цэнтра.
Самі вайсковыя пахаванні былі перазахаваныя ў 2010-х гадах. Ужо не першае дзесяцігоддзе гэтым займаецца нямецкая гуманітарная грамадская арганізацыя Volksbund Deutsche Kriegsgräberfürsorge (Народны саюз Германіі), якая вышуквае дробныя воінскія пахаванні салдат вермахтава Усходняй Еўропе і ажыццяўляе перанясенне парэшткаў у адно вялікае брацкае пахаванне. Верагодна, падчас перанясення вйсковых могілак на вул. Крупскай некаторыя парэшткі засталіся незаўважанымі.