Галоўная » Пабачыла свет кніга пра ўзаемадзеянне мясцовых органаў улады і некамерцыйных арганізацый у Беларусі

Пабачыла свет кніга пра ўзаемадзеянне мясцовых органаў улады і некамерцыйных арганізацый у Беларусі

Напрыканцы сакавіка 2019 г. пабачыла свет выданне “Узаемадзеянне мясцовых органаў улады і некамерцыйных арганізацый у Беларусі: прававое рэгуляванне і практыка”. Кніга не толькі прысвечаная аналізу сённяшніх юрыдычна-прававых умоваў дзейнасці грамадскага сектару, але і выбудоўвае пэўнае бачанне таго, што рабіць далей дзеля развіцця грамадзянскай супольнасці і наладжвання прадуктыўнага міжсектарнага дыялогу на мясцовым узроўні.

Многія актыўныя гульцы грамадскага сектару Беларусі заўважылі пэўныя станоўчыя змены ў стаўленні ўладных структураў да дзейнасці НДА, да прапаноў грамадскасці агулам. У шэрагу сфер гэтая адкрытасць – істотная (як, напрыклад, у сферы развіцця умоў для прадпрымальніцтва). У іншых абласцях (напрыклад, захаванне правоў чалавека) гэтая адкрытасць хоць і мае месца, але ацэньваецца як дэманстратыўная, працэдурная, арыентаваная на абмеркаванне, але не звязаная з рэальным улікам інтарэсаў грамадскасці.

У той жа час відавочна, што праца мясцовых ініцыятыў спрыяе вырашэнню многіх праблем і задач, а таксама вядзе да паляпшэння мясцовага мікраклімату ў цэлым. Аднак гэтыя пазітыўныя змены не стануць устойлівымі, калі мясцовыя ўлады не будуць улічваць меркаванне грамадзян і не ўбачаць у грамадзянскай супольнасці свайго непасрэднага партнёра.

У сувязі з гэтым паўстала неабходнасць правядзення даследавання і аналізу суадносін прававых умоў і практыкі ўзаемадзеяння мясцовых уладаў і некамерцыйных арганізацый у нашай краіне з мэтамі прапановы рэкамендацый розным актарам па паляпшэнні сітуацыі.

Вынікі такога даследавання і пабачылі свет напрыканцы сакавіка гэтага года  ў выглядзе кнігі пад назвай “Узаемадзеянне мясцовых органаў улады і некамерцыйных арганізацый у Беларусі: прававое рэгуляванне і практыка”.

Асноўны блок выдання змяшчае інфармацыю пра тое, чаму некамерцыйныя недзяржаўныя арганізацыі з’яўляюцца важнымі элементамі ўдзелу грамадства ў прыняцці рашэнняў уладамі. Аўтары кнігі – Вольга Смалянка (Цэнтр прававой трансфармацыі) і Юры Чавусаў (Асамблея няўрадавых дэмакратычных арганізацый Беларусі) – дзеляцца замежным досведам камунікацыі паміж грамадствам і дзяржавай, а таксама аналізуюць прававыя ўмовы і практыкі такога ўзаемадзеяння ў Беларусі.

Важнай часткай кнігі ёсць рэкамендацыі рэспубліканскім і мясцовым органам улады, арганізацыям грамадзянскай супольнасці і міжнародным арганізацыям. Гэтыя рэкамендацыі, распрацаваныя аўтарамі даследавання пры ўдзеле прадстаўнікоў шырокага спектру некамерцыйных арганізацый, дазволяць развіваць канструктыўнае міжсектарнае ўзаемадзеянне.

Таму кніга будзе дасланая шырокаму колу дзяржаўных інстытуцый, а таксама недзяржаўным беларускім і міжнародным арганізацыям.  Для ўсіх зацікаўленых ёсць магчымасць,  пакінуўшы заяўку, атрымаць яе ў папяровым  выглядзе абсалютна бясплатна. Для гэтага трэба запоўніць адмысловую форму. У электронным варыянце выданне можна спампаваць тут.

Гэтае выданне – вынік даследаванняў прававых умоваў дзейнасці недзяржаўных арганізацый і іх супрацы з уладамі, якія ладзіліся цягам трох гадоў на замову кампаніі “Будзьма беларусамі!” і Школы маладых менеджараў публічнага адміністравання “SYMPA” ў межах рэгіянальнай кампаніі “Разам да справы!”