На раённым мастацкім музеі імя В.К. Бялыніцкага-Бірулі ў Бялынічах будзе беларускамоўны надпіс. Пра гэта паведаміла 30 мая падчас прамой тэлефоннай лініі з жыхарамі Бялыніцкага раёна намеснік старшыні бялыніцкага райвыканкама Ірына Фурсава.
З адпаведным пытаннем да І.Фурсавай звярнуўся выпускаючы рэдактар “Магілёўскага рэгіёна” Барыс Вырвіч. Журналіст хацеў даведацца, чаму да гэтага часу няма адказу на яго электронны зварот на імя старшыні райвыканкама Васілія Захаранкі, у якім ён прасіў перагледзець “бязглуздае і недарэчнае рашэнне, унесці адпаведныя змены ў праект, і размясціць на рэканструяваным будынку раённага мастацкага музея імя В.К. Бялыніцкага-Бірулі надпіс на роднай беларускай мове”.
Падставай для зварота стаў апублікаваны ў раённай газеце “Зара над Друццю” прадастаўлены Бялыніцкім райвыканкамам фотаздымак праекта музея, з якога высветлілась дзіўная акалічнасць – надпіс на рэканструяваным да XXVII Дня беларускага пісьменства раённым мастацкім музеі імя В.К. Бялыніцкага-Бірулі плануецца зрабіць на рускай мове.
Ірына Уладзіміраўна запэўніла журналіста, што надпіс на раённым музеі будзе на беларускай мове, рашэнне на гэты конт ужо прынятае. Таксама І.Фурцава паведаміла, што надпіс на ўваходзе ў парк «Ліпавы гай» у Бялынічах будзе прадубляваная па-беларуску.
І.Фурсава паабяцала Б.Вырвічу, што яна абавязкова разбярэцца, чаму на яго электронны зварот своечасова не даслалі адказ, сказаўшы пры гэтым, што яна сам зварот нават не бачыла. Ірына Уладзіміраўна запэўніла, што і яна, і іншыя бялыніцкія чыноўнікі з павагай ставяцца да роднай беларускай мовы
Неабходна адзначыць, што ў многіх у Беларусі выклікала здзіўленне і абурэнне тое, што падчас добраўпарадкавання ў горадзе Бялынічы, якое адбываецца менавіта да XXVII Дня беларускага пісьменства, шыльды і надпісы робяць на рускай мове.
Бялыніцкі райвыканкам “праславіўся” на ўсю краіну пасля таго, як у каментары «Нашай Ніве» кіраўніца аддзела ідэалагічнай працы, культуры і па справах моладзі райвыканкама Іна Ігнатовіч, сказала, што “ўсе ўжо замучыліся з беларускай”.
“Так, грамадская думка. Каб было толькі на рускай мове, бо ўсе ўжо замучыліся з беларускай. Таму пытанне адкрытае, будзем яшчэ абмяркоўваць. Музей усяго толькі на стадыі падмурка», –паведаміла чыноўніца.
У сваім артыкуле для “Магілёўскага рэгіёну” старшыня Партыі БНФ Рыгор Кастусёў выказаў меркаванне, што такое своеасаблівае стаўленне бялыніцкіх чыноўнікаў да беларускай мовы можна патлумачыць толькі іх манкуртызацыяй:
“У пераносным сэнсе словам “манкурт” вызначаюць чалавека, які страціў сувязь са сваімі гістарычнымі, нацыянальнымі каранямі, забыўшагася аб сваім родзе. А калі такая з’ява набывае масавы характар, як гэта адбываецца ў Бялынічах у рамках падрыхтоўкі мерапрыемстваў да правядзення ХХVII Дня беларускага пісьменства, то гэта ўжо называецца “манкуртызацыяй”.
Дзень беларускага пісьменства заснаваны ў 1994 годзе і адзначаецца штогод у першую нядзелю верасня. Ён праводзіцца для папулярызацыі лепшых традыцый нацыянальнай культуры, друкаванага слова, духоўнасці беларускага народа. Праходзіць у гістарычных і культурных цэнтрах, з якімі непарыўна звязана жыццё вядомых дзеячаў краіны. У верасні гэтага года свята павінна прайсці ў Бялынічах.
Іван Барысаў