Галоўная » „Ноч сядзела ў «малпоўні» на плястыкавай бутэльцы з вадой“

„Ноч сядзела ў «малпоўні» на плястыкавай бутэльцы з вадой“

Алена Пухоўская, 54 гады, пэнсіянэрка, Магілёў:

„14 кастрычніка на Пакровы ды сьвята маці да мяне завіталі дачка з унукам і сяброўка, і мы пайшлі фатаграфавацца ў вышыванках на плошчу да гандлёвага цэнтру «Атрыюм». Там папрасілі маладога чалавека, каб зьняў нас на тле бел-чырвона-белага сьцяга. Раптам зьявіўся «ціхар», які пачаў здымаць нашу кампанію на відэа. Зь міліцэйскай машыны выскачылі людзі ў чорным з дручкамі ды, як мне падалося, зброяй. Іхныя твары хавалі маскі і балаклавы. Мяне, сяброўку, хлопца, які фатаграфаваў, і ягоную дзяўчыну запхнулі ў машыну. Дачку з унукам адпусьцілі.

Дарогаю ў Кастрычніцкі аддзел міліцыі мяне, спалоханую, запэўнівалі, што праз 15 хвілінаў па афармленьні дакумэнтаў адпусьцяць. Там склалі пратакол, што я ўдзельнічала ў «несанкцыянаваным мітынгу». Апісалі мае рэчы і пасадзілі ў «малпоўню». У ёй было холадна. На бэтоннай лаўцы я асьцерагалася сядзець, каб не захварэць. Прасіла ахоўнікаў даць мне кардон падаслаць. Просьбы ня чулі. Падклала паліто, але цела хутка стыла, бо была я ў адной вышыванцы. Праседзела на плястыкавай бутэльцы з вадой да 4 раніцы.

Алена Пухоўская

Ноччу ў аддзел прыходзіла дачка перадаць цёплыя рэчы і харч. Ёй паведамілі, што мне цёпла і ні ў чым ня маю патрэбы.

А 4-й раніцы нас павезьлі ў ізалятар. Мне ад страху і нэрвовага ўзрушэньня было блага: не адчувала сэрца, нямелі рукі. Пакуль маю сяброўку афармлялі, прылегла ў машыне, але міліцыянт загадаў сядзець. Ізалятар нас у кепскім стане не прыняў. Зноў кінулі ў «малпоўню», я зноў села на бутэльку. Прасіла выклікаць „хуткую дапамогу“. Дзяжурны дакараў: маўляў, я мусіла працаваць на лецішчы і фатаграфаваць унукаў, а не хадзіць на «мітынгі».

Лекарка хуткай дапамогі дапытвала мяне, чаму трапіла ў міліцыю, прасіла параўнаць бел-чырвона-белы сьцяг з чырвона-зялёным і патлумачыць іхныя адрозьненьні, а таксама згадаць 1990-я гады і параўнаць зь цяперашнімі часамі. Я трывала зьдзекі. Наглуміўшыся, мне зрабілі іньекцыю і на разьвітаньне пасьмяяліся з вышыванкі. У «малпоўні» я ня вытрымала, лягла на бэтонную лаўку. Ужо на волі іншыя мэдыкі сказалі, што ў мяне быў прыступ нэўральгіі.

Раніцай звазілі ў Сьледчы камітэт, зьнялі адбіткі пальцаў, сфатаграфавалі, адтуль павезьлі дамоў па лекі і ежу і зноў у ізалятар. На яго тэрыторыі ў цесным закутку службовай машыны сядзелі ўдваіх больш за гадзіну. Я пачала задыхацца, доўга прасіла адчыніць дзьверы ды звадзіць у прыбіральню. Ізалятар зноў нас ня ўзяў. Вярнулі ў аддзел, дзе са мною правялі „прафіляктычную гутарку“ і нейкім цудам выпусьцілі.

Тое, што перажыла, ні з чым не параўнаць. Трыццаць гадоў я адрабіла выхавальніцай, выйшла на пэнсію, ніколі не трапляла ў міліцыю, і толькі за тое, што сфатаграфавалася зь бел-чырвона-белым сьцягам, зь мяне так пазьдзекаваліся. Адкуль у людзей у міліцэйскай форме столькі азьвярэласьці? Я напісала скаргу ў пракуратуру і галоўнаму лекару на «мэдыка-сьледчую». Няхай адпішуць, хто даў ім права так абыходзіцца са мною. Зьбіраюся дапамагаць тым, хто перажыў перасьлед, як я“.

Фота: Радыё Свабода

Крыніца: Радыё Свабода