Галоўная » «Нам ужо пішуць, каб было па-беларуску». У Бялынічах да Дня пісьменства робяць рускамоўныя шыльды

«Нам ужо пішуць, каб было па-беларуску». У Бялынічах да Дня пісьменства робяць рускамоўныя шыльды

У гэтым годзе Дзень беларускага пісьменства адзначаць у Бялынічах. Там цяпер ідзе добраўпарадкаванне да свята. Праўда, чамусьці шыльды робяць на рускай мове.

Адну з іх ужо змясцілі на ўваходзе ў парк «Ліпавы гай».

Фота з тэлеграм-канала radio_by

На абноўленым музеі мастака Бялыніцкага-Бірулі таксама плануюць надпіс па-руску.

У райвыканкаме кажуць, што такі варыянт у распрацаваным праекце. Але што будзе ў выніку, яны яшчэ не вырашылі.

«Нам ужо сталі пісаць, каб было на беларускай мове. Але і прыйшоў ліст, каб толькі на рускай», — пракаментавала «Нашай Ніве» кіраўніца аддзела ідэалагічнай працы, культуры і па справах моладзі райвыканкама Іна Ігнатовіч.

«Ад каго ліст, ад людзей?»

«Так, грамадская думка. Каб было толькі на рускай мове, бо ўсе ўжо замучыліся з беларускай. Таму пытанне адкрытае, будзем яшчэ абмяркоўваць. Музей усяго толькі на стадыі падмурка».

«Вам падаецца нармальным, што Дня беларускага пісьменства рускамоўныя надпісы?»

«Разумееце, тут дваістая сітуацыя. Дзень пісьменства будзе ў гэтым годзе, а надпісы застануцца назаўсёды».

Іна Ігнатовіч адмаўляе, што чыноўнікі ігнаруюць беларускую мову: калі будуць мяняць шыльды з назвамі вуліц, то зробяць іх на роднай мове.

Да прыкладу, аддзел ідэалогіі папрасіў зрабіць на камяні пазнаку па-беларуску, што ў гэтым ліпавым гаі знаходзіўся маёнтак Агінскіх.

Крыніца: “Наша ніва”

 

PS. Першым на тое, што надпіс на рэканструюемым да XXVII Дня беларускага пісьменства раённым музеі плануецца зрабіць на рускай мове, звянуў увагу журналіст “Магілёўскага рэгіёну” Барыс Вырвіч. Яшчэ 13 сакавіка журналіст накіраваў электронны зварот на гэты конт на імя старшыні Бялыніцкага райвыканкама Васілія Захаранкі. У звароце журналіст папрасіў галоўнага бялыніцкага начальніка патлумачыць, хто быў ініцыятарам такога “мастацкага аздаблення” раённага мастацкага музея імя В.К. Бялыніцкага-Бірулі, назваўшы канкрэтныя прозвішчы. Таксама Вырвіч прапанаваў В.Захаранка перагледзець гэта “бязглуздае і недарэчнае рашэнне, унесці адпаведныя змены ў праект”.

Адказу на свой зварот журналіст не атрымаў да гэтага часу…