Галоўная » На месцы Саборных могілак у Магілёве знайшлі скляпенні

На месцы Саборных могілак у Магілёве знайшлі скляпенні

Падчас правядзення работ па пракладцы труб на праспекце Міра ў Магілёве, недалёка ад дома №33 была выяўлена цагляная кладка і скляпенні з людскімі парэшткамі і фрагмент абразка.

Трохкутнік паміж вуліцай Крыленка і праспектам Міра, дзе зараз знаходзіцца сквер імя 60-годдзя Кастрычніка, з’яўляўся могілкамі яшчэ да 1960-х гадоў. Назва могілак паходзіць ад Іосіфаўскага сабора, што быў узведзены ў Магілёве ў 1780-1798 гадах у знак памяці пра сустрэчу ў Магілёве расійскай імператрыцы Кацярыны ІІ і аўстрыйскім імператарам Іосіфам ІІ. 

Дзеля пабудовы сабора Васкрасенская царква, што стаяла на тым месцы, была перанесеная сюды, на тагачасны ўскраек горада. Вакол яе выраслі Саборыя могілкі, на якіх хавалі пераважна заможных і высокапастаўленых гараджан праваслаўнага веравызнання. У гады ІІ сусветнай вайны тут былі пахаваныя таксама воіны Чырвонай арміі. 

Калі ў 1960-х гадах пачалося будаўніцтва праспекта Міру, гарадскія ўлады прапанавалі сваякам пахаваных на Саборных могілках людзей зладзіць перапахаванне парэшткаў. Сваякоў, аднак, захавалася няшмат, бо многія нашчадкі заможных магілёўцаў эмігравалі ці не перажылі рэпрэсіі 1930-х гадоў. У выніку пляцоўку пад сучасны сквер імя 60-годдзя Кастрычніка зраўноўвалі бульдозерамі.

Цяпер жа будаўнічыя работы па пракладцы труб выявілі некалькі чалавечых пахаванняў. У выкапанай рабочымі траншэі выявіліся два скляпенні, адно амаль разбуранае, а другое ледзь кранутае. Чалавечыя парэшткі ў першым пахаванні, гледзячы па іх памеры, належылі дзіцяці. У лепш захаваным скляпенні знойдзены парэшткі дарослага, на грудзях якога ляжаў абразок. Ад абразка захаваўся металічны аклад.

Зараз на месцы знаходкі працуюць археолагі з Магілёўскага дзяржаўнага універсітэта імя А. Куляшова.

Аляксей Бацюкоў