З пункту гледжання правядзення прэзідэнцкай выбарчай кампаніі, распараджэнне А.Лукашэнкі ад 1-га ліпеня 2020 года па рашэнні праблемаў, на якія скардзіліся грамадзяне ў час збору подпісаў за яго, – гэта ні што іншае, як датэрміновая агітацыя, за якую, згодна беларускага заканадаўства, ён павінен быць зняты з выбарчай гонкі.
У асноўным гэтыя праблемы звязаныя з будаўніцтвам і развіццём інфраструктуры: транспартнай, сацыяльнай, турыстычнай.
У дадзены спіс папалі і пяць аб’ектаў Магілёўскай вобласці. Сярод іх і палац у вёсцы Жылічы, Кіраўскага раёна – помнік архітэктуры міжнароднага значэння, пабудаваны ў 18-19 стагоддзях, які даўно патрабуе рамонтна-рэстаўрацыйных работ. Рэканструкцыя гэтага палаца была распачата ў 2009 годзе і цягнецца ўжо 11 гадоў. Па розных прычынах, то не хапае сродкаў, то адсутнічае будаўнічая арганізацыя, здольная выканаць гэтыя работы, тэрміны заканчэння работ шмат разоў пераносіліся. Наступны тэрмін здачы аб’екта – 2022 год, у што з цяжкасцю верыцца.
Амаль за 26 гадоў знаходжання на вышэйшай дзяржаўнай пасадзе, А.Лукашэнка, як гісторык па першай адукацыі, неаднаразова звяртаў увагу на шэраг іншых гістарычных аб’ектаў Магілёўшчыны, даваў шматлікія распараджэнні па іх рэстаўрацыі, нават, па яго словах, выдзяляў на гэта фінансавыя сродкі.
І сапраўды, на некаторых з іх распачыналіся рэстаўрацыйныя работы. Да справы падключаліся навукоўцы, дэпутаты ПП, чыноўнікі розных рангаў, якія гарантавалі выканання працы ў самыя кароткія тэрміны, але ўсе іх патугі заканчваліся пшыкам.
Колькі, напрыклад, было афіцыйнай шуміхі вакол старажытнага помніка – замка ў Быхаве, як адзінага захаваўшагася абарончага збудавання з часоў ВКЛ на тэрыторыі усходняй Беларусі. У час падрыхтоўкі горада да правядзення Дня беларускага пісьменства 2013 года ў замку былі, нават, распачаты рэстаўрацыйныя работы. І, як звычайна бывае, да Дня пісьменства аб’ект не быў завершаны, а надалей – пра замак забылі і мясцовыя ўлады, і дэпутаты, і навукоўцы, і кіраўнік дзяржавы. Як забылі і пра побач размешчаную сінагогу – не меней важны помнік гістарычнага значэння.
Не меней размоваў было і вакол рэканструкцыі касцёла св.Антонiя былога дамiнiканскага кляштара ў в.Княжыцы, Магілёўскага раёна, зачыненага бальшавікамі ў 1965 годзе. У касцёле таксама ўжо некалькі разоў распачыналіся рэстаўрацыйныя работы.
Паўтара дзесятка гадоў чакае сваёй рэканструкцыі Бабруйская крэпасць – унікальны помнік абарончага збудавання на тэрыторыі Магілёўскай вобласці, збудаваны ў часы Расійскай імперыі.
І такія аб’екты ёсць амаль у кожным горадзе, у кожным раёне Магілёўшчыны, якія стаяць занядбанымі, разбураюцца.
Пры гэтым, як грыбы пасля дажджу, растуць гмахі чыноўнікаў розных узроўняў у прэстыжных месцах, пабудаваныя, нярэдка, за незаконна атрыманыя карупцыйныя сродкі.
Скарачэнне карупцыі толькі на 20% на працягу праўлення А.Лукашэнкі з накіраваннем гэтых сродкаў на рэстаўрацыйныя работы, дазволіла б на сёння прывесці ў належны стан усе гістарычныя аб’екты.
Ды не толькі ў фінансавых сродках праблема.
Будаўнічая галіна Магілёўшчыны ўжо не здольна забяспечыць якаснае выкананне работ на такіх важных гістарычных аб’ектах.
Напрыклад, “Быхаўская ПМК-247” не змагла, нават, якасна правесці рамонт звычайнага даху ў будынку школы, а маёмасць арганізацыі была выстаўлена на продаж Упраўленнем юстыцыі Магілёўскага аблвыканкама.
Гучаўшая раней на ўсю краіну “Круглянская ПМК-266”, якая бралася за любыя самыя важкія і адказныя аб’екты, зараз зняходзіцца ў складанай сітуацыі. Мінулыя часы і магчымасці, ў асноўным звязаныя з імём яе былога кіраўніка М.Патрончыка, калі арганізацыя будавала аб’екты не толькі ў Круглянскім раёне, але і на Шклоўшчыне, у Магілёве, іншых раёнах Магілёўшчыны і суседніх абласцей, засталіся толькі ў памяці.
У Шклове, дзе будаўнічая арганізацыя “Шклоўская ПМК-283” была зусім ліквідавана на пачатку 2000-х гадоў, адраджэнне будаўнічай галіны праз стварэнне новай ПМК-2 так і не дала чакаемага выніку. Арганізацыя таксама вымушана прадаваць сваю маёмасць.
Замест круглянцаў на Шклоўшчыне зараз шчыруе “Бялыніцкая ПМК-241”, вымушаная дастаўляць сваіх работнікаў на аб’екты кожны дзень за 60 км. у адзін бок.
Не ў лепшым стане знаходзяцца і іншыя будаўнічыя арганізацыі вобласці.
Калі негатыўныя працэсы ў будаўнічай галіне Магілёўскай вобласці будуць развівацца і надалей, то хутка некаму будзе будаваць звычайныя шматпавярховікі. Усё ідзе да гэтага.
Толькі рэфармаванне будаўнічай сферы, стварэнне канкурэнцыі праз прыцягненне і разняволенне прыватнага бізнэсу можа пакуль яшчэ выправіць сітуацыю да лепшага.
Рыгор Кастусёў