Галоўная » Няма патрэбы гуляць у дэмакратыю з Захадам. 9 высноваў пасьля «выбараў»

Няма патрэбы гуляць у дэмакратыю з Захадам. 9 высноваў пасьля «выбараў»

Палітычная кампанія пад назвай «выбары Палаты прадстаўнікоў» завяршылася, абнародаваны афіцыйныя вынікі, можна рабіць папярэднія высновы.

Аляксандар Лукашэнка галасуе на парлямэнцкіх выбарах, 17 лістапада 2019 году

Сьцісла:

  • У беларускім грамадзтве не зьявілася масавага і актыўнага запыту на дэмакратыю, свабодныя выбары, рэальны парлямэнт.
  • На падзеньне даверу насельніцтва да ўладаў апошнія адказалі традыцыйным спосабам: уключылі рэпрэсіўны мэханізм, сталі «закручваць гайкі».
  • Лукашэнка прыйшоў да высновы, што больш няма адмысловай неабходнасьці гуляць у дэмакратыю з Захадам.
  • Апынуўшыся ў сытуацыі канфлікту з Масквой, Лукашэнка хоча мець свабоду рук, пазбавіцца ад усялякага ціску і ўплыву з боку грамадзтва.
  • Прэзыдэнцкія выбары ў наступным годзе пройдуць паводле жорсткага сцэнару.

Прапанаваў бы некалькі важных высноваў.

  1. Кампанія паказала, што ў беларускім грамадзтве не зьявілася масавага і актыўнага запыту на дэмакратыю, свабодныя выбары, рэальны парлямэнт. Пагаршэньне сацыяльна-эканамічнага становішча не вывела насельніцтва са стану апатыі, усё зьвялося да пасіўных праклёнаў на адрас улады.
  2. Нягледзячы на тое, што цягам двух дзясяткаў гадоў у беларускім грамадзтве адбываліся пэўныя перамены (зьмянілася працоўная структура, узровень адукацыі і інш.), не мяняецца мэханізм зваротнай сувязі паміж грамадзтвам і ўладай. Лабіяваньне інтарэсаў асобных сацыяльных груп (напрыклад, айцішнікаў) можа быць толькі карпаратыўным, але ніяк не палітычным. Улады могуць зважаць на настойлівыя патрабаваньні нейкіх груп насельніцтва (праціўнікаў акумулятарнага заводу, «маці 328»), але адрынаюць любыя спробы канвэртаваць пратэст у дэпутацкія мандаты.
  3. На падзеньне даверу насельніцтва да ўладаў апошняя адказалі традыцыйным спосабам: сталі рэалізоўваць жорсткі сцэнар правядзеньня выбараў, уключылі рэпрэсіўны мэханізм.

Лёгіка зразумелая. Чым меншая падтрымка грамадзтва, тым больш жорсткім становіцца палітычны рэжым. Узрастае сілавы фактар утрыманьня ўлады. Працуе інстынкт самазахаваньня, рэакцыя на пагрозу — закручваньне гаек. Таму цьвікі заганяюцца да плешкі, грамадзтва трэба шакаваць вялізарнымі лічбамі яўкі на выбары. У выніку мы маем рэкорд і датэрміновага галасаваньня, і такую афіцыйную яўку выбарнікаў, якой не было тры апошнія парлямэнцкія кампаніі.

  1. Лукашэнка палічыў, што ў сытуацыі падзеньня даверу грамадзтва да ўлады нават слабы шум з парлямэнцкай трыбуны становіцца небясьпечным, можа выклікаць непажаданы рэзананс. Таму ў Палату прадстаўнікоў і не прапусьцілі ніводнага дэпутата ад апазыцыі.
  2. Новая інфармацыйная сытуацыя, шырокі ўплыў інтэрнэту, сацыяльных сетак, тэлеграм-каналу Nexta амаль не памянялі хаду выбарчай кампаніі. Улады зразумелі, што онлайн не канвэртуецца ў офлайн. Інфармацыйная рэвалюцыя ня стала чыньнікам фармаваньня грамадзянскай супольнасьці, увогуле грамадзтва ў сучасным разуменьні.
  3. Апазыцыя не зьяўляецца суб’ектам палітыкі. Ніякага дыялёгу зь ёй, як і ўвогуле з грамадзтвам, рэжым ладзіць не зьбіраецца.
  4. Лукашэнка прыйшоў да высновы, што больш няма адмысловай неабходнасьці гуляць у дэмакратыю з Захадам. Чыньнік торгу з ЭЗ і ЗША вакол праблем з дэмакратыяй адышоў на другі плян. Адносіны з Захадам размарожаныя, ЭЗ зьняў санкцыі, а ЗША — прыпынілі. Праблема правоў чалавека фактычна вынесена за дужкі дачыненьняў афіцыйнага Менску з эўрапейцамі і амэрыканцамі. Геапалітыка і пытаньне незалежнасьці Беларусі выціснулі астатнія праблемы.

Краіны ЭЗ дэ-факта прызналі парлямэнт Беларусі, сюды едуць парлямэнцкія дэлегацыі, яны сустракаюцца з тутэйшымі дэпутатамі. Ніякіх вялікіх пэрспэктываў канвэртаваць прагрэс на выбарах у практычныя дывідэнды ад супрацоўніцтва з Захадам бліжэйшым часам ня бачна. Улады палічылі, што рызыка ад выбарчай кампаніі апазыцыі большая, чым магчымыя выгады ад супрацоўніцтва з ЭЗ і ЗША.

Падчас візыту ў Аўстрыю на мінулым тыдні Лукашэнка вельмі агрэсіўна і напорыста крытыкаваў заходнюю пазыцыю ў пытаньні дэмакратыі і ўсяляк дэманстраваў, што цяпер адносіны з Захадам будуць разьвівацца на ўмовах афіцыйнага Менску.

  1. Ціск з боку Расеі не заахвочвае ўлады шукаць падтрымкі насельніцтва. Наадварот, апынуўшыся ў сытуацыі канфлікту з Масквой, Лукашэнка хоча мець свабоду рук, пазбавіцца ад усялякага ціску і ўплыву з боку грамадзтва.
  2. Прэзыдэнцкія выбары ў наступным годзе пройдуць паводле жорсткага сцэнару. Магчымасьці апазыцыі будуць абмежаваныя мацней, чым падчас ранейшых прэзыдэнцкіх кампаній.

ВАЛЕР КАРБАЛЕВІЧ

Крыніца: Радыё Свабода