Галоўная » “Навагодні падарунак” грамадзянам ад беларускіх уладаў

“Навагодні падарунак” грамадзянам ад беларускіх уладаў

Як нядаўна паведаміў журналістам міністр антыманапольнага рэгулявання і гандлю У.Калтовіч, кіраўніцтвам Беларусі падрыхтаваны чарговы “навагодні падарунак” грамадзянам краіны ў выглядзе планавага павелічэння тарыфаў на жыллёва-камунальныя паслугі.

Ілюстрацыйнае фота

Па словах міністра, ужо падрыхтаваны праект указа прэзідэнта аб павелічэнні з 1-га студзеня 2020 года тарыфаў на жыллёва-камунальныя паслугі для насельніцтва ў памеры 5 долараў ЗША ў эквіваленце ў разліку для тыпавой двухпакаёвай кватэры з трымя пражываючымі.

Згодна Антыінфляцыйнай праграмы, зацверджанай Пастановай Савета міністраў Беларусі і Нацыянальнага банка Рэспублікі Беларусь №658/12 ад 11 верасня 2018 года, у 2019 годзе пакрыццё насельніцтвам страт па ўсяму комплексу жыллёва-камунальных паслугаў (ЖКП) складзе каля 80,5%, а ў 2020 годзе беларускія ўлады плануюць дасягнуць пакрыццё насельніцтвам страт за спажытую электрычную энэргію на 100% пры падтрыманні 100% узроўня пакрыцця страт насельніцтвам, дасягнутага раней, за іншыя жыллёва-камунальныя паслугі (водазабяспячэнне, водаадвядзенне, вывазка смецця і т.д.). А выхад на 100% аплату насельніцтвам за газазабяспячэнне і ацяпленне пакінуць на далейшую перспектыву – да 2022 года.

Па разліках беларускіх уладаў, насельніцтва краіны ў 2018 годзе аплачвала 75,6%, ў 2017 годзе – 69,7% страт па ўсяму комплексу жыллёва-камунальных паслугаў, а ўсё астатняе, як даводзіць Міністэрства антыманапольнага развіцця і гандлю, субсідавала дзяржава.

На колькі памкненні беларускіх уладаў будуць адпавядаць рэчаіснасці – пакажа час. Але ва ўсіх дзяржаўных праграмных дакументах, што тычацца ЖКГ, адсочваецца пастаянная спроба чынавенства дасягнуць 100% аплаты насельніцтвам страт за жыллёва-камунальныя паслугі толькі за кошт павышэння тарыфаў за ЖКП для насельніцтва, а не за кошт паніжэння расходаў на іх вытворчасць.

Напрыклад, толькі з 2000 па 2005 гады тарыфы для насельніцтва за ЖКП, уключаючы  электра- і газазабяспячэнне былі павялічаны ў 50,7 разоў, пры тым, што рост спажывецкіх коштаў склаў усяго толькі 6,1 раза. Найбольш хуткімі тэмпамі тады раслі тарыфы для насельніцтва па аплаце за ацяпленне, тэхнічнае абслгоўванне жыллёвага фонда, электразабяспячэнне. Ужо тады, па дадзеных уладаў, напрацягу шасці гадоў, узровень пакрыцця плацяжамі насельніцтва на прадастаўленыя ЖКП узрос з 12% у 2000 годзе да 42,4% у 2005.

Падобная тэндэнцыя па фармаванні тарыфаў для насельніцтва за ЖКП захоўваецца і на сённяшні дзень. Акрамя чарговага павышэння тарыфаў 1 студзеня, чакаецца яшчэ іх пераразлік у бок падвышэння і ў сярэдзіне 2020 года. І так далей, як па коле – 1 студзеня і сярэдзіна 2021 года.

Дзяржаўнымі структурамі нават не разглядаюцца варыянты скіраваныя на рацыяналізацыю і зніжэнне страт вытворцаў жыллёва-камунальных паслугаў, што магло бы дазволіць стрыманню росту узроўня пакрыцця сабекошту ЖКП за кошт павышэння аплаты насельніцтвам, і дасягнуць росту пакрыцця насельніцтвам сабекошту ЖКП да 100% за кошт паніжэння страт на іх вытворчасць.

Дасягнуць зніжэнне страт на вытворчасць ЖКП без рэфармавання ўсёй сістэмы жыллёва-камунальнай гаспадаркі не магчыма. Бо рэформы патрабуць вялікіх кардынальных структурных зменаў, да якіх беларускае чынавенства проста не гатова. Таму вырашэнне праблемаў у сферы ЖКГ, у такім выпадку, лягчэй вырашаюцца перакладваннем гэтых праблемаў на плечы спажыўцоў ЖКП – грамадзян краіны, праз павышэнне тарыфаў на ЖКП.

У сферы ЖКГ краіны даўно назрэла неабходнасць кардынальных рэформаў праз:

-ліквідацыю манапалізма дзяржаўных камунальных прадпрыемтваў на пастаўку ЖКП і абслугоўванне жыллёвага фонда, забяспячэнне канкурэнцыі ў сферы ЖКГ праз дэманапалізацыю і стварэнне прыватных прадпрыемстваў;

-забяспячэнне прававых механізмаў і эканамічнай матывацыі для ўласнікаў жылля ў рэалізацыі іх права па ўпраўленні нерухомасцю і  яго захаванні праз стварэнне аб’яднанняў грамадзян па месцы жыхарства;

-удасканаленне сістэмы кіравання жыллёва-камунальнай гаспадаркай краіны на ўсіх узроўнях з ліквідацыяй шматлікіх прамежкавых структурных падраздзяленняў – ад Міністэрства ЖКГ да аддзелаў ЖКГ пры рай- і гарвыканкамах;

-павышэнне ўзроўня грамадзянска-прававых механізмаў кантролю і адказнасці за колькасцю і якасцю аказваемых паслугаў з мэтай абароны інтарэсаў спажыўцоў;

-пазбаўленне прадпрыемстваў ЖКГ непрофільных аб’ектаў, перададзеных на іх баланс рашэннямі рай-, гарвыканкамаў, поўная забарона падобнай практыкі;

-развіццё ў сістэме ЖКГ энэрга- і рэсурсазберагаючых тэхналогій, з прыцягненнем да гэтых пытанняў навуковых установаў краіны, і з улікам сусветнага досведа;

-рэфармаванне сістэмы падрыхтоўкі кадраў для сферы ЖКГ краіны;

-удасканаленне сістэмы ільгот, дыферэнцыяцыя аплаты за ЖКП у залежнасці ад якасці жылых памяшканняў і іх месцазнаходжання;

-стварэне ўмоваў для матэрыяльнай зацікаўленасці насельніцтва па ўсталяванні індывідуальных прыбораў уліку і рэгулявання паслуг цеплазабяспячэння і вадаспажывання.

Пакуль беларускае чынавенства не зразумее неабходнасці правядзення рэформаў у сферы ЖКГ краіны, грамадзяне і надалей будуць атрымліваць вось такія штогадовыя падарункі да Новага года.

Старшыня Партыі БНФ Рыгор Кастусёў