2020 год стаўся пераломным не толькі ў плане будучай змены ўлады і прыходу ў Беларусь дэмакратычнага ладу, але і моцным ментальным зрухам у бок завяршэння фармавання нацыянальнай свядомасці беларусаў.
Хтосьці казаў, што беларусы нарэшце прачнуліся ад літаргічнага сну, нехта меркаваў пра тое, што памяркоўны і ціхі “народзец” ператварыўся ў народ, які можа абараняць свае правы і свабоды. Гэта ўсё так! Некаторыя наогул здзіўляліся як можна было трываць уладу ўзурпатара Лукашэнкі і не імкнуцца змяніць папярэднія савецкія традыцыі і лад жыцця. Відавочна, што постсавецкі час адчуваўся ў Мінску ці абласных гарадах, але павевы новай эпохі былі мінімальны ў раённых цэнтрах: гарадах і мястэчках. Для цэлых пакаленняў развал Савецкага Саюза стаўся намінальнай з’явай, бо лад жыцця цэлай краіны моцна і кардынальна не змяніўся ў параўнанні, напрыклад, з краінамі Прыбалтыкі. На месцах практычна не змянілася мясцовае чынавенства, якое заставалася кіраваць раёнамі з партыйнымі білетамі ўжо ў незалежнай Рэспубліцы Беларусь. Яскравым прыкладам такой тэндэнцыі могуць быць найменні мясцовых газет. У дадзеным матэрыяле абмяжуемся назвамі газет Магілёўскага Пасожжа.
У Крычаве да 2010 года «раёнка» мела назву «Ленінскі кліч” (зараз – “Кричевская жизнь”), а ў Чэрыкаве да 2006 года “Заклік Ільіча” (зараз – “Веснік Чэрыкаўшчыны”). У Слаўгарадзе толькі з 2007 года выданне стала называцца “Прысожскі край”, дагэтуль – “Ленінскае слова”. На яве такая ж карціна і з газетамі іншых гарадоў і мястэчак: Краснаполле – “Чырвоны сцяг” (пачала выдавацца ў 1932 годзе, тую ж самую назву мае і сёння), у Хоцімску – “Шлях Кастрычніка” (назву атрымала з 1962 г., так і цяперака газета ідзе тым самым шляхам ды не думае збочваць), у Мсціслаўлі – “Святло Кастрычніка” (назва захавалася дагэтуль). І толькі ў Касцюковічах “раёнку” з 1991 года перайменавалі ў “Голас Касцюкоўшчыны” ды Клімавічах, дзе мясцовае выданне з 1990 года пачало называцца “Родная ніва”. І нават апошняе найменне газеты патыхае савецкім мінулым, калі апявалася праца сялян і пралетарыята, для якой нібыта камуністычная ўлада зрабіла ўсё магчымае, каб яна годна жыла. Але гэта было толькі прапаганда і ілюзія. А насамрэч бальшавіцкая вярхушка дзейнічала нібыта празарліўцы (а ў рэальнасці як бандыты), якія ведалі як правільна жыць людзям, нават калі яны не разумелі іх ідэй і былі катэгарычна супраць. Дужа падобна з сённяшнім часам, хаця і прайшло ўжо цэлае стагоддзе….
Дарэчы, сярод прыведзеных назваў раённых газет толькі ў Крычаве выданне мае рускамоўны варыянт, усе астатнія пішуцца па-беларуску, хаця ва ўсіх адчуваецца моцны недахоп беларускай мовы. Варта адзначыць, што ў 1960-1980-х гг. шматлікія раённыя газеты выдаваліся амаль цалкам на беларускай мове. І гэта ў савецкі “інтэрнацыялістычны” час, дзе нейкая “рэгіянальная” мова адной з савецкіх рэспублік не мела істотнага значэння, бо меркавалася, што свет з цягам часу ўсё роўна будзе сацыялістычным.
Няўжо варта выкарыстоўваць у незалежнай Беларусі саветызаваныя назвы цэнтральных раённых выданняў, улічваючы дыскрэдытацыю камуністычнай дзяржаўнай сістэмы: эканамічную, культурную, палітычную і сацыяльную, яе няздольнасць пабудаваць дзяржаву, якая б адпавядала жаданням і магчымасцям іх жыхароў… Хаця што задавацца рознымі бязглуздымі развагамі, калі ў цэнтральных кнігарнях у Мінску прадаюць магніты з выявай Сталіна ці такія ж “падаруначныя наборы” ў кіёсках на Нямізе, дзе акрамя таго можна набыць вырабы народнай творчасці (матрошкі напрыклад, чым не беларускае народнае…).
Такім чынам, назвы газет аб’ектыўна паказваюць фактычную нязменнасць улады і іх ідэалагічнага накірунку на рэгіянальным, раённым узроўні, пачынаючы з атрымання Беларуссю незалежнасці. А мясцовыя выданні (т.зв. “раёнкі”) якраз можна назваць адным з рупараў палітычных і культурных зменаў у нашай дзяржаве. Маем вялікую надзею, што савецкія назвы газет (і не толькі яны) разам са старым ладам жыцця застануцца ў мінулым, а новы год будзе часам з’яўлення новай свабоднай Беларусі!
Алесь Крыжэвіч