Галоўная » Новы галоўны ідэолаг краіны Андрэй Кунцэвіч. «Гэта чалавек, за якім напэўна пойдзе моладзь»

Новы галоўны ідэолаг краіны Андрэй Кунцэвіч. «Гэта чалавек, за якім напэўна пойдзе моладзь»

Падтрымлівае адраджэнне беларускай культуры, разумее маладых – гэтак пра новага кіраўніка ідэалагічнага апарату кажуць ягоныя сябры і настаўнікі. «Белсат» наведаў малую радзіму новага намесніка галавы адміністрацыі прэзідэнта Андрэя Кунцэвіча. Ці зменіць малады чыноўнік ідэалагічны курс дзяржавы?

Дырэктарка Бялыніцкай сярэдняй школы з гонарам паказвае альбомы з вершамі таленавітых вучняў. Сярод іх – вершы новага намесніка кіраўніка Адміністрацыі прэзідэнта па ідэалогіі Андрэя Кунцэвіча, напісаныя па-беларуску.

Таццяна Балдышэўская

, дырэктарка сярэдняй школы № 1, Бялынічы:

«Я сама настаўніца беларускай мовы і літаратуры, працую ў сферы беларускага адраджэння, і Андрэй Міхайлавіч заўсёды падтрымлівае гэта».

Данута Клопава, настаўніца беларускай мовы, Бялынічы:

«Мне, як настаўніку, вельмі хацелася б, каб гучала наша мова. І вось гэтае жаданне па жыцці яму ўдалося спраўдзіць. З ягоных вуснаў беларуская мова гучыць вельмі цудоўна».

Праўда, папулярызаваць беларускую мову шэфу ідэалагічнай вертыкалі, які пачынаў кар’еру ў бялыніцкай раёнцы, Лукашэнка не загадаў. Галоўная задача – рыхтавацца да парламенцкіх выбараў. Аляксандр Лукашэнка, кіраўнік Беларусі:

«Вы павінныя адчуваць тыя месцы, дзе мы недапрацоўваем. Я ўжо назваў адзін з такіх кірункаў – праца ў інтэрнэце».

Разумее, што такое Twitter і замежныя мовы, чалавек старой загартоўкі але новага пакалення – так Андрэя Кунцэвіча апісвае ягоны школьны сябар.

«Гэта чалавек, за якім пойдзе не толькі пакаленне нашага ўзросту, але гэта чалавек, за якім, напэўна, пойдзе моладзь. […] Чалавек, які разумее, у чым будучыня нашае рэспублікі», – упэўнены Дзмітрый Ляшук, настаўнік англійскай мовы, Бялынічы.

У чым будучыня нашае рэспублікі наўрад ці разумее нават галоўны субʼект яе ідэалогіі – Аляксандр Лукашэнка. Праект пабудовы «моцнай і квітучай Беларусі» зайшоў у тупік – кажа палітычны аглядальнік Аляксандр Класкоўскі:

«Чарка, скварка, патрыманая іншамарка – гэтая трыяда была побытавай ідэалогіяй беларусаў. Цяпер гэта развальваецца. Паглядзіце, як вялікімі нажніцамі яны абразаюць гэтую сацыяльную дзяржаву».

Веру беларусаў у сацыяльную дзяржаву на савецкім падмурку ў адміністрацыі Лукашэнкі выхоўвалі 9 ідэолагаў. Пяцёра з іх мелі вайсковую адукацыю, а чацвёра паходзілі з Расеі. Ці будзе чыноўнік без вайсковага бэкграўнду прапагандаваць дэмакратыю і беларускасць? Уладзімір Мацкевіч, філосаф-метадолаг:

«Пры пэўнай змене палітычных умоваў яны схільныя і гатовыя перафарбавацца. Але пакуль такіх зменаў не назіраецца, таму навошта яму перафарбоўвацца? Ён будзе такім жа служакам, як быў некалі нібыта прагрэсіўны міністр культуры».

Зменаў у ідэалагічным курсе не чакае і Аляксандр Класкоўскі, бо, маўляў, любы ідэолаг у беларускім апараце – гэта не філосаф, а заўгас і наглядчык:

«І швец, і жнец, і на дудзе ігрэц. Яны бегаюць, выбіваюць падпіску на дзяржаўныя медыі, на спартовыя спаборніцтвы, на культурныя імпрэзы – але каб там крамолы не было, каб нацыяналісты не надта павытыркаліся! Гэта хлопцы на пабягушках. Місія ў іх вельмі няўдзячная, а звышзадача – каб прагаласавалі як след на выбарах!»

Пасады ідэолагаў у мясцовых адміністрацыях, універсітэтах і на прадпрыемствах Лукашэнка ўвёў сваім указам 15 гадоў таму. Ці патрэбны на працы ідэолаг і ці ведаюць людзі, чым ён займаецца? Адказваюць менскія мінакі:

«Трэба спачатку вызначыцца з кірункам ідэалагічным. А затым, можа, сапраўды патрэбны. Некаторым пластам насельніцтва, я б сказала, вельмі патрэбны!»

«Ясная справа, што ён будзе дзеяць, сыходзячы з нейкага пункту гледжання, а кожны чалавек павінен атрымліваць усю інфармацыю з незалежных крыніцаў».

«Наш ідэолаг насамрэч нармальны чалавек. Ён ідэалогію не прасоўвае. Ён проста працуе і нікому галавы не дурыць».

Над чым працаваць – галоўнаму ідэолагу ўжо ўказаў Аляксандр Лукашэнка. Пакуль гэта не беларусізацыя, а «ідэалагічнае забеспячэнне ўборачнай кампаніі».

Аляксандр Папко, belsat.eu