Упрыгажэннні ў Крычаве падчас святочных калядных тыдняў не адрозніваюцца ад суседніх гарадоў. Елка ў цэнтры горада, што аздоблена рознакаляровымі шарамі і лямпачкамі, якія гараць увечары, аднак прыцягваюць няшмат людзей да сябе.
У Крычаве навагодніх елак пастаўлена некалькі, у розных частках гораду, бо ён значна большы, чым суседнія гарады. Усё як звычайна, праўда, сёлета частку бетонных слупоў вырашылі упрыгожыць хваёвымі лапкамі. Большую частку слупоў цэнтральнай вуліцы Камсамольскай вырашана было аздобіць менавіта такім чынам. Ад возера Маладзёжнага (былы кар’ер па здабычы крэйды) і да плошчы Леніна (кумір мясцовых вертыкальшчыкаў) у старой частцы гораду паабапал, час ад часу, трапляюцца слупы ўпрыгожаныя хваёвымі лапкамі. Прычым лапкі размяшчаюцца ў сцягштоках, якія масава вешаліся на слупы яшчэ ў савецкія часы. Хваёвыя лапкі ў жалезных сцягштоках цікава спалучаюцца з палосамі правільнага, чырвона-зялёнага колеру на слупах. Калі ў Магілёве карацелі завялі ўгалоўную справу на жыхара, які пакідаў на слупах бчб-палосы, то ў Крычаве “доблесныя органы” могуць спаць спакойна. У горадзе ўсе бетонныя слупы маюць палосы правільных колераў. Вось толькі з новымі жалезнымі слупамі яшчэ недапрацавалі, бо яны яшчэ без “правільных” палос. Што ж, магчыма, гэта будзе моцным піяр-ходам мясцовага чынавенства напярэдадні Усебеларускага сходу ў лютым. Акцыя “Пафарбуем слупы ў правільныя колеры” будзе чарговым праектам для ўзрастання турыстычнай прывабнасці горада ў “Год народнага яднання”, аб’яўлены Аляксандрам Рыгоравічам з экранаў зомбаскрыняў.
Упрыгожыць сцягштокі іншай канструкцыі вырашана было і каля самаходкі СУ-100, што знаходзіцца каля аўтастанцыі Крычава. Прычым такім чынам былі аздоблены ўсе чатыры сцягштока, якія лакалізуюцца каля самаходкі. Дзіўнаватае ўпрыгажэнне і яшчэ больш дзіўнае месца для аздаблення. Больш падобна на тое, што лапкамі спрабавалі замаскіраваць баявую адзінку, якая вось-вось з’едзе з пастамента.
Алесь Крыжэвіч