Аляксандр Лукашэнка 29 кастрычніка нечакана прызначыў новага міністра ўнутраных спраў. Ім стаў генерал-маёр міліцыі, начальнік Галоўнага ўпраўлення ўнутраных спраў Мінгарвыканкама Іван Кубракоў, піша «Наша ніва”.
Нарадзіўся Кубракоў у 1975 годзе ў вёсцы Маліноўка Касцюковіцкага раёна. Скончыў Мінскую спецыяльную школу МУС і Акадэмію МУС Беларусі. У міліцыі служыць з 1995 года. Пачынаў працаваць участковым у Цэнтральным раёне Мінска, потым узначаліў міліцыю гэтага раёна. Кіраваў міліцыяй Заслаўя.
«Калі скончыў сярэднюю школу міліцыі і трэба было размяркоўвацца, мае сябры, якія ўжо працавалі ў праваахоўных органах, раілі ісці на любую пасаду, акрамя ўчастковага. Праракалі мне бяссонныя ночы і пякельную працу. Але нікога не паслухаў. У 2001 годзе атрымаў участак у Цэнтральным РУУС і зразумеў, што гэта яшчэ складаней, чым мне расказвалі. Аднак не шкадую аб сваім выбары, бо дзякуючы гэтаму атрымаў бясцэнны вопыт», — казаў ён пра пачатак сваёй работы.
Выданне «Мінск-Навіны» піша, што менавіта Кубракову належыць ідэя вяртання падраздзяленням міліцэйскага спецназа назву АМАП. Гэтую прапанову маёр Кубракоў выказаў на нарадзе ў міністра Шуневіча ў 2012 годзе, міністр яго падтрымаў.
Кубракоў пакіраваў міліцыяй Віцебскай вобласці пасля вядомага Ігара Яўсеева. А ў сакавіку 2019 стаў начальнікам мінскай міліцыі.
«Калі грамадзяне перастануць выходзіць на вуліцы і парушаць закон, тады не будзе ні прымянення фізічнай сілы, ні падстаў для прымянення спецсродкаў», — казаў Кубракоў пасля прэзідэнцкіх выбараў.
Але гэта ўсё часткі афіцыйнай біяграфіі. «НН» даведалася і прыватныя старонкі жыцця Івана Кубракова.
Як мы ўжо пісалі, Кубракоў родам з Касцюковіцкага раёна — гэта самы ўсход Беларусі, да мяжы з Расіяй менш за 20 кіламетраў. Родная вёска Маліноўка зусім невялікая, у савецкі час там было 33 двары, а цяпер застаецца ўсяго чатыры жыхары.
Раіса Лявонаўна — далёкая сваячка Кубракова, пра прызначэнне Івана яшчэ нічога не чула. «Ну што я магу сказаць? Добры хлопец, не п’е, ні курыць, заўсёды паважліва да ўсіх ставіўся».
Бацькоў новага міністра ўжо няма сярод жывых. Бацька памёр гадоў дваццаць таму яшчэ маладым, яму не было і 60 гадоў. А мамы — Ганны Уладзіміраўны — не стала сёлета, ёй было больш за 80 гадоў.
Бацькі былі самымі простымі людзьмі. Мама працавала ў брыгадзе ў калгасе, карміла цялят. Бацька нейкі час працаваў на хлебзаводзе ў суседняй вёсцы Бялынкавічы, а калі прадпрыемства закрылі, то таксама ўладкаваўся ў брыгаду, працаваў і вартаўніком, і пастухом.
У Кубраковых пяцёра дзяцей — усе сыны. Была дачка, самая першая, але памерла малой. Усе браты Кубраковы жывуць у Мінску. «Старэйшы Коля таксама ў міліцыі працаваў, але цяпер на пенсіі, дзесьці яшчэ падпрацоўвае. Міша — шафёр, возіць начальства. Віця — таксама шафёр, у камандзіроўкі далёкія ездзіць, а Сяргей на нейкім прадпрыемстве працуе, але я дужа не разбіралася, што за яно», — кажа цётка Кубракова Валянціна Мацееўна.
«Ваня — самы разумны з братоў. Не п’е ні грама, ніколі. Не курыць, праўда, усе хлопцы не кураць, толькі старэйшы Коля, здаецца», — працягвае спадарыня Валянціна.
З жонкай Кубракоў знаёмы са школьнай лавы, яна з суседняй вёскі Бялынкавічы. Ажаніліся амаль адразу, калі скончылі школу. У пары двое дзяцей. Старэйшы сын Уладзімір, як кажуць вяскоўцы, таксама міліцыянер. А дачка Лізавета — школьніца.
«Гляджу тэлевізар, плачу, калі ўжо гэтая вайна скончыцца. Кепскае ўсё робіцца. Кватэры ж ёсць, сытыя, не галодныя, што яшчэ трэба гэтым людзям? Лукашэнка вайны не дапускае — ужо малайчына. На выбарах галасавала за яго, я ж астатніх не ведаю», — кажа Раіса Лявонаўна.
А вось Валянціна Мацееўна наадварот кажа, што стараецца не глядзець тэлевізар. «Ай, там толькі рэжуцца, забіваюць адно аднаго, што яго глядзець», — кажа жанчына. Яна больш занепакоеная тым, што праз Маліноўку ўжо шмат гадоў перасталі хадзіць цягнікі.
«Я 57 гадоў у гэтай праклятай Маліноўцы жыву, хоць бы адзін аўтобус прыйшоў — не. А цяпер і цягніка няма, ну пусціце вы ў суботу-нядзелю, каб дачка магла да мяне прыехаць, падлогу памыць».
Зміцер Панкавец