Як стала вядома праваабаронцам “Вясны”, напрыканцы лістапада 2021 года Магілёўскі міжраённы аддзел следчага камітэту ўзбудзіў у адносінах да палітвязня Мікіты Емяльянава крымінальную справу па ч. 2 арт. 411 Крымінальнага кодэкса – “Злоснае непадпарадкаванне патрабаванням адміністрацыі папраўчай установы, якая выконвае пакаранне ў выглядзе пазбаўлення волі, здзейсненае асобай, асуджанай за цяжкае злачынства”. Цяпер яму пагражае да двух гадоў зняволення.
У межах дадзенай крымінальнай справы Мікіта Емяльянаў ужо адмовіўся ад дачы паказанняў у якасці падазраванага. Вядома, што супрацоўнікі турмы склалі на палітвязня больш за 60 рапартаў за парушэнні рэжыму ўтрымання. Але сам Мікіта раней тлумачыў, што рэжым парушаў на знак пратэсту пастаяннага парушэння яго правоў адміністрацыяй турмы.
Таксама вядома, што 17 снежня Мікіту Емяльянава не выпусцілі са штрафнога ізалятара: у гэты дзень сканчаліся 30 сутак яго утрымання там за накладзеныя тройчы запар спагнанні. Хлопца пакаралі яшчэ трыма суткамі ШІЗА за міжкамерную сувязь.
Варта адзначыць, што пасля пяцідзённай галадоўкі Мікіты Емяльянава на знак пратэсту супраць змяншэння колькасці выдаваемай ежы, порцыі былі павялічаныя, хаця па-ранейшаму не адпавядаюць зацверджанным нормам. Напрыклад, колькасць бульбы і яек значна меншая за норму. Так, зняволены павінен атрымоўваць чатыры курыныя яйкі на тыдзень, але адміністрацыя турмы выдае толькі адно-два.
Праз гэта Мікіта быў запісаны на прыём да начальніка медчасткі турмы з заявай на атрыманне ад родных медыцынскай пасылкі да 50 кг, дзе сярод іншага можна дасылаць і ежу. Палітвязень аргументаваў неабходнасць атрымання пасылкі тым, што падчас доўгага знаходжання ў ШІЗА, а таксама праз галадоўку ў яго пагоршылася здароўе, і яму трэба добра сілкавацца, што не дазваляе ў адпаведным памеры турэмнае харчаванне. Але ў атрыманні такой пасылкі Емяльянаву было адмоўлена ўжо другі раз.
Нагадаем, Мікіта Емяльянаў — актывіст анархісцкага руху, асуджаны 12 лютага 2020 года судом Савецкага раёна г. Мінска да 7 гадоў пазбаўлення волі ў калоніі ўзмоцненага рэжыму. 27 сакавіка Мінгарсуд па апеляцыйнай скарзе зменшыў тэрмін Мікіце Емяльянаву — да 4 гадоў калоніі ўзмоцненага рэжыму. А з9 чэрвеня 2020 года быў пераведзены на строгі турэмны рэжым у Магілёўскую турму №4.Беларуская праваабарончая супольнасць прызнала Мікіту Емяльянава палітычным зняволеным і выступіла з патрабаваннем неадкладнага перагляду яго прысуду.