Галоўная » Новая версія паходжання назвы Магілёў

Новая версія паходжання назвы Магілёў

Напрошваецца чарговая версія паходжання назвы горада Магілёва, бо тэрыторыя Мсціслаўскага княства таксама ўваходзіла ў склад Смаленскага, ды і слова леў у назве горада трэба неяк растлумачыць!

Паводле Russian archaeology news, археолагі знайшлі ў Смаленску старажытны пярсцёнак з княжацкай пячаткай. На вуліцы Собалева ў Смаленску археалагічная экспедыцыя знайшла старажытны пярсцёнак-пячатку з выявай ільва. Мяркуецца, што тут у XII стагоддзі размяшчаўся ювелірны квартал. Медны пярсцёнак некалі быў пакрыты пазалотай і сіняй эмаллю, у цэнтры выразаны геральдычны леў, які пацвярджаў вернасць дакументаў. 

Археолагі мяркуюць, што пярсцёнак належаў аднаму з набліжаных смаленскага князя, перадае ДТРК “Смаленск”. Побач з пячаткай былі знойдзены два пісала, якімі выдрапвалі тэксты на васковых дошчачках. “Выяўленне двух пісалаў у адным месцы – гэта, безумоўна, паказальнік таго, што гэта прыналежнасці чалавека, які іх інтэнсіўна выкарыстоўваў”, – растлумачыў Мікалай Крэнке, кіраўнік Смаленскай археалагічнай экспедыцыі Інстытута гісторыі РАН. 

Леў з кіпцюрастымі лапамі, грывай і пэндзлікам на доўгім хвасце сустракаецца на пячатках дакументаў XIII стагоддзі і на смаленскіх манетах XIV-XV стагоддзяў. Але цяперашняя знаходка значна старэйшая: яе прыблізна датуюць XII стагоддзем. Месца раскопак ужо падарыла археолагам знаходкі, якія расказалі, што тут у старажытнасці знаходзіўся ювелірны квартал. Навукоўцы не губляюць надзеі высветліць, чым займаўся ўладальнік пярсцёнка ў гэтым квартале. Таксама з’яўленне льва на друку дазваляе меркаваць, што да птушкі Гамаюн геральдычнай жывёлай Смаленска лічыўся менавіта леў.

А КОЛЬКІ ВЕРСІЙ ПАХОДЖАННЯ НАЗВЫ МАГІЛЁЎ ІСНУЕ СЁННЯ? АДКАЗВАЕ ЭКСПЕРТ І АЎТАР АДНОЙ З ВЕРСІЙ ПРАФЕСАР ІГАР ШАРУХА.

На сёння існуе амаль два дзясяткі розных версій. Неяк налічыў быў аж 16! Не так даўна магілёўскі гісторык і экскурсавод Зміцер Корсакаў агучыў у артыкуле для “Машэкі” 7 версій. 

Большасць магіляўчан звязваюць асціонім (назва горада) Магілеў з рамантычнай паэмай Янкі Купалы «Магіла Льву» і легендарным Машэкам па мянушцы Леў.

Гістарычная версія звязваецца з імем галіцка-валынскага князя Льва Данілавіча Могія. Леў Данілавіч кіраваў у 1264-1301 гг. 

Цікавым уяўляецца меркаванне складальнікаў «Магілёўскай хронікі» – адной з найважнейшых летапісных крыніц па гісторыі нашага горада. Яны таксама звязвалі паходжанне назвы са спалучэннем «Могі Леў», але не атаясамлялі яе з канкрэтным чалавекам, а разумелі, як тое, што горад шмат стагоддзяў падобна магутнаму льву супрацьстаіць войнам, бедствам і нягодам. 

У 1995 годзе ў “Весніку Магілёва” мной быў надрукаваны артыкул, дзе выклаў версію паходжання асціоніма па назве ўзгорка “Магіла” (версія фіна-ўгорскага паходжання, “узвышша над вадой”). Тым больш, гэта не супярэчыць «Баркалабаўскаму летапісу»: «Лета 1526-га большы замак зароблены, і прынята шмат гары Магілы, на якой цяпер замак Магілёў стаіць, але на горцы Магіле, названы Магілёў». 

Наступная версія. Горад на месцы буйной бітвы або на ўзвышшы Існуе яшчэ некалькі версій так ці інакш звязаных са словам “магіла”. Напрыклад, паводле адной з іх, на месцы дзе быў заснаваны горад, было шмат магіл, таму і атрымаў такую назву. Абмовімся толькі, што гэта зусім не азначае, што “горад узнік на могілках”, гэта будзе занадта спрошчанай трактоўкай. Магчыма, у даўнія часы ў нашых краях была буйная бітва, у якой загінула шмат воінаў, і свой апошні прытулак яны знайшлі на месцы, дзе пазней узнік горад. Філолагі ж прапануюць інакш глядзець на гэтую версію. Справа ў тым, што ў старажытнарускай мове слова “магіла” мела іншае значэнне. Пад “магілай” тады разумелася любое ўзвышанае месца (узгорак, гара). На карысць гэтай версіі гаворыць геаграфічны рэльеф гістарычнай часткі Магілёва.  

Чалавек па імені або мянушцы “Магіла” У старажытныя часы слова “магіла” магло ўжывацца яшчэ і ў якасці ўласнага імя (або мянушкі). Таму заслугоўвае ўвагі версія, якая ўзводзіць назву горада да імя чалавека па імені Магіла (быць можа, ён быў вялікім ваяром, а можа грозным разбойнікам, як Машэка). Аналагічныя версіі існуюць для гарадоў Магілёва-Падольскага ва Украіне (ад імя мітрапаліта Пятра Магілы), а таксама беларускіх Барысава (ад імя князя Барыса) і Турава (ад легендарнага кіраўніка Тура). 

Марэк Федаровіч