Яе абяцаюць пакараць на месцы працы — у Клімавіцкай ДЮСШ, паведамляе Радыё Свабода.
Гаворка пра супрацоўніцу Клімавіцкай ДЮСШ Іну Кардабнёву, якая заявіла ў сваім відэаблогу, што беларуская мова, «жудасная і блытаная», «робіць беларускіх дзяцей яшчэ тупейшымі».
«Яе ўжо выклікалі ў райвыканкам, патрабуюць характарыстыку, пайшлі разьбіраньні», — паведаміла Свабодзе намесьніца дырэктара Клімавіцкай ДЮСШ Ларыса Рагоўская.
Ларыса Рагоўская сказала карэспандэнту Свабоды, што чула выказваньні Іны Кардабнёвай і што тая будзе пакараная.
Паводле прадстаўніцы адміністрацыі школы, выказваньні Іны Кардабнёвай не адлюстроўваюць пазыцыі навучальнай установы.
«Гэта яе думка, якую яна выклала ў інтэрнэт. Яна граматны супрацоўнік, але я ня ведаю, чаму яна так напісала і выклала ў інтэрнэт у выходны дзень. Пакараньне будзе».
Сама Ларыса Рагоўская лічыць, што беларускую мову неабходна вывучаць.
«Я нават за тое, каб усе школы перавялі на беларускую мову і вывучалі нашу мову. І ня трэба яе гадзіць».