Выкрутасы айчыннай медыцыны: звычайны бытавы выпадак – чалавек дзвярмі пашкодзіў пальцы – выявіў глабальную праблему магілёўскіх лякарняў.
Гэты выпадак адбыўся тры дні таму. Мужчына пашкодзіў руку – моцна прыціснуў пальцы. Каб быць упэўненым, што пералому няма і каб не было цяжкіх наступстваў, адразу ж вырашыў звярнуцца да лекара і накіраваўся ў магілёўскі траўмапункт. Так рабіць нас усіх вучаць яшчэ ў школе.
Але там яму адмовілі ў аказаннні медычных паслугаў. Прычына – чалавек немагілёвец, прыехаў у горад пагасціць. Апынулася, што траўмапункт у цэнтры горада, які магілёўцы ўсе добра ведаюць, адносіцца да першай гарадской лякарні. Таму прывілей абслугоўвацца тут маюць менавіта жыхары “вольнага горада Магілёва”. Усе астатнія – чакайце аўтобуса №12, ён даставіць вас у аблбальніцу.
Гарадскі траўмапункт працуе кругласуткава. Карэспандэнт “Магілёўскага рэгіёна” вырашыў звярнуцца туды па каментар, патэлефанаваўшы на афіцыйны нумар (222) 22-14-62 і змадуляваўшы наступную сітуацыю: жыхар Брэста прыехаў у госці, паслізнуўся і моцна ўдарыў руку – што рабіць?
Лекарка ўзяўшы слухаўку насамрэч першай справай запыталася пра прапіску. Потым спытала, навошта пацярпелы прыехаў (ці не ў камандзіроўцы) і што здарылася. Выслухаўшы ўсю фабулу яна вынесла вердыкт – адназначна ў абласную!
Здаецца, наш горад на Дняпры не пакутуе ад “панаехаўшых”, але інструкцыя ў лекараў, як нам неафіцыйна патлумачылі некаторыя з іх, жорсткая. Усе іншагароднія, і тыя, хто не мае магілёўскай прапіскі абслугоўваюцца толькі ў аблбальніцы. Нібыта такі расклад прапісаны ў законе: лякарні падзяляюцца на ўзроўні па ведамствах – горадскія аблугоўваюць горад, абласныя – вобласць і іншых. Іначай за залішнюю дабрыню дактарам “уляціць”.
Але што рабіць, калі не дай Бог, чалавек зламаў нагу, альбо пацярпеў яшчэ болей? Варта не саромецца і адразу выклікаць хуткую дапамогу. Лекары самі разбяруцца куды вас везці. Нязручна ўсім. Напрыклад, жыхары горада, якія жывуць у мікрараёне “Спадарожнік” каля абласной лякарні таксама не разумеюць, чаму звярнуўшыся туды па дапамогу яны атрымліваюць накіраванне ў гарадкую – за пяць кіламетраў ад хаты. Вось такія рэаліі.
Аляксандр Весялоўскі