27 мая Касцёл адзначаў урачыстасць Найсвяцейшай Тройцы. Касцёл ў Касцюковічах, на ўсходзе Магілёўшчыны, носіць тытул Найсвяцейшай Тройцы, таму для касцюковіцкіх католікоў гэты дзень з’яўляецца асаблівым святам.
Напярэдадні на святочную Імшу сабраліся вернікі не толькі з Касцюковіч, але і з іншых куткоў Магілёўшчыныі. Да Касцюковічаў у гэты дзень вернікі прыбылі з Магілёва, Крычава, Чавусаў, Шклова, Княжыц, Фашчаўкі. Асобныя вернікі былі нават з Крупак Мінскай вобласці.
Распачалася ўрачыстаць святой Імшой ў касцюковіцкім касцёле а 15-й гадзе, якую ўзначаліў біскупскі вікарый для г. Магілёва і Магілёўскай вобласці біскуп Аляксандр Яшэўскі SDB.
У сваёй гаміліі іерарх адзначыў, што сённяшняй асобнай урачыстасцю мы ўшаноўваем Найсвяцейшую Тройцу, адзінага Бога у трох асобах: Бога Айца, Божага Сына і Святога Духа. Пасля біскуп спытаўся ў вернікаў: «Калі наш абмежаваны розум не можа зразумець таямніцу існавання аднаго Бога ў трох Асобах, ці трэба нам тады паглыбляць сваі веды ў пазнанні Бога?» І кажа далей: «Так, абавязкова трэба. Любоў, гэтае шчырае і трывалае пачеццё, кажа нам пазнаваць Таго, каго любім. Трэба шукаць Бога ўсім сваім сэрца, а кожны, хто шчыра палюбіць Бога, той Яго і бліжэй пазнае».
Тэкст і фота: Алесь Грудзіна / Catholic.by