Галоўная » Напісана першая гістарычна-прыгодніцкая «Кніга» пра Магілёў па беларуску. Фота

Напісана першая гістарычна-прыгодніцкая «Кніга» пра Магілёў па беларуску. Фота

Свет пабачыў першы мастацкі гістарычна-прыгодніцкі раман, падзеі ў якім наўпрост звязаныя з Магілёвам. Раман Алега Давіда Лісоўскага «Кніга» быў прэзентаваны 27 лістапада ў Выставачнай зале музея гісторыі нашага горада.

Кнігу прэзентуе дырэктар Музею гісторыі горада Аляксей Бацюкоў Падзея сабрала шмат цікаўных магілёўцаў Мастак Ігар Адамовіч Генадзь Галоўчык , гадзіннікавы майстар (аўтар гадзінніка на Ратушы), быў першым “бэта”-чытачом раману і падзяліўся сваімі ўражаннямі і заўвагамі

І гэта была не проста прэзентацыя новай кнігі, адначасова адбылося адкрыццё выставы ілюстрацый да гэтага рамана магілёўскага мастака Ігара Адамовіча. У экспазіцыі прадстаўлены графічныя працы мастака на гістарычныя тэмы і падзеі, якімі аздоблены старонкі новага рамана, а ў кнізе 16 такіх ілюстрацый. Акрамя іх, на выставе можна пабачыць мастацкія «рэканструкцыі» краявідаў роднага горада. Па словах Ігара Адамовіча, на стварэнне падобных карцін яго натхніла «Кніга» і праца над яе графічным афармленнем, мастак па-свойму ўгледзеўся на нашы звыклыя вулачкі і будынкі, паспрабаваў мастацкімі сродкамі аднавіць тое, што ўжо назаўсёды страчана.

Непасрэдна пад час прэзентацыі рамана, арганізатары імпрэзы зладзілі наўпроставую сувязь праз інтэрнэт з Алегам Лісоўкім. Аўтар распавёў пра акалічнасці напісання «Кнігі» і адказаў на пытанні магілёўцаў, што прыйшлі на прэзентацыю.

На прамой сувязі – Алег Лісоўскі з германскага горада Аўтсбургу Апладысменты аўтару ад удзячных магілёўцаў Старонкі рамана сярод мастацкай экспазіцыі Самыя ўважлівыя гледачы на выставе – гэта калегі-мастакі Цікавіць гісторыя роднага горада і маладое пакаленне Мастацкае ўвасабленне адной з самых значных падзеяў гісторыі Магілёва

І трошку пра сам раман «Кніга». Ён досыць вялікі – 440 старонак, і гэта нягледзячы на тое, што аўтар, Алег Лісоўскі, не прафесійны літаратар, а праграміст. Сюжэт кнігі абапіраецца на гістарычныя факты, якія паўплывалі на лёс Магілёва, і практычна ўсе падзеі адбываюцца ў межах горада. Сам Алег Давід Лісоўскі вядомы магілёўцам як краязнаўца і руплівы збіральнік гістарычных артэфактаў, звязаных з гісторыяй гораду, і перш за ўсё – старых фотаздымкаў. Ужо двойчы ў гэтай жа галерэі праводзіліся выставы ў межах праекту «Невядомы Магілёў», на якіх вялікую частку экспазіцыі складалі фотаздымкі з калекцыі Лісоўскага – «Выстава фотаздымкаў 1941 – 44 гг» і «Невядомы Магілёў – 1918. На разломе». Адзначым, што новая кніга – не першы літаратурны досвед аўтара. У 2018 годзе выйшла кніга перакладаў гістарычных тэкстаў перыяду 1678-1918 гадоў, якія Алег збіраў з розных крыніцаў, і якія непасрэдна датычныя Магілёва. Там былі сабраныя запісы з падарожных дзённікаў тагачасных еўрапейцаў, што бывалі ў Магілёве і апісвалі свае ўражанні, вытрымкі і артыкулы з разнастайных выданняў той пары, у якіх размова ішла пра наш горад.

Ну а на прыканцы імпрэзы аўтар ілюстрацый мастак Ігар Адамовіч зладзіў традыцыйную аўтограф-сесію.

Мастацкая рэканструкцыя страчаных каштоўнасцяў – касцёл Св. Ксаверыя і гатэль “Францыя”  Больш звыклы краявід, але з такога ракурсу старажытны будынак цяпер не ўбачыш І яшчэ старонкі рамана з ілюстрацыяй Аўтограф ад майстра. Можа, некалі ў магілёўцаў будзе магчымасць атрымаць подпіс і ад самога аўтара раману Алега Лісоўскага

Алесь Сабалеўскі. Фота аўтара