Галоўная » Не знікла за стагоддзі – будзе жыць у вяках

Не знікла за стагоддзі – будзе жыць у вяках

21 лютага ў свеце адзначаецца Міжнародны дзень роднай мовы

У мінулым 2020 годзе пабачыла свет інфармацыйна – даведачнае выданне “Летапіс Грамадскага аб’яднання “Таварыства беларускай мовы імя Францішка Скарыны”. 2014 – 2019.Мн., 2019. 156 с. Укладальнік: Станіслаў Суднік.

 У гэтым выданні, рэдакцыяй газеты “Наша Слова”, паводле звестак знойдзеных у СМІ, у архівах арганізацый Таварыства, пратаколах з’ездаў, радаў і сакратарыятаў сабрана інфармацыя пра дзейнасць ТБМ за перыяд ад 8 лістапада 2014 года да 30 чэрвеня 2019 года. Першая спроба такога выдання была зроблена да 15-годдзя Таварыства. Другое выданне выйшла да 20-годдзя ТБМ. У сучасным выданні адлюстравана дзейнасць ТБМ у наступныя пасля 25-годдзя пяць гадоў.

Пры адборы інфармацыі для “Летапісу… “ ў першую чаргу браліся падзеі, якія ішлі за дзеясловамі “адбылося”, “праведзена”, і значна менш падзей, якія ішлі за дзеясловамі “звярнуліся”, “напісалі”, “сказалі”. З усяго спектра падзей, якія адбываліся на моўным полі, у “Летапіс… “ уключаліся толькі тыя, якія былі звязаны з ТБМ, арганізоўваліся, праводзіліся, падтрымліваліся сябрамі ТБМ. Асабліва ўвага была ўдзелена мерапрыемствам да Міжнароднага дня роднай мовы, паколькі першапачаткова святкаванне Дня роднай мовы было запачаткавана ТБМ. Складзены “Летапіс… “ – хроніка працы многіх соцень і тысяч людзей, якім неабыякавы лёс беларускай мовы і беларускай дзяржавы.

Пры знаёмстве з выданнем, у першую чаргу, вельмі цікава было даведацца: “Ці знайшлі сваё адлюстраванне ў летапісу Таварыства мерапрыемсвы, якія ладзіліся Шклоўскай раённай арганізацыя ТБМ?”. Вывучая ўважліва гэту інфармацыйна –даведачную працу і перагарнуўшы апошнюю старонку, прыемна было даведацца, што дзейнасць шклоўскіх прыхільнікаў беларускай мовы ў летапісу ўзгадваецца неаднойчы, а больш дакладна – 16 разоў. Вось толькі назвы некаторых шклоўскіх мерапрыемстваў: “Рэлігійныя ўплывы на Беларусі праз люстэрка Шклова”, “Шклоў магдэбургскі”, “115-годдзе з дня нараджэння пісьменніка Міхася Зарэцкага”, “100-годдзе заснаванне Беларускай Народнай Рэспубліка”, “Сустрэча з пісьменнікам Уладзімірам Арловым”, “Заснаванне аматарскага літаратурнага салона імя Міхася Зарэцкага”.

У выданні таксама паведамляліся пра мерапрыемствы, якія ладзіліся ў іншых гарадах Магілёўскай вобласці. Гэта, ў першую чаргу, шматлікія мерапрыемствы якія адбываліся непасрэдна ў горадзе Магілёве. Згадваюцца мерапрыемствы ў раённых цэнтрах Асіповічы і Глуск.

Увогуле, грамадскім аб’яднаннем “Таварыства беларускай мовы імя Ф.Скарыны” за пяць гадоў выдадзена:

  • 260 нумароў газеты “Наша слова”;
  • 260 нумароў газеты “Новы час”;
  • 20 нумароў часопіса “Лідскі летапісец;
  • 10 нумароў часопіса “Верасень”;
  • 5 гарадзенскіх перакідных краязнаўчых календароў;
  • 2 нумары электроннага часопіса “Нясвіжскія каеты”:
  • Літаратурныя альманахі “Ад лідскіх муроў” №8, “Нясвіжскі ўток” №1, “Стольны град” (Наваградак) №1.

 Безумоўна, не ўся дзейнасць ТБМ адлюстравана ў гэтым інфармацыйна – даведачным выданні. У даследчыкаў Таварыства ёсць шмат некранутых “дзялянак”. Сучаснае выданне нічога не сцвярджае, нічога не каментуе. Летапіс – халоднае люстэрка жыцця Таварыства.

 

Гістарычная даведка: Міжнародны дзень роднай мовы быў абвешчаны ЮНЕСКА. З прапановай увесці такі дзень выступіў Бангладэш, дзе 21 лютага 1957 года, адстойваючы права вучыцца на роднай мове, загінулі пяць студэнтаў. Трэба адзначыць, што сярод 25 суаўтараў рэзалюцыі ЮНЕСКА аб гэтым свяце была і Беларусь. Сёння ў нашым рознакаляровым і рознагалосым свеце налічваецца больш за шэсць тысяч моваў. Палова з іх знаходзіцца пад пагрозай знікнення. Менавіта дзеля іх захавання і быў абвешчаны Дзень роднай мовы. Гэта свята – нагода для носьбітаў любой мовы яшчэ раз задумацца аб лёсе той, адзінай, якую мы завём матчынай, на якой думаем, на якой вымавілі першае слова і на якой размаўлялі нашы продкі.

Алесь Грудзіна