Галоўная » Омскі блогер распавёў, што можа чакаць Магілёў пасля запуску «Омск Карбон»

Омскі блогер распавёў, што можа чакаць Магілёў пасля запуску «Омск Карбон»

Цікава, чаму кіраўнік «Омск Карбон Груп» Валер Каплунат так не любіць Орыса Брута за інфармацыю, якую той публікуе?

У ліпені гэтага года прэс-служба кампаніі Омсктэхвуглярод заявіла аб тым, што завод па вытворчасці тэхнічнага вугляроду “Омск Карбон Магілёў” запусцяць у верасні.

На піку завод будзе вырабляць 200 тысяч тон тэхвуглярода ў год. Прадукцыя прызначаецца ў першую чаргу для бабруйскага заводу «Белшына» і на экспарт.

Новыя працоўныя месцы, валютныя інвестыцыі – усе шчаслівыя. Незадаволеныя некаторыя магілёўцы і жыхары гарадскога пасёлка Вейна, побач з якімі будзе дзейнічаць завод. Нягледзячы на запэўніванні ўладаў, што пры будаўніцтве выкананы ўсе экалагічныя нормы, людзі баяцца, што вытворчасць нанясе страты экалогіі і іх здароўю. Блогер Орыс Бруту пэўнены, што баяцца яны недарма.

 

Хто такі Орыс Брут?

У сакавіку 2018 года омскі блогер Орыс Брут (сапраўднае імя – Уладзімір Ліфанцьеў) на сваёй старонцы «Вконтакте» апублікаваў відэа «Фабрыка аблокаў сажы», якое да гэтага моманту набрала больш за 70 тыс. праглядаў.

У ім блогер распавёў, якія страты наносіць завод тэхнічнага вугляроду. У адказ на гэта кіраўнік холдынгу Валер Каплунат даў інтэрв’ю сайту «ВОмске», у якім назваў Ліфанцьева фрыкам і маргіналам. Праўда, на наступны ж дзень інтэрв’ю было без тлумачэнняў выдалена з сайта.

Усё скончылася тым, што «Омсктэхвуглярод» падаў на Ліфанцьева ў суд, дзе запатрабаваў выдаліць відэа. Першае пасяджэнне прайшло 14 жніўня. Што цікава – ніякіх фінансавых прэтэнзій кампанія Орысу Бруту не прад’явіла.

Мы папрасілі расказаць блогера-эколога, які цяпер судзіцца з «Омск Карбон», што, на яго думку, чакае Магілёў, калі завод запусціцца.

 

Маналог Брута

Мяне клічуць Уладзімір Ліфанцьеў. Я блогер, эколаг. Трэба разумець, што ў мяне не было мэты «мачыць» «Омск Карбон» і Валерыя Каплуната.

Омск – гэта прамысловы горад, дзе дзейнічае вялікая колькасць прадпрыемстваў. У мінулым годзе ў нас быў вялікі выкід эцілмеркаптана (моцнадзейнае таксічнае рэчыва). У працэсе работы па гэтай тэме я пачаў разбірацца з кожным прадпрыемствам.  Аднойчы зрабіў ролік пра Омскі завод тэхнічнага вугляроду.

Я проста ўзяў, апрацаваў інфармацыю, выказаў заклапочанасць экалагічнай сітуацыяй. А далей ужо пачалося. У Каплуната ў Омску ёсць некалькі падкантрольных СМІ. З іх і пачалася хваля нападак. Зараз яны на мяне падалі ў суд, сёння было першае пасяджэнне – абараняюць сваю дзелавую рэпутацыю.

«Омсктэхвуглярод» – гэта завод савецкай пабудовы. Ён пабудаваны па старых нарматывах. Плюс вакол яго з а часам нараслі жылыя раёны, так што дамы знаходзяцца недалёка ад вытворчасці. У відэа я распавядаў, што вакол завода, калі ўзімку лапатай праткнуць гурбу, то можна ўбачыць слаі чорнага снегу. Я не праводзіў лабараторных аналізаў, хоць мяркую, што гэта тэхнічны вуглярод.

Важны момант – у сваім пазове «Омсктэхвуглярод» спрабуе выставіць усе такім чынам, быццам я сказаў, што менавіта гэты завод – галоўны забруджвальнік раёна. Але фактычна ён з’яўляецца галоўным забруджвальнікам толькі аднаго з мікрараёнаў Омска.

Падаткі, валюта, рублі

Яшчэ ім не спадабалася, што я выявіў дадзеныя па падатках. Гэта, дарэчы, тое, што закране вас.

“Омск Карбон Груп” належыць фірме, якая зарэгістраваная ў Кіпры. То бок кампанія знаходзіцца ў афшорнай зоне.

Асноўны матэрыял для вытворчасці тэхнічнага вугляроду – так званы газойль. У «Омск Карбон Груп» ёсць асобная фірма, якая закупляе яго ў “Газпрома”. Затым яна прадае газойль на завод, за што мае сваю маржу.

«Омсктэхвуглярод» купляе і перапрацоўвае матэрыял. Пасля гэтага за расейскія рублі завод прадае тэхнічны вуглярод фірме, якая таксама ўваходзіць у холдынг, але знаходзіцца за мяжой. А вось далей, за мяжой, тавар прадаецца за даляры.

Я паглядзеў па падатковых выплатах – у 2013-2016 гадах, калі вуглевадароды (нафта) вельмі моцна знізілася ў кошце, а даляр вырос, у іх падатковыя адлічэнні не мяняліся.

Пра што гэта кажа? Калі долар вырас у два разы, павінен быў павялічыцца і рублёвы прыбытак. Гэта значыць, што тое, што раней каштавала 6 тысяч рублёў, потым павінна было каштаваць 12 тысяч з-за змены курсу даляра. Але падатковыя паступленні ад холдынгу не змяніліся – гэта значыць грошы кудысьці сышлі. Верагодна, як раз у кіпрскую афшорную зону, а не ў бюджэт.

Шчасця, здароўя, і яшчэ здароўя

Вас чакаюць хлопцы, якія будуць выкідваць тэхнічны вуглярод вакол сябе. Акрамя інвестыцый і працоўных месцаў, ніякіх асаблівых прэферэнцый яны ў вашу краіну не прынясуць, я думаю.

Прычым наконт працоўных месцаў трэба разумець, што ў працаўнікоў на техвугляродзе заўсёды «гарачая сетка» (шкодныя ўмовы вытворчасці) і гэта не проста так. Гэта сапраўды шкодная вытворчасць.

Я знаходзіў іх сертыфікаты якасці, хоць і састарэлыя. Там досыць выразна напісана, што тэхнічны вуглярод адносіцца да другой групы небяспекі і разглядаецца як патэнцыйны канцэраген. Там былі прыведзены некалькі прыкладаў вопытаў на жывёлах. У мышэй, калі я не памыляюся, ён выклікаў мноства новаўтварэнняў у лёгкіх, а ў іншых жывёл – праблемы з дыхальнай сістэмай.

Што тычыцца адпаведнасці нормам, трэба быць асцярожнымі. Я не ведаю, як будзе ў Магілёве, але ў Омску завод техвуглярода не ўваходзіць нават у пяцёрку самых тэхнічна аснашчаных прадпрыемстваў. Магчыма, што ім прасцей пабудаваць новы завод, чым мадэрнізаваць стары.

Трэба браць нарматывы крытычна дапушчальнай канцэнтрацыі шкодных рэчываў, асноўную ўвагу звярнуць на ўтрыманне вуглевадароду ў паветры і змест дробных часціц. На Алі-Экспрэс кітайцы прадаюць стацыянарны лавец мікрачасцін частатой да 0,25 МПа. Ён счытвае колькасць мікрачасцін, таго самага пылу, які асядае ў лёгкіх, але не улаўліваюцца носам. Падобныя праекты добра рэалізаваны ў Маскве і Краснаярску. Гэта вельмі выгадна, калі афіцыйнай інфармацыі і статыстыцы даверу няма.

Алесь Святліцкі

Крыніца: mspring.online