Галоўная » Пакуль дохнуць толькі жывёліны. На Магілёўшчыне працягвае працу небяспечны завод (відэа)

Пакуль дохнуць толькі жывёліны. На Магілёўшчыне працягвае працу небяспечны завод (відэа)

Летась увосень жыхары паселішча Вейна на Магілёўшчыне пачалі заўважаць дзіўны пыл, да таго ж з’явіўся непрыемны пах.

«Дачка выйшла пагуляць на вуліцу з маленькай унучкай і апранула белую куртку. Праз некаторы час яна кажа: «Мама, у мяне нейкія шматкі на куртцы!» Паглядзелі на снег, а ён увесь чорны», – узгадвае жыхарка Вейна Людміла Костусева.

Толькі праз некалькі дзён тутэйшыя даведаліся, што завод «Омск Карбон Магілёў» пачаў працу ў тэставым рэжыме. Да жылых дамоў – менш за кіламетр. Цяпер прадпрыемства часова не працуе, але ад ліпкае сажы – не пазбавіцца.

Адразу пасля запуску заводу ў Генадзя Волкава памерлі больш за семдзесят трусоў.

«Сталі падаць проста так. Ніякіх сімптомаў не было ні на пысе, ні на лапах, нідзе. Прыйдзеш з працы, усё… ляжыць, нічога не ведаеш» – распавядае спадар Генадзь.

Мясцовыя звязваюць падзеж жывёлы менавіта з выкідамі. Бо трусы загінулі ва ўсёй вёсцы адначасова. Людзі не разумеюць, як пры такім суседстве далей весці гаспадарку. Але вытворчасць забруджвае не толькі паветра, а і ваду.

«Усё ўпадае ў раку Навасельскую, там знаходзілася добрае возера, дзе мы ўвесь час купаліся з дзецьмі», – кажа жыхар Вейна Віктар Пруднікаў.

Цяпер санітарныя органы забаранілі купацца і вудзіць рыбу ў мясцовых вадаёмах. Бо забруджванне перавышае дапушчальныя нормы ў 600 разоў.

Мы трапілі на сустрэчу кіраўніцтва Магілёўскага раёну і заводу «Омск Карбон Магілёў» з жыхарамі Вейна. На звароты мясцовых чыноўнікі адказваюць, што экалагічная сітуацыя ў раёне нармалёвая. Са словаў чыноўнікаў, выкіды былі нязначныя, і надалей праца заводу на наваколле не паўплывае. Аднак людзі не вераць у гэткія гарантыі бяспекі.

Разам з мясцовы праваабаронцам Уладзімірам Краўчанкам мы накіраваліся бліжэй да заводу, каб пабачыць санітарную зону вакол прадпрыемства «Омск Карбон Магілёў».

«У санітарнай зоне 40% тэрыторыі павінна быць засаджана зялёнымі насаджэннямі, устойлівымі да хімічнага забруджвання. Гэтага зроблена не было. Пасадкі займаюць меней за 10% гэтай тэрыторыі», – сцвярджае спадар Краўчанка.

Таксама пры будаўніцтве заводу не зрабілі неабходных захадаў для зніжэння шкоднага ўплыву. Каб дабіцца кампенсацыі за нанесеную шкоду, жыхары пастанавілі падаць у суд на ўласнікаў і кіраўніцтва заводу. Але юрысты збіраюцца пайсці яшчэ далей і хочуць стварыцьназіральнуюкамісію, якая будзе кантраляваць дзейнасць цэнтраў кантролю за паветрам, выкідамі ў вадаёмы і ў зямлю хімічных рэчываў.

 

belsat.eu