Як паказвае сітуацыя, жыхароў Магілёўшчыны, як і ўсёй краіны, вельмі хвалююць праблемныя экалагічныя пытанні, пытанні стану навакольнага асяроддзя. Вастрыня гэтых пытанняў ў Магілёўскай вобласці мае яшчэ большае значэнне ўзвязку з негатыўнымі для здароўя людзей наступствамі аварыі на Чарнобыльскай АЭС 1986 года.
“Магілёўскі рэгіён” на сваіх старонках неаднаразова ўздымаў гэтыя праблемныя пытанні, распавядаў сваім чытачам аб фактах перавышэнняў дапушчальных канцэнтрацый забруджвальных рэчываў у сцёкавых водах на выпуску ў прытокі Дняпра з аб’ектаў прадпрыемстваў жыллёва-камунальнай сферы і аграпрамысловага комплекса вобласці ў 2019 і 2020 гадах.
Антылідэрам па аб’ёмах забруджаных сцёкавых вод выпушчаных у водныя аб’екты быў названы Шклоўскі раён, дзе ў прытокі Дняпра – р.Капуснік і р.Бярозаўка з ачысных збудаванняў ЖКГ і аб’ектаў ААТ “Александрыйскае” штогод зліваюцца дзесяткі, а можа і сотні тысяч метраў кубічных нечыстотаў.
Сітуацыя з выпускам нечыстотаў у водныя аб’екты на Шклоўшчыне не змянілася да лепшага, а яшчэ больш пагоршылася, і ў 2021 годзе.
І праблема гэтая з’явілася не сёння. Ужо больш дзесятка гадоў, згоду ў год, чыноўнікі розных рангаў усё малююць разнастайныя планы па рэканструкцыі ачысных збудаванняў ЖКГ Шклова, а кіраўніцтва Магілёўскага абласнога камітэта прыродных рэсурсаў і аховы навакольнага асяроддзя закрывае вочы, стараючыся не заўважаць праблемаў, як у свой час закрывалі вочы, не заўважаючы парушэнняў экалагічнай скіраванасці пры здачы жывёлагадоўчых комплексаў і аб’ектаў па перапрацоўцы жывёлагадоўчай прадукцыі ААТ “Александрыйскае”.
Чытачы “Магілёўскага рэгіёну” у апошнія месяцы нярэдка звяртаюцца ў рэдакцыю партала з пытаннем – ці рэагуюць беларускія ўлады розных узроўняў на ўзнятыя праблемы ? І гэтае пытанне хвалюе не толькі шклаўчан. Яно хвалюе прадстаўнікоў амаль усіх рэгіёнаў.
Неабходна адзначыць, што публікацыі на старонках “Магілёўскага рэгіёну” аб экалагічных праблемах вобласці былі заўважаны на высокім дзяржаўным узроўні. І, як вынік, – 31 сакавіка 2021 года пад №183, за подпісам прэм’ер-міністра Р.Галоўчанка, з’явілася Пастанова Савета Міністраў Рэспублікі Беларусь, дзе адным з пунктаў значыцца – вырашэнне праблемных пытанняў па сцёкавых водах у г.Шклове.
Каардынацыя і кантроль за выкананнем праекта па ачысных збудаваннях у Шклове ўскладзены на Міністэрства ЖКГ Рэспублікі Беларусь і Магілёўскі абласны выканаўчы камітэт.
Хоць гэта і ёсць першасным поспехам у вырашэнні ўзнятых праблемаў, Магілёўскі рэгіён плануе і надалей адсочваць развіццё падзей па ахове навакольнага асяроддзя на Магілёўшчыне, і не толькі ў звязку з Пастановай Савета Міністраў №183, і даводзіць інфармацыю на сваіх старонках чытачам партала.
Рыгор Кастусёў