Галоўная » Орша – горад Магілёўска-Віцебскага сумежжа (фотарэпартаж)

Орша – горад Магілёўска-Віцебскага сумежжа (фотарэпартаж)

Орша – горад у Віцебскай вобласці, амаль на мяжы з Магілёўшчынай, з’яўляецца адміністрацыйным цэнтрам Аршанскага раёна. Буйны транспартны вузел і цэнтр прамысловасці. У горадзе шмат розных архітэктурных славутасцяў.

Адной з асноўных славутасцяў горада Орша з’яўляецца комплекс будынкаў былога калегіума езуітаў. Будынкі якія ўваходзяць у гэты комплекс ўзводзіліся з 1690 па 1803 гады. У нядаўні час дадзены архітэктурны ансамбль быў цалкам адрэстаўраваны і адноўлены. Зараз у галоўным будынку калегіума размяшчаюцца дзіцячая бібліятэка, мастацкая галерэя з выставачнай залай і аддзел культуры гарвыканкама. У іншым будынку комплексу размясціўся “Дом рамёстваў”.

Наступнай славутасцю горада Орша з’яўляецца касцёл Святога Іосіфа, які быў пабудаваны ў 1819 годзе. Дадзены храм першапачаткова меў дзве вежы і трохкутны франтон на галоўным фасадзе паміж імі, але вежы былі разабраны ў 1870 годзе, трохкутны франтон таксама не захаваўся. У астатнім дадзены храм цалкам захаваў сваё першапачатковае аблічча, акрамя таго ён быў нядаўна адрэстаўраваны. Тым не менш, цяпер будынак касцёла ў горадзе Орша выглядае некалькі нетыпова і нязвыкла.

Гістарычны цэнтр горада Орша, дзе і размешчана цяпер большасць архітэктурных каштоўнасцяў, фармаваўся паблізу месца дзе ў Дняпро ўпадае рака Аршыца. Зараз у гэтым месцы маецца таксама невялікі парк. Такім чынам, у цэнтры горада Орша створана вельмі прыемная атмасфера, што прываблівае мноства турыстаў. Тут маецца шмат гістарычных помнікаў, якія пры гэтым размешчаны ў маляўнічых месцах. Акрамя таго, Орша – гэта буйны горад, акрамя саміх славутасцяў тут маецца і ўся іншая неабходная турыстычная інфраструктура, гасцініцы, банкаматы, гандлёвыя цэнтры і гэтак далей.

Значную частку гарадскога насельніцтва складаюць выхадцы з Шклоўскага і Горацкага раёнаў Магілёўшчыны.

Алесь Грудзіна. Фота аўтара