Інфраструктурная адзінка размесціцца на тэрыторыі Магілёўскай бальніцы №1 і будзе разлічаны на 192 койка-месцы, паведаміў начальнік галоўнага ўпраўлення па ахове здароўя Магілёўскага аблвыканкама Аляксандр Старавойтаў.
«У новым 6-павярховым інфекцыйным корпусе будзе сканцэнтраваная ўся інфекцыйная служба горада – як дзіцячая, так і дарослая, – распавёў Аляксандр Старавойтаў. – Раней яна размяшчалася на трох розных базах: у Магілёўскай бальніцы №1, інфекцыйнай і дзіцячай абласной бальніцах. Новы корпус разлічаны на 192 койкі, у тым ліку 12 рэанімацыйных. Да кожнага ложка-месцу будзе падведзены кісларод. Таксама плануецца абсталяваць дадатковыя кіслародныя кропкі, якія будуць у аперацыйнай, працэдурнай, перавязачнай і іншых памяшканнях. Акрамя таго, тут з’явіцца рэанімацыя і аператыўны блок для аператыўнага ўмяшання або родавырашэння пацыентак з інфекцыйнымі захворваннямі».
Усе палаты інфекцыйнага корпуса будуць баксіраванага тыпу, мець прамы выхад на вуліцу. Індывідуальны доступ да кожнай палаты абумоўлены сучаснымі інфекцыйнымі патрабаваннямі, каб не было скрыжавання пацыентаў з рознымі інфекцыямі. Гэта дазваляе аўтаматычна падзяляць тэрыторыю стацыянара. Апроч вялікага ложкавага фонду, у новым корпусе з’явіцца сучаснае дыягнастычнае аддзяленне са ўсім неабходным абсталяваннем – ад кампутарнага тамографа да апарата МРТ.
На думку медыкаў, сучаснае абсталяванне і добрая дыягнастычная база значна паскораць працэс абследавання хворых і пастаноўкі правільнага дыягназу.
Адпаведна хутчэй пачнецца лячэнне, павысіцца яго інтэнсіўнасць і скароцяцца тэрміны знаходжання пацыентаў у стацыянары. За кошт гэтага медыцынская ўстанова зможа аказваць неабходную дапамогу большай колькасці людзей.
«Для Магілёва, як і любога іншага вялікага горада, з’яўленне новых сучасных медыцынскіх плошчаў заўсёды актуальнае, – дадаў Аляксандр Старавойтаў. – Тым больш старая інфекцыйная бальніца будавалася яшчэ ў 1960-х гадах. У параўнанні з новым корпусам яна істотна прайграе ва ўзроўні медыцынскага абсталявання і ўмовах знаходжання пацыентаў. Акрамя таго, стацыянар знаходзіцца далёка ад іншых лячэбных устаноў, што заўсёды абцяжарвала кансультаванне адмыслоўцаў. Новы ж будынак будуецца на тэрыторыі шматпрофільнай клінікі і знаходзіцца на дастатковым ад яе аддаленні, каб не было пераносу інфекцыі, але ў той жа час параўнальна блізка, каб пацыент мог атрымаць кансультацыю неабходнага спецыяліста».
Да гэтага трэба дадаць, што на тэрыторыі гарадской бальніцы хуткай дапамогі два старых аб’екты знеслі і на іх месцы будзе пабудаваны новы 8-павярховы шматпрофільны корпус з верталётнай пляцоўкай.
ДАВЕДКА: У вобласці функцыянуюць 545 арганізацый аховы здароўя, з якіх 62 стацыянары, 27 амбулаторна-паліклінічных і 2 станцыі хуткай медыцынскай дапамогі.
Яўгіння Грамашчанка