Аварыя адбылася ўвечары 31 снежня ў Асіповічах: практычна ўвесь горад застаўся без гарачай і халоднай вады, паведамляе Еўрарадыё.
Прычына — надзвычайнае здарэнне на водазаборы. Мясцовыя жыхары пішуць, што камунальнікі абяцалі вырашыць праблему максімальна хутка. Адначасова ў гарадскім чаце пачалося абмеркаванне, хто каму можа дапамагчы і прывезці вады.
Бліжэй да 20:30 жыхары Асіповічаў пачалі паведамляць аб з’яўленні вады, але бруднай і са слабым напорам. Атрымліваецца, што за тры гадзіны да наступлення Новага года праблема цалкам не вырашана.
У 2020-м праблемы з вадой у Беларусі былі не рэдкасцю, аднак часцей за ўсё пакутавалі ад гэтага мінчане: так, без нармальнай вады летам заставаліся жыхары Сухарава, увосень — “пратэставай” Новай Баравой.