«Пад вокам зьдзертая скура і лоб расьсечаны». Жыхар Магілёва расказаў, як яго паранілі падчас разгону пратэсту 27 верасьня.
У Магілёве пасьля разгону нядзельнай акцыі пратэсту быў шпіталізаваны 38-гадовы Андрэй Вярбіцкі, якому разьбілі твар.
Зь Ленінскага раённага аддзелу міліцыі яго даставілі ў бальніцу хуткай дапамогі. Сьледчы камітэт праводзіць праверку.
«Прасіў, каб мяне ня білі…»
Андрэя Вярбіцкага пабілі на плошчы Арджанікідзэ, дзе супраць калёны пратэстоўцаў міліцыянты ўжылі сілу і спэцсродкі — стрэлілі ў паветра зь сьвятлашумавой ракетніцы.
Ён кажа, што з усёй грамады амапаўцаў, якая ішла ў атаку на людзей, агрэсіўна сябе паводзілі двое. Яны былі высокага росту і шыракаплечыя. На погляд Андрэя, міліцыянты мэтанакіравана ішлі на яго і мужчыну побач, якому перапала значна болей. Андрэй ня ведае, што зь ім адбылося пазьней.
«Я літаральна на сэкунду зірнуў на мужчыну побач, і мне адразу нанесьлі ўдар, але не дручком, бо ад яго застаўся б шнар. А так у мяне пад вокам зьдзертая скура і лоб расьсечаны, — кажа Андрэй. — Я схапіўся за твар. Адчуў, што пацякла кроў. Групаваўся, локцямі прыкрыў тулава. Прасіў, каб мяне ня білі, бо сам пайду, куды скажуць. Калі я сагнуўся, прагучаў стрэл. Ля мяне бліснула. Потым яшчэ было два ўдары па баках, але не скажу, што моцныя».
Прызначанае дэталёвае абсьледаваньне
Далей, кажа мужчына, яго павалаклі ў мікрааўтобус. У той момант перад сабой ён нічога ня бачыў. Па ягоных словах, у салёне на падлозе ўжо ляжалі двое. Ён стаяў сагнуўшыся на каленях, а на ім «сядзеў агрэсіўны амапавец, які дужа крычаў». Андрэй выконваў усе патрабаваньні міліцыянтаў. «Выклікаць хуткую дапамогу прасіў, ужо калі быў у машыне, бо пачаў траціць прытомнасьць. Прасіў у амапаўцаў дазволу выпрастацца, бо не хапала паветра, — працягвае Андрэй. — У аддзел міліцыі мяне вялі, бо карцінка перада мною была расплывістая. Праз гадзіну ў аддзел прыехала хуткая.
Паводле папярэдняга дыягназу, у пацярпелага чэрапнамазгавая траўма лёгкай ступені. Ушыбленая рана ў лобнай вобласьці. Для дэталёвага абсьледаваньня прызначаны шэраг працэдураў. У мэдычных дакумэнтах пазначана, што Вярбіцкі дастаўлены зь Ленінскага аддзелу міліцыі.
Было страшна
У Андрэя Вярбіцкага 27 і 28 верасьня быў сьледчы, якія апытаў яго. Пра перажытае ён кажа: амапаўцы выконвалі загад разагнаць людзей. Паўтарае, што сярод сілавікоў бачыў толькі дваіх агрэсіўных, а «астатнія ішлі, апусьціўшы дручкі». «Так выйшла, што я быў першы і бачыў, на што настроеныя экіпаваныя сілавікі, — падсумоўвае суразмоўца. — Гэта страшна, калі на твае 70 кіляграмаў сунецца масіўны дзядзька на дзьве галавы вышэйшы. Я не супраціўляўся, бо не пераношу гвалт, асабліва калі ён беспадстаўны. Я ж не злачынца. Ужываньне гвалту супраць беззабаронных людзей — гэта дужа кепска».
Сілу і спэцсродкі міліцыянты апошні раз ужывалі ў Магілёве ў першыя тры дні пасьля выбараў. Потым прыхільнікаў пераменаў затрымлівалі, але без асаблівага гвалту.
27 верасьня брутальнае зьняволеньне ўдзельнікаў пратэсту супраць вынікаў выбараў адбылося ўпершыню амаль за 50 дзён. Паводле праваабаронцаў, на вуліцах гораду схапілі больш за 30 чалавек.
У публікацыі выкарыстаны матэрыял інфармацыйнага агенцтва «Белапан».
Фота: Радыё Свабода
Крыніца: Радыё Свабода