У зборнік “Гісторыя Магілёва: мінулае і сучаснасць” увайшлі навуковыя артыкулы ўдзельнікаў XII Міжнароднай навуковай канферэнцыі “Гісторыя Магілёва: мінулае і сучаснасць”.
Навуковая канферэнцыя адбылася 25 – 26 чэрвеня гэтага года ў горадзе Магілёве. Чарговая навуковая сустрэча была прысвечана 80-годдзю гераічнай абароне Магілёва ў ліпені 1941 года. У канферэнцыі бралі ўдзел навукоўцы з Беларусі, Польшчы, Расіі і Украіны. Таксама былі запрошаны і мясцовыя краязнаўцы.
Зборнік пачынаецца прывітальным словам старшыні Магілёўскага гарадскога выканаўчага камітэта Уладзіміра Міхайлавіча Цумарава. Ён у прыватнасці адзначыў: “Гісторыя Магілёва – глыбокая і цікавая тэма. Магілёўская зямля багата паліта крывёй абаронцаў Айчыны, і шмат старонак тых падзей яшчэ чакаюць свайго даследчыка. Магілёўцы памятаюць і паважаюць сваю гераічную гісторыю, свае духоўныя каштоўнасці, якія перадаюць з пакалення ў пакаленне. Гістарычная памяць аб мінулым – гэта прыклад мужнасці, працавітасці, самаахвярнасці ў імя нашай Радзімы. Гэта тое, што прымушае нас да далейшага паступальнага развіцця, да новых здзяйсненняў, якія будуць упісаны ў летапіс сучанай гісторыі горада”. Таксама Уладзімір Міхайлавіч пажадаў усім удзельнікам канферэнцыі плённага навуковага дыялогу, цікавых адкрыццяў, дасягнення партнёрскіх і сяброўскіх адносін.
Усяго ў зборнік увайшлі 64 паведамленні, якія асвятляюць тэмы гераічнай абароны Магілёва і падзеі Вялікай Айчыннай вайны на Магілёўшчыне, старажытную гісторыю, сацыяльна-эканамічныя, палітычныя, культурныя, канфесійныя і духоўныя працэсы, імёны славутых землякоў. У зборніку захаваныя погляды, арфаграфія і мова аўтараў. Адрасуецца даследчыкам, студэнтам, краязнаўцам, усім тым, хто цікавіцца рэгіянальнай гісторыяй Беларусі.
Алесь Грудзіна, адзін з аўтараў зборніка