Жыхарка Магілёва Ганна (прозьвішча яна папрасіла не называць) два гады кіравала школьнай арганізацыяй БРСМ. Пасьля таго, як даведалася, што вучняў прымушаюць уступаць у гэтую дзяржаўную арганізацыю, на знак пратэсту пакінула пасаду і выйшла з БРСМ, піша Радыё Свабода.
Ілюстрацыйнае фотаЗ таго часу мінула амаль дзесяць гадоў. Ганна скончыла ўнівэрсытэт і стала пэдагогам. Адпрацавала на сяле два гады разьмеркаваньня. Відэаролік аб прымусе вучняў 31-й менскай гімназіі ўступаць у БРСМ нагадаў ёй яе гісторыю. Ганна пагадзілася падзяліцца ёю са Свабодай.
Уступіла ў БРСМ, ня ведаючы, што гэта за арганізацыя
Ганна вучылася ў звычайнай магілёўскай школе. Была актыўнай у грамадзкім жыцьці. Удзельнічала ў прадметных алімпіядах, разнастайных конкурсах. Уступіла ў БРСМ не з уласнай ініцыятывы ў 14 гадоў. Аднойчы да яе падышла супрацоўніца адміністрацыі школы і прапанавала ўступіць у арганізацыю.
«Гэта добра, што ты атрымліваеш дыплёмы, — успамінае словы пэдагога суразмоўца, — але, каб уступіла ў БРСМ, то гэта было б яшчэ лепей для школы».
Паводле Ганны, у яе тады не было разуменьня, што такое БРСМ, але, разважыўшы, палічыла, што сяброўства ў ім ня будзе абцяжарваць яе жыцьця, і пагадзілася.
Старшынёўства ў БРСМ: бюракратыя і імпрэзы для прыліку
Праз год Ганну папрасілі стаць старшынёй школьнай арганізацыі. Тады ў яе адбылося больш грунтоўнае знаёмства з БРСМ. Яна пачытала статут, у якім, адзначае, прыгожа было апісана тое, чым мусіць займацца арганізацыя. У ім, шмат гаварылася пра патрыятычнае і маральнае выхаваньне моладзі, што дзяўчыне імпанавала.
«Калі ж я ачоліла арганізацыю, то ўся яе дзейнасьць для мяне адышла на другі плян», — прызналася Ганна.
«На першым былі бюракратычныя пытаньні. Трэба было даваць справаздачы пра ўсе праведзеныя імпрэзы. Асабліва цяжка было з гэтым справіцца, калі падзеі былі адна за адной, — тлумачыць Ганна. — Мне пастаянна прысылалі паперы, у якіх даводзілі, што трэба было правесьці ў пэўны час.
З праведзенага варта было дасылаць фатаздымкі вышэйшаму кіраўніцтву. Калі фота не было, то лічылі, што і мерапрыемства не праводзілася. Часам навязваліся тэмы, якія абсалютна не цікавілі школьнікаў, і тады даводзілася праводзіць іх фармальна для прыліку. Задавальненьня ад такой работы не было».
Калі вучні не саступяць, пагражалі звольніць кляснага кіраўніка
Ганна кіравала школьнай арганізацыяй БРСМ амаль два гады. У канцы дзясятай клясы дзяўчына заявіла, што пакідае пасаду на знак пратэсту супраць прымусу школьнікаў уступаць у БРСМ: калі яна захварэла і два тыдні адсутнічала ў школе, на вучняў пачалі ціснуць. За гэты час колькасьць сяброў БРСМ у школе вырасла з 80 амаль да 200.
Калі Ганна вярнулася ў школу, то вучні ёй расказалі, з чым ім давялося сутыкнуцца. У ціску абвінавацілі яе. Сытуацыя дзяўчыну шакавала.
«Тады мне стала дужа брыдка і сорамна, — кажа Ганна. — Я не змагала пайсьці на ўгоду са сваім сумленьнем і напісала заяву, што пакідаю пасаду і выходжу з БРСМ».
Яна кажа, што вучняў страшылі звальненьнем са школы клясных кіраўнікоў, калі яны ня ўступяць у БРСМ. Пра пагрозу звальненьня казалі вучням і самі пэдагогі.
«Зразумела, вучні, якія настаўнікаў паважалі, для якіх яны былі аўтарытэтамі, саступалі, — тлумачыць Ганна. — Для іх было нескладана прынесьці фатаздымак і плаціць капейкі сяброўскіх складак. З гэтым было прасьцей зьмірыцца, чым са звальненьнем пэдагога, якога паважаеш».
«Пагражалі, што ў мяне ў жыцьці ўсё будзе кепска»
Суразмоўца прызналася, што пасьля заявы аб выхадзе з БРСМ на яе «сварыліся». Зь ёю сустракаўся старшыня раённай арганізацыі БРСМ і настойліва раіў адумацца.
«Мне даводзілі, што я нікуды ў гэтай краіне не паступлю пасьля школы і ўладкавацца на працу нідзе не змагу. І наагул, усё ў маім жыцьці будзе дужа кепска, — прыгадвае тыя гутаркі Ганна. — Але нічога такога са мною не было. Мяне баранілі мае настаўнікі. Бацькам я не казала, як на мяне насядалі. Іх запрасілі былі ў школу і намаўлялі, каб яны паўплывалі на мяне. Бацькі ж на гэта адказалі, што гэта маё рашэньне».
«На БРСМаўскіх нарадах адчуваньне, што ты нявольнік»
За сваю працу ў БРСМ, кажа Ганна, матэрыяльнага заахвочваньня не было. Вучні сплачвалі сяброўскія складкі, а калі нешта браліся праводзіць, то актыў арганізацыі набываў неабходнае за свае грошы, якія ніхто не кампэнсаваў.
Дужа цяжка было вытрымаць шматгадзінныя нарады кіраўнікоў школьных суполак БРСМ з раёну і гораду. Праводзілі іх раз на год сакратары раённых і абласных арганізацыяў БРСМ.
На іх даводзілася 15-гадовым школьнікам слухаць «сухую і нецікавую статыстыку пра колькасьць праведзенага, сабранага, высаджанага, што стамляла». На іх, згадвае Ганна, было адчуваньне, што «ты нявольнік».
«Дужа прыгнятала, калі цябе перад аднагодкамі крытыкавалі, — кажа яна. — Ты робіш, стараесься, а кіраўніцтву працэнты не падабаюцца».
На такіх нарадах, паводле Ганны, асабліва падкрэсьлівалася неабходнасьць «павялічваць працэнт ахопу вучняў». Калі ў пэўнай школе 87 адсоткаў школьнікаў у БРСМ, тлумачыла яна, а суседняя выйшла на ўсе сто, то бэсьцілі кіраўніка арганізацыі той школы, дзе працэнт меншы.
«Мне было незразумела, як можна ў адсотках вымераць моладзевую актыўнасьць, — кажа суразмоўца. — Ня ўся ж моладзь актыўная толькі ў БРСМ. Сьвет яе інтарэсаў разнастайны. Так было і так будзе».
Словы пэдагога зь менскай школы — гэта «цкаваньне дзяцей»
Ганна бачыла відэаролік аб прымусе вучняў менскай гімназіі № 31 уступаць у БРСМ. Тыя зьняважлівая фразы чула ў свой час і сама. Пра іх казалі ёй сябры.
«Мяне ўсё ж уразіла жорсткасьць і нявытрыманасьць настаўніцы, — адзначае Ганна. — Яе словы — гэта цкаваньне дзяцей. Фразы, што нікуды не паступіце і атэстат сапсуём, сьведчаць пра непрафэсіяналізм пэдагога. Мяне дзівіць, як яны могуць сапсаваць атэстат? Ён жа адлюстроўвае ўзровень ведаў і пасьпяховасьць вучня. У ім ніяк не пазначаецца, што дзіця ў БРСМ альбо супраць яго».
Ганна настойвае: насяданьне на вучня калечыць дзіцячую псыхіку. Калі нават аўтарытэтны пэдагог, кажа яна, просіць уступіць у БРСМ, то дзіця, якое гэтага ня хоча, апынаецца ў сытуацыі псыхалягічнага дыскамфорту і ўнутранай барацьбы.
«Тут варта думаць найперш пра здароўе дзяцей і ні ў якім разе не апускацца да гвалту. Калі дзіця зразумее, што БРСМ яму патрэбен, у яго няма ўнутранага пярэчаньня, то сам уступіць», — лічыць былая кіраўніца школьнай арганізацыі БРСМ.
Чаму БРСМ ганяецца за 100-адсоткавым ахопам моладзі
Сытуацыя ў менскай гімназіі, паводле Ганны, сьведчыць, што мэтады працы з моладзьдзю за прамінулы час ад яе навучаньня не зьмяніліся. Яна думае, што прымушаюць уступаць у БРСМ вучняў найперш з так званых «узорных» навучальных устаноў. Калі школа імкнецца да гэтага статусу, то прымус у ёй ёсьць напэўна.
«Гэта робіцца для таго, каб паказаць, што выхаваўчая праца вядзецца ў школе на належным узроўні і вучнёўская моладзь падтрымлівае сучасную моладзевую палітыку, — тлумачыць яна. — Гэтым дэманструецца, што школа з усімі дзецьмі папрацавала, усіх прыцягнула. Пры гэтым усе ж разумеюць, што фізычна немагчыма ўсіх дзяцей ахапіць дзейнасьцю БРСМ».
Паводле Ганны, шмат што залежыць ад адэкватнасьці адміністрацыі школы. Калі кіраўніцтва хоча пацешыць сваё эга тым, што ў БРСМ усе 100 адсоткаў вучняў, то будзе выкарыстоўваць шырокі арсэнал мэтадаў, каб навязваць вучням сваю волю.
«БРСМ — гэта спадкаемец савецкай эпохі, нездарма ён лічаць сябе пераемнікам ВЛКСМ, — даводзіць сваю пазыцыю Ганна. — Таму і яны гоняцца за 100 адсоткамі. Якія гэта будуць 100 %, нікога не хвалюе. У школе глыбока састарэлая сыстэма працы зь дзецьмі, адсюль усе праблемы».
Ганна запэўнівае, што за час яе працы ў школах ёй не даводзілася сутыкацца з сытуацыямі, калі вучняў прымушалі ўступаць у БРСМ. Яна кажа, што ім толькі прапаноўваюць гэта зрабіць.