Ірына Пятроўна Забаўская – вядомая на Магілёўшчыне культарганізатар і рукадзельніца выставіла свае рэчы, якія зроблены ў аўтэнтычнай мясцовай традыцыі ручной працы: ручнікі, паясы, лялькі – абярэгі на выставе “Калядныя ўзоры” у Мінску і атрымала прызнанне – званне Народнага майстра краіны.
Апошнім часам вёска Вяззе пад Асіповічамі ўспрымаецца не толькі як месца, дзе класік беларускай літаратуры Максім Багдановіч у маленстве правёў вельмі важны час для станаўлення свайго светапогляду, але і як цэнтр сучаснай беларускай народнай культуры.
Сям’я Завадскіх ужо не адзін год услаўляе вёску Вяззе Асіповіцкага раёна. Мікалай Георгіевіч з’яўляецца кіраўніком народнага ансамбля народнай песні “Вязанка”. Ірына Пятроўна – канцэртмайстар і адна з салістак ансамбля, кіраўнік клуба аматараў традыцыйнага рукадзелля “Пасажніца”. Яна не толькі вывучае асаблівасці мясцовага асіповіцкага народнага строю, але і дзеліцца сакрэтамі майстэрства з землякамі.
Унікальныя працы пані Ірыны неаднаразова прадстаўлялі Асіповіцкі край на раённых, абласных, рэспубліканскіх, міжнародных фестывалях і конкурсах. Яе сарочка, якую яна спецыяльна пашыла для мужа, атрымала Гран-пры на свяце нацыянальнага касцюма ў 2020 годзе на Шклоўшчыне. У мінулым годзе Ірыне Пятроўне прысудзілі першае месца за аўтэнтычны ручнік. Сёлета яна свае андаракі, кашулі і фартухі адвезла на рэспубліканскую выставу і была ўдастоена звання “Народны майстар Беларусі”. Цяпер Ірына Пятроўна мае і нацыянальнае прызнанне.
Яе працы можна пабачыць у галерэі Мінскага абласнога цэнтра народнай творчасці, а затым да сярэдзіны лета ў Нацыянальнай бібліятэцы РБ.
Нашы віншаванні захопленай сваёй працай прадстаўніцы аўтэнтычнай плыні беларускай культуры!
Наш кар.
фото: sb.by