На дзень 23 красавіка ў Беларусі зарэгістравалі 60 смерцяў ад каронавіруснай інфекцыі. Аднак у афіцыйныя лічбы Міністэрства аховы здароўя вераць не ўсе. Паводле крыніцаў «Белсату» ў медычных колах, дактароў просяць замест дыягназу «каронавірус» пісаць «пнеўманія», каб не псаваць статыстыкі. Гэтая сітуацыя закранула сям’ю 84-гадовай Зінаіды Кешынай. Родныя ўпэўненыя, што жыццё бабулі забраў COVID-19, але кіраўніцтва Клімавіцкай больніцы, дзе жанчына ляжала са снежня мінулага года, хавае праўду.
Зінаіда Кешына трапіла ў аддзяленне сястрынскага догляду Клімавіцкай больніцы летась у снежні. У шпіталь яе аддаў сын, з якім яна жыла ў Менску. Мужчына не мог апекавацца маці, таму вырашыў, што ў лякарні ёй будзе лепш. 8 красавіка яна памерла. Родныя падазраюць, што прычынаю стаў каронавірус, які спадарыня Зінаіда падхапіла ад суседкі па палаце. Тая памерла на два дні раней, хоць у больніцы гэты факт зняпраўджваюць. Belsat.eu выслухаў абодва бакі.
Унучка спадарыні Зінаіды, Юлія, якая цяпер жыве ў ЗША, пра смерць бабулі даведалася ад брата. Паводле знаёмых, якія працуюць у Клімавіцкай больніцы, ейная суседка памерла 6 красавіка ад каронавіруснай хваробы – тэст быў пазітыўны.
«Сама бабуля мне па тэлефоне сказала пра смерць суседкі. Дзівілася, што з той усё было ў парадку і так знянацку хутка памерла. Яна была маладзейшая, жвавая была, бегала па палатах», – кажа Юлія.
Спадарыня Зінаіда не мела адной нагі, якую калісьці таксама страціла ў гэтым шпіталі. Жанчына не выходзіла з палаты, аднак гэта не перашкаджала ёй весці актыўнае інтэлектуальнае жыццё, адзначае ўнучка:
«Яна шмат чытала, была пры сваім розуме, ні на што не скардзілася, была пасля аздараўленчай тэрапіі, дзе яе пракапалі. Мы размаўлялі ў суботу, панядзелак. Яна смяялася, гаварыла гучна. У сераду яна ўжо не гаварыла, толькі хрыпела ў трубку. Пасля нам сказалі, што яна хапала сябе за горла і паказвала, што не можа дыхаць, але ніхто нічога не зрабіў, не дапамог. Увечары яна памерла».
Цягам некалькіх дзён паміраюць дзве асобы, якія жылі ў адным пакоі
Калі спадарыню Зінаіду забіралі з моргу, знаёмы патолагаанатам папярэдзіў сваякоў: хаваць цела трэба ў закрытай труне, не праводзіць памінак, не заносіць у дом, не рабіць развітання. Гэтыя словы пацвярджае нявестка Зінаіды Кешынай, Таццяна:
«У вёсцы ўсе адно аднаго ведаюць. Нас па-чалавечы папярэдзілі. Вельмі мала людзей прыйшло развітацца. Баяліся, бо ведаюць прычыну смерці».
Таццяна таксама звяртае ўвагу на дзіўны збег акалічнасцяў – цягам некалькіх дзён паміраюць дзве асобы, якія жылі ў адным пакоі. У даведцы з лякарні, якую ў ЗАГСе мяняюць на пасведчанне аб смерці, напісалі, што Зінаіда Кешына памерла па месцы часовай рэгістрацыі – у кватэры сына ў Менску, а не ў Клімавіцкай больніцы:
«Я сама гэта бачыла. Галоўная лекарка сказала, што так заўсёды робяць, упісваюць месца прапіскі, але ж гэта лухта! У пасведчанні пазначаная прычына смерці 170.9 (атэрасклероз). Вядома, усё можна спісаць на нагу».
Спадарыня Таццяна збіралася забраць свякроў да сябе, але не паспела: у больніцы ўвялі каранцін. Жанчына падала скаргу ў пракуратуру Магілёўскай вобласці на неналежны дагляд і ненаданне медычнай дапамогі. Заяву перанакіравалі ў Міністэрства аховы здароўя.
«Ну памерла, а што, не паміраюць?»
«Белсат» звязаўся з больніцаю, у якой перабывала Зінаіда Кешына. Ніводзін з нашых суразмоўцаў не пацвердзіў, што суседка спадарыні Зінаіды і яна сама памерлі ад COVID-19. Галоўная доктарка Клімавіцкай цэнтральнай раённай больніцы Людміла Захаранка распавяла belsat.eu, што ў раёне афіцыйна не зарэгістравалі ніводнага выпадку інфікавання каронавірусам, таму ў шпіталі заразы напэўна няма:
«Адкуль у вас такая інфармацыя – пра каронавірус, пракуратуру? Можа, у нас і не адна асоба памерла. Я нават канкрэтна не ведаю, хто і калі там памёр. У аддзяленні сястрынскага дагляду ляжаць людзі сталага веку. У мяне пакуль на тэрыторыі не зарэгістраваныя выпадкі COVID-19. Тэстаў не рабілі, бо не было сімптаматыкі. Сваякі мяркуюць, што гэта каронавірус, кожны мае права думаць, што яму хочацца. У чалавека былі хранічныя хваробы. Калі б яна была заражаная, яна б тут не ляжала, у нас былі б усе захады бяспекі».
Словы галоўнай доктаркі ва ўнісон паўтараюць доктар аддзялення сястрынскага дагляду і медсястра Марыя, якая апякуецца пацыентамі:
«Яна была з адною нагой, мела два інфаркты. Ляжала ў тэрапеўтычным аддзяленні. Бабуля была адэкватная і харошая, яе любілі, але старэнькая. Ну памерла, а што, не паміраюць? У нас жа няма каронавіруса ні ў аддзяленні, ні ў больніцы, ні ў раёне. Мы ўсе здаровыя. А памерла яна ад сэрцава-судзіннай хваробы».
Сваякі зняпраўджваюць інфармацыю дактароў: у Зінаіды Кешынай не было інфарктаў, праблем з сэрцам і хранічных хваробаў.
Пасля зваротаў belsat.eu да кіраўніцтва Клімавіцкай ЦРБ спадарыні Таццяне тэлефанавала галоўная доктарка Людміла Захаранка і пытала, хто ёй паведаміў пра смерць ад каронавіруса. Паводле Людмілы Захаранкі, суседка Зінаіды Кешынай жывая.
Рэдакцыя belsat.eu дала магчымасць выказацца абодвум бакам. Калі кіраўніцтва Клімавіцкай ЦРБ не згоднае з пададзенай інфармацыяй і меркаваннем родных Зінаіды Кешынай, мы чакаем доказаў для зняпраўджання.
ДР/ДЗ belsat.eu