Таццяна Меньшыкава была заўважаная ў Смаленску на мерапрыемстве сярод адыёзных «рускамірцаў» і шавіністаў, піша mspring.online.
У сярэдзіне лістапада ў Смаленску прайшоў ўсерасійскі гісторыка-адукацыйны форум студэнтаў «Парад эпох». Яго мэтай арганізатары назвалі «развіццё і ўмацаванне асноў патрыятычнага выхавання, стымуляванне ў моладзі цікавасці да вывучэння ваенна-гістарычнай спадчыны Расеі». Лепш за ўсё сутнасць падзеі дэманструюць фота, на якім падлеткі вывучаюць зброю.
Па нейкай прычыне вывучаць расейскую вайскова-гістарычную спадчыну паехала намеснік начальніка Галоўнага Упраўлення ідэалагічнай работы і па справах моладзі Магілёўскага абласнога выканаўчага камітэта Таццяна Меньшыкава.
У магілёўскай прэсе абгрунтаванне яе візіту знайсці не ўдалося, але смаленскае аддзяленне Расійскага саюза моладзі (РСМ) постфактум раскрывае карты – менавіта яна там прадстаўляла Магілёў.
Нагадаем, скандальная гісторыя здарылася з Таццянай Меньшыкава паўтара месяца таму. Тады яна падпісалася пад правядзеннем у Магілёве форуму спартыўна-патрыятычных клубаў, а ў выніку ўдзельнікі мерапрыемства фатаграфаваліся з перавернутым дагары нагамі дзяржаўным сцягам Рэспублікі Беларусь.
У Смаленску кампанію намесніку галоўнага ідэолага Магілёўскай вобласці склалі адыёзныя прадстаўнікі «рускага свету» з аргкамітэта па стварэнні ў Беларусі прарасейскага руху «Грамадзянская згода» Арцём Агафонаў і каардынатар гэтага фарміравання па Магілёўскай вобласці Мікалай Рахманаў. Апошні родам з Асіповічаў і да яго ў будучыні трэба было б прыгледзецца бліжэй – Рахманаў скончыў чэшскую школу асабістай бяспекі, працаваў ахоўнікам, прафесійна выкладаў адзінаборствы. Устаноўчы з’езд гэтага руху быў праведзены толькі ў чэрвені гэтага года, што кажа аб верагоднай запозненай фінансавай падтрымцы гэтай ініцыятывы з боку Расеі.
Форум жа «Парад эпох» праводзіўся з 15 па 16 лістапада ў рамках федэральнай дзяржпраграмы «Патрыятычнае выхаванне грамадзян Расійскай Федэрацыі на 2016-2020 гады». Партнёрамі мерапрыемства выступілі Верхнядняпроўскі ваенна-спартыўны клуб «ПДВ» і КУОС “Вымпел-Смаленск”, якія прафесійна займаюцца ваеннай падрыхтоўкай і ідэалагічнай накачкай падлеткаў.
Вядома, што ад Беларусі ўдзел у форуме таксама прымалі функцыянеры БРСМ і Валерый Перавозчыкаў, старшыня Ваенна-патрыятычнага клуба «Патрыёт» (не блытаць з прабеларускімі спартыўнымі клубамі «Патрыёт» з Бабруйска і Мінска). Маладыя хлопцы тут знаёміліся з мінамі і выбухоўкай:
У першы дзень форуму прайшла канферэнцыя «Вялікія расійскія рэфарматары: гісторыя і сучаснасць», а ключавым складнікам стала сустрэча ўдзельнікаў з віцэ-прэзідэнтам Асацыяцыі ветэранаў групы «Вымпел», ветэранам Упраўлення “В” Цэнтра спецыяльнага прызначэння ФСБ Расіі, палкоўнікам запасу Уладзімірам Сіланц’евым. Ён вучыў, як трэба працаваць з моладдзю і якую стратэгію трэба абраць для працы са студэнтамі.
Да ведама: Група «Вымпел» была створана ў 1981 годзе ў складзе ўпраўлення «С» (нелегальная выведка) Першага галоўнага ўпраўлення і была прызначана для правядзення спецыяльных аперацый за межамі СССР. Сучасная назва групы «Вымпел» – Упраўленне «В» ЦСН ФСБ Расіі.
Першапачаткова задачай групы «Вымпел» былі дыверсіі, нелегальная выведка, стварэнне агентурных сетак, захоп і дастаўка асоб, якія валодаюць каштоўнай інфармацыяй, ажыццяўленне дзяржаўных пераваротаў за мяжой.
Па некаторых звестках, Упраўленне «В» ЦСН ФСБ Расіі прымала ўдзел у аперацыі па далучэнні Крыму да Расеі і ў ваеннай аперацыі Расіі ў Сірыі.
Таксама варта звярнуць увагу на інтэрв’ю кіраўніка смаленскага аддзялення РСМ Яўгена Захаранкова, дадзенае расійскім СМІ напярэдадні форуму. Ён анансаваў, што пасля форуму, ужо ў снежні будзе створаны Моладзевы савет прыгранічных рэгіёнаў Расіі і Беларусі («Савет шасці рэгіёнаў»). У наступным годзе ў Смаленску пройдзе першы Форум маладых лідэраў прыгранічных рэгіёнаў, а пазней будзе праведзена серыя адукацыйных школ і злётаў для маладых лідэраў прыгранічных тэрыторый Расіі і Беларусі.
Але і гэта яшчэ не ўсё. Як атрымалася высветліць MSPRING.ONLINE, на 5-7 снежня ў Смаленску прызначаная «Школа маладых кіраўнікоў Саюзнай дзяржавы Расеі і Беларусі». Яе рыхтуе смаленскае Агенцтва інтэграцыйных ініцыятыў, партнёрства якому Таццяна Меньшыкава абяцала на доўгія гады наперад.
Таццяна МеньшыкаваМэтавая група – актывісты моладзевых парламентаў, студэнты і выпускнікі факультэтаў кіравання, эканамічных і юрыдычных спецыяльнасцяў. Рэгістрацыя толькі па папярэднім запісе. Спецыяльна для ўдзельнікаў з Расіі і Беларусі рыхтуюцца лекцыі пра ролю Саюзнай дзяржавы і перспектывы яго развіцця, майстар-класы і трэнінгі ў сферы міжнароднага супрацоўніцтва і расійска-беларускіх адносін. Сярод тэм – нэтворкінг, журналістыка, інфармацыйныя войны і праектная дзейнасць.
Фота з сайта mspring.online