Прэс-служба УУС Магілёўскага аблвыканкама паведаміла, што магілёвец выбіў незнаёмцу зубы, бо той дрэнна праспяваў у караоке-бары горада. Але першапачатковая версія здарэння была зусім іншай.
Многія інфармацыйныя парталы паведамілі, што магілёвец выбіў незнаёмцу зубы, бо той дрэнна праспяваў у караоке-бары. Выпадак дзікі, і ён натуральна прыцягнуў да сябе ўвагу.
Па афіцыйнай версіі п’яны але раней не судзімы 38-гадовы дырэктар адной з арганізацый Магілёва адпачываў у адным з караоке-бараў горада, дзе незнаёмы яму 33-гадовы мужчына спяваў адну з яго любімых музычных кампазіцый. Спяваў ён яе кепска, што стала адной з прычын канфлікту. У выніку спявак – небарака пазбавіўся некалькі зубоу. Была заведзена крымінальная справа.
Але, як стала вядома нашаму карэспандэнту, першапачатковая версія нападу была зусім іншай, нават супрацьлеглай. Прычынай бойкі стала тое, што 33-гадовы спявак выконваў кампазіцыю задужа добра. Менавіта выдатнае выкананне вывела з раўнавагі п’янага нападніка, які падышоў і моўчкі прамым ударам выбыў два пярэдніх зуба. Менавіта такую версію ён агучыў пры сведках ахоўнікам, якія яго затрымалі: “А чаго ён так добра спяваў?”. Нематываванасць бойкі стала падставай для шматлікіх абгавораў сярод наведвальнікаў караоке-бара.
Чаму ў выніку абвінавачаны змяніў свае паказанні, можна толькі здагадвацца, але найхутчэй з прычыны магчымага змякчэння свайго пакарання. У любым выпадку, падобныя здарэнні не частыя ў магілёўскіх барах, а ў гэтым рэстаране такога ніхто і ўзгадаць не змог.