Паўла Севярынца будуць судзіць у Магілёве. Пра гэта паведаміла ў Facebook яго жонка Вольга Севярынец. “Яго справу перадалі ў Магілёўскі абласны суд”, — піша яна.
“Відаць, проста, каб родным і сябрам жыццё ўскладніць, каб ездзілі, хваляваліся, каб было менш падтрымкі”, — так мяркуе пра месца правядзення суда Вольга Севярынец. Суд мусіць быць прызначаны на працягу месяца.
Вольга дадае, што Павел “трымаецца нармальна, кажа, што ў справе поўнае беззаконне і што ад яго тут нічога не залежыць, таму стараецца не марнаваць час і больш працаваць”. Сама яна з трохгадовым сынам Францішкам трапіла ў бальніцу з пнеўманіяй.
Апазіцыйны палітык і пісьменнік Павел Севярынец за кратамі з пачатку лета 2020 года. Яго затрымалі 7 чэрвеня і спачатку асудзілі па адміністрацыйным артыкуле на 15 сутак арышту. Пасля яму дадалі новых сутак, а з часам выставілі абвінавачанне па крымінальным артыкуле — удзел у “масавых беспарадках”. Севярынец прызнаны палітвязнем.
Як дадае nn.by, там жа у Магілёве будуць судзіць палітвязняў Яўгена Афнагеля, Андрэя Войніча, Паўла Юхневіча, Максіма Вінярскага, Дзмітрыя Казлова і Ірыну Шчасную.
Крыніца: euroradio.fm